Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз працягне санкцыі супраць Расеі да сьнежня


Паводле праекту заявы міністраў замежных справаў краінаў Эўразьвязу, санкцыі ў дачыненьні да Расеі працягнуць на паўгода, паведамляе агенцтва Reuters з Брусэлю.

У заяве гаворыцца пра замарожваньне актываў і забарону паездак для расейцаў, прарасейскіх сэпаратыстаў, а таксама расейскіх прадпрыемстваў у сувязі з анэксіяй Расеяй Крыму летась у сакавіку.

Пазачарговае пасяджэньне кіраўнікоў МЗС прызначылі на заўтра ў сувязі з новым наступам прарасейскіх сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. Кіеў заяўляе, што 30 цывільных асобаў былі забітыя ў суботу пры абстрэле прарасейскімі сэпаратыстамі ўкраінскага порта Марыюпаль.

У праекце, які паступіў у распараджэньне Reuters гаворыцца, што «ў сувязі з пагаршэньнем сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны Эўрапейская Рада пагадзілася працягнуць санкцыі да сьнежня».

Дакумэнт таксама заклікае эўрапейскіх чыноўнікаў прапанаваць «дадатковы сьпіс» санкцый цягам тыдня.

Пашырэньне і любыя новыя санкцыі скіраваныя на забесьпячэньне «хуткага і поўнага выкананьня менскіх пагадненьняў, падпісаных прадстаўнікамі Ўкраіны, Расеі і сэпаратыстаў летась у верасьні і скіраваных на спыненьне вайсковых дзеяньняў».

У ранейшай вэрсіі дакумэнту паведамлялася, што санкцыі працягнуць да верасьня.

XS
SM
MD
LG