Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нелагоднае цяля» Эўразьвязу


Некалі палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі, характарызуючы палітыку балянсаваньня беларускай улады паміж Усходам і Захадам, дасьціпна абыграў прымаўку «лагоднае цяля двух матак сьсе». Паводле Класкоўскага, Аляксандар Лукашэнка «зрабіў вялікае адкрыцьцё — што цяляці пры гэтым неабавязкова быць лагодным».

Скандал як дэбют грэцкага ўраду

Сёньняшні скандал, які разгарэўся ў Эўропе з прычыны дэзавуяваньня ўрадам Грэцыі супольнай заявы Эўразьвязу, паказвае, што падобныя адкрыцьці — зусім не прэрагатыва беларускага кіраўніка. Нагадаю каротка канву падзеяў.

У першы ж дзень свайго кіраваньня новаабраны ўрад Грэцыі аспрэчыў заяву Эўрапейскага Зьвязу з асуджэньнем палітыкі Расеі ва Ўкраіне і прапановай разгледзець новыя санкцыі адносна Масквы. Паводле камюніке грэцкага ўраду, заява не была ўзгодненая з афіцыйнымі Атэнамі.

Аналіз паведамленьняў інфармацыйных агенцтваў схіляе да думкі, што на скандал новыя грэцкія ўлады пайшлі абсалютна сьвядома. Офіс прэзыдэнта Эўрапейскай Рады Дональда Туска, які рыхтаваў заяву, паведаміў, што дасылаў праект дакумэнту ў Атэны і не атрымаў адтуль ніякіх пярэчаньняў. Агенцтва Bloomberg выказвае меркаваньне, што не атрымаўшы пярэчаньняў, у Брусэлі вырашылі, што «маўчаньне — знак згоды».

Цяжка сказаць, як бы разгортваліся падзеі, калі б грэкі заявілі свае пярэчаньні кулюарна, на этапе выпрацоўкі і ўзгадненьня дакумэнта. Але падчас кулюарных перамоваў магчымасьцяў пераконваць (і ціснуць) на грэцкі ўрад у яго эўрапейскіх партнэраў было б значна больш. Парадаксальным чынам публічны скандал да пэўнай ступені абараняе кабінэт Алексіса Цыпраса ад ціску.

Новыпрэм'ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас
Новыпрэм'ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас

Некаторыя экспэрты выказвалі меркаваньне, што новыя грэцкія ўлады ня будуць упарціцца ў сваіх поглядах на зьнешнюю палітыку, бо яны надта ўжо залежныя ад добрай волі «грандаў» Эўразьвязу ў пытаньнях ўратаваньня грэцкай эканомікі ад поўнай катастрофы.

Між тым такі погляд, фармальна не пазбаўлены рацыі, ня ўлічвае спэцыфічнасьці палітыкі як роду чалавечай дзейнасьці. І параўнаньне з Беларусьсю, з Лукашэнкам тут вельмі дарэчнае.

Чаму Пуцін ня «зьеў» Лукашэнку?

Падчас шматлікіх канфліктаў Лукашэнкі з Крамлём некаторыя са страхам, некаторыя з надзеяй меркавалі: Беларусь жа цалкам залежная ад Расеі, цяпер Лукашэнка нарвецца, Пуціну (а раней Ельцыну) дастаткова ж толькі пальцам паварушыць... Можа, і сапраўды дастаткова. Але гады ідуць, а паварушыць неяк не атрымліваецца.

Чаму? Напэўна таму, што залежнасьць узаемная. Расея, зразумела, ня надта залежыць ад Беларусі эканамічна, але ёсьць залежнасьць ідэалягічная і палітычная, залежнасьць ад няпэўнасьці, якую Масква можа спарадзіць у Беларусі сваімі дзеяньнямі. А раптам вынікам «варушэньня пальцам» стануць забурэньні ў Беларусі, а раптам зьмена ўлады невядома на каго, а раптам Лукашэнка паверне на Захад? Не, на думку стратэгаў «канапных войскаў» магутная Масква ўсе гэта можа кантраляваць і на раз вырашыць, пры патрэбе даслаўшы «ветлівых людзей». Але ў рэальнасьці нечаканасьцяў у жыцьці поўна, і пераважная большасьць вытанчаных шматхадовых камбінацый «гараць сінім полымем» ужо на другім ходзе.

На пустой шашы двое гоняць машыны лоб у лоб. Хто першы адвярнуў — той слабак, хто не адвярнуў — герой. А калі абодва не адвярнулі? Тады абодва героі. Пасьмяротна.

З прычыны гэтай узаемнай залежнасьці вынік узаемадзеяньня вызначаецца не аб’ектыўнымі парамэтрамі, а воляй, характарам, палітычным майстэрствам партнэраў-супернікаў.

Chicken’s game у Эўразійскім і Эўрапейскім саюзах

Ужо даводзілася пісаць пра Chicken’s game з тэорыі гульняў, як пра мадэль палітычнага двубою. Звычайна паміж праціўнікамі, але часам і паміж саюзьнікамі.

На пустой шашы двое гоняць машыны лоб у лоб. Хто першы адвярнуў — той сhicken, слабак, кураня, хто не адвярнуў — той герой. Ну, а калі абодва не адвярнулі? Тады абодва героі. Пасьмяротна.

Так, Грэцыя вельмі залежная ад шчодрасьці Эўропы, калі эўрапейскія падарункі не працягнуць рэгулярна паступаць у Атэны, праз пару месяцаў экспэрты абяцаюць Грэцыі дэфолт. А хіба Эўропа, тая ж Нямеччына, не залежныя ад Грэцыі? Так, Грэцыя вінная велізарныя сумы. Але каму? Ды астатнім краінам Эўропы, іх банкам і вінная. У выпадку, калі ўпартасьць Цыпраса сутыкнецца з такой жа ўпартасьцю партнэраў-саюзьнікаў, Грэцыя, можа, і лясьнецца. А саюзьнікі — не?

Ёсьць да таго ж і ідэалягічныя меркаваньні: існуе грандыёзны эўрапейскі праект, які ўжо колькі дзесяцігодзьдзяў ідзе толькі наперад, колькасьць зорак на сінім сьцягу толькі расьце. А калі раптам пойдзе назад, а калі выпадзе хаця б адна зорка, і не якая-небудзь, а зорка краіны — калыскі сучаснай Эўропы, краіны Салёна і Сакрата, Арыстоцеля і Дэмасфэна? Ці не спародзіць гэта эфэкт даміно, ці не пачне сыпацца ўся канструкцыя саюзу?

Ды быць такога ня можа, ды самі грэкі таго ня хочуць. Ну, напэўна, малаімаверна, але палітыкі ня могуць ня ўлічваць такія рызыкі. І сытуацыя кіраўнікоў Эўразьвязу, пры ўсёй іх адрознасьці ад гаспадароў Крамля, у падобных канфліктах нагадвае становішча іх расейскіх калегаў. Слабы партнэр часам можа прымушаць больш моцнага лічыцца з сабой. Нехта назаве гэта шантажом, але ня ў словах справа.

Да таго ж Алексіс Цыпрас і не казаў жа, што пойдзе да канца, што будзе блякаваць рашэньні ЭЗ па Расеі любой цаной. Спарадзіўшы скандал, ён паказаў зубы, паказаў, што адзінства Эўропы мае цану, і цану гэтую павінны плаціць яму.

Як выйграваць у Chicken’s game?

У Chicken’s game дэманстрацыя адсутнасьці «даху» — часам самая рацыянальная і эфэктыўная стратэгія. Неахвота зьвязвацца з псыхам — ну, дык саступайце, адварочвайце стырно. А псых можа не такі і псых, ён можа і сам меў намер адвярнуць, але празь імгненьне пасьля таго, як гэта зрабіў яго больш слабанэрвовы партнэр па гульні.

Спарадзіўшы скандал, Алексіс Цыпрас паказаў, што адзінства Эўропы мае цану, і цану гэтую павінны плаціць яму.

У такія гульні з Масквой Лукашэнка гуляе гадамі, і, у прынцыпе, з посьпехам. З такой гульні, найперш з Ангэлай Мэркэль, вырашыў пачаць сваё прэм’ерскае служэньне новы грэцкі прэм’ер. І насамрэч невідавочна, што такімі правакацыямі і шантажом ён пагаршае пазыцыі сваёй краіны на перамовах з кіраўніцтвам ЭЗ па больш важных для яго краіны эканамічных праблемах.

Эўропа і спадарыня Мэркэль у прыватнасьці — не такія далікатныя, як часам здаецца звонку. Палітыка — гэта наагул справа жорсткіх людзей.

Ну, дык а што ж адбудзецца 29 студзеня на нарадзе міністраў замежных справаў краінаў ЭЗ, ці працягне новы ўрад Грэцыі сваю палітыку скандалаў і там? Цалкам магчыма. І нават, хутчэй за ўсё, так і будзе. Заяўляць пра сваю асобную пазыцыю ў сераду і здаць яе ў чацьвер — гэта неяк не ўпрыгожвае вобраз мача, які, гледзячы па ўсім, абраў сабе Алексіс Цыпрас.

Моц Эўропы — ня ў тым, што яна пазьбягала крызісаў і канфліктаў, а ў тым, што яна ўмела знаходзіць шляхі іх вырашэньня.

Аднак гэта не азначае, што ён гатовы душу пакласьці за Расею, што будзе абараняць яе і заўтра, і праз тыдзень, і праз год любой цаной. Ёсьць імавернасьць, што і будзе, часам у Chicken’s game гуляюць людзі сапраўды бяз «даху». Але больш праўдападобным падаецца, што «дыпляматыя скандалу», якой ён аддаў перавагу — гэта проста спосаб гандлю, перамоваў, калі заўгодна.

«Няма нічога новага пад сонейкам...»

Шматгадовы досьвед Эўразьвязу і шматвяковы — Эўропы як такой, паказвае, што яна і не такіх абломвала. Але варта прызнаць, што крызіс, зь якога Эўразьвяз так і ня выбраўся пасьля 2009 году, мае шмат вымярэньняў. Гэта ня толькі чыста эканамічны крызіс, гэта і крызіс эўрапейскай ідэнтычнасьці. Працэдура кансэнсусу пры прыняцьці важных рашэньняў грунтавалася на дапушчэньні аб адзінай сыстэме каштоўнасьцяў усіх дзяржаваў-чальцоў. Але гэтае адзінства ня дадзенае назаўжды, яно ўсталёўваецца праз узаемадзеяньне, часам даволі жорсткае.

Моц Эўропы — ня ў тым, што яна пазьбягала крызісаў і канфліктаў, а ў тым, што яна ўмела знаходзіць шляхі іх вырашэньня. Ну, а ў Chicken’s game палітыкі будуць працягваць гуляць, як гулялі адвеку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG