Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Статкевіч для мяне ніякі не канкурэнт


Валер Каліноўскі

Валер Каліноўскі

Карэспандэнт Радыё Свабода Валер Каліноўскі задаў прэзыдэнту пытаньне пра палітвязьня Міколу Статкевіча

Карэспандэнт Радыё Свабода Валер Каліноўскі задаў прэзыдэнту пытаньне пра палітвязьня Мікалая Статкевіча. Аляксандар Лукашэнка сказаў, што вызваленьне Статкевіча – не палітычнае пытаньне. Вызваліць палітвязьня Лукашэнка пагадзіўся толькі пры ўмове, што за гэта падпішуцца астатнія зьняволеныя, якія адбываюць пакараньне разам зь Мікалаем Статкевічам.

Валер Каліноўскі: Беларускія ўлады могуць палепшыць адносіны з Захадам, калі будуць вызваленыя палітвязьні, у тым ліку ваш былы канкурэнт Мікола Статкевіч?

Аляксандр Лукашэнка: Я магу адмахнуцца і сказаць, што шмат разоў адказваў. Але ня буду адмахвацца і казаць, што мяне гэта ня тычыцца. На Захадзе кажуць пра палітвязьняў. А я адказваю, што ў нас няма такога артыкула, паводле якога чалавек робіцца палітвязьнем. Ну, але калі хочуць, хай кажуць «палітвязень», я і сам так часам кажу. Але я ніколі не лічыў іх палітвязьнямі. Ёсьць закон, і ён для ўсіх. Таму праехалі.

Сёньня ўсе хочуць, апроч самога Статкевіча, напэўна, каб ён быў вызвалены. Я ніколі яго не баяўся. Чалавека меншага калібру, чым Статкевіч... Я не трымаю яго, каб выпусьціць перад выбарамі. Тут не пытаньне напісаньня памілаваньня. Галоўнае іншае – у калёніі ён не адзін, там яшчэ 500–800 чалавек. І яны таксама хочуць быць на свабодзе. Дык чаму я павінен вызваліць Статкевіча, а не Іванова і Пятрова?

Нядаўна я вяртаўся да гэтага пытаньня і падумаў вось што – калі б сама калёнія зьвярнулася, то я б выпусьціў Статкевіча. Таму што я не хачу выглядаць ідыётам перад іншымі асуджанымі. Бо тады я палову калёніі павінен выпусьціць. А я ня маю на гэта права.

Тут няма палітыкі. Я клянуся сваімі дзецьмі, што Статкевіч для мяне не палітык. Ён павёў на штурм людзей, у мяне ёсьць запіс перамоваў з Кіевам, калі яму прапаноўвалі ісьці і садзіцца ў крэсла прэм’ер-міністра. Але гэта мы праехалі. Ён не палітвязень. Ён зьдзейсьніў злачынства. Закон ёсьць закон, яго трэба выконваць. Які ён мне канкурэнт? Вось што запомнілася з тых выбараў пра Міколу Статкевіча? Злосны ашчэр і «плошча, плошча, плошча» – усё. Выбары прайшлі. Я яго не лічу палітычным канкурэнтам.

Валер Каліноўскі: Ці лічыце вы, што нехта захоча балятавацца ў гэтым годзе?

Аляксандар Лукашэнка: Толькі Статкевіч у турме, іншыя на волі. Хай балятуюцца. Балятуйцеся. Але калі будзеце ламаць дзьверы, то будзеце сядзець. Я вам гарантую бясьпеку на выбарах, толькі не ламайце і не забівайце. А калі вырашаць ізноў такім чынам, то будуць сядзець. Мы ж ведаем, хто і за што грошы заплаціў. Я ведаю, чаго ад вас патрабавалі – Майдана ў Беларусі. Я гэта ведаў і ня мог гэтага дапусьціць. Вы пайшлі на штурм Дому ўраду. Але ня вельмі ж там і пабілі. Да вечара палову затрыманых адпусьцілі. Да раніцы засталося 30 баевікоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG