Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грэцыя можа разбурыць супольную палітыку ЭЗ адносна Расеі


Новы ўрад Грэцыі паставіў пад сумнеў пэрспэктыву ўвядзеньня новых санкцый адносна Расеі. Падрабязнасьці — у паведамленьні агенцтва Bloomberg.

Новы прэм’ер Грэцыі Алексіс Цыпрас выказаў сёньня свае пярэчаньні наконт заявы, выдадзенай ад імя Эўрапейскага Зьвязу прэзыдэнтам Эўрапейскай Рады Дональдам Тускам. У заяве Туска рэзка крытыкуюцца апошнія крокі Масквы ва Ўкраіне і гаворыцца пра магчымасьць новых, больш жорсткіх санкцый адносна Расеі. Старшыня грэцкага ўраду заявіў, што Атэны нязгодныя з такімі ацэнкамі і такім падыходам і падкрэсьліў, што з Грэцыяй гэтую заяву не ўзгаднілі.

Калі рыторыка новага грэцкага ўраду будзе адпавядаць яго рэальнай палітыцы, новы міністар замежных спраў Грэцыі Нікас Кадзыяс можа заблякаваць узмацненьне санкцыяў адносна Расеі на нарадзе кіраўнікоў МЗС краінаў ЭЗ, якая адбудзецца ў чацьвер у Брусэлі.

Увядзеньне новых санкцыяў патрабуе кансэнсусу сярод 28 краінаў Зьвязу. Грэцкае вэта на рашэньне аб санкцыях можа ўскладніць рэалізацыю праграмы эўрапейскай дапамогі Грэцыі. Гэта таксама паглыбіць супярэчнасьці паміж новымі грэцкімі ўладамі і канцлерам Нямеччыны Ангэлай Мэркэль, якая выступае за ўзмацненьне ціску на Расею ва ўмовах эскаляцыі гвалту на ўсходзе Ўкраіны.

Крытык «Салідарнасьці» супраць «салідарнасьцёўца»

Новы кіраўнік МЗС Грэцыі Нікас Кадзыяс — прафэсар паліталёгіі, былы член кампартыі, выступае за больш шчыльныя сувязі Грэцыі з Расеяй і супраць нямецкага дамінаваньня ў Эўропы. У 80-х гадох ён ухваляў рэпрэсіі камуністычнага ўраду Польшчы супраць руху «Салідарнасьць».

На цырымоніі ўступленьня на пасаду ў міністэрстве прафэсар Коцыяс заявіў: «Памыляецца той, хто думае, што з прычыны фінансавага доўгу Грэцыя адмовіцца ад сувэрэнітэту і яго актыўнай абароны ў эўрапейскай палітыцы. Мы хочам быць грэкамі, патрыётамі, эўрапейцамі і інтэрнацыяналістамі».

Прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Дональд Туск заяўляе, што ў сваёй заяве ад 28 студзеня выступаў ад імя ўсіх краінаў Зьвязу. Пярэчаньняў з боку ніводнага ўраду краінаў ЭЗ выказана не было, што паводле практыкі міжнароднай бюракратыі па змаўчаньні разглядаецца, як згода.

Агенцтва Bloomberg адзначае, што Дональд Туск пачынаў свой палітычны шлях у шэрагах антыкамуністычнага руху «Салідарнасьць». Так што ягонае ідэалягічнае супрацьстаяньне з былымі камуністамі з Сірызы мае даўнія і глыбокія гістарычныя карані.

У чацьвер у Брусэлі міністры замежных спраў краінаў ЭЗ разгледзяць пытаньне аб пашырэньні «чорнага сьпісу» расейскіх урадоўцаў і бізнэсоўцаў, якіх абвінавачваюць у дэстабілізацыі Украіны. Новыя санкцыі адносна Расеі стануць таксама тэмай саміту ЭЗ, які адбудзецца 12 лютага.

Прызначэньне Туска на пасаду прэзыдэнта Эўрапейскай Рады разглядалася многімі як контрбалянс прызначэньню кіраўніцай зьнешняй палітыкі Зьвязу Фрэдэрыкі Магерыні. Некаторыя краіны Ўсходняй Эўропы лічаць яе пазыцыю адносна Расеі занадта мяккай.

Палітыка і эканоміка новага ўраду Грэцыі

Сёньня на пасаду міністра фінансаў Грэцыі заступіць эканаміст Яніс Варуфакіс, які выступаў за дэфолт Грэцыі па пазыковых абавязацельствах краіны, аднак пры гэтым за захаваньне краіны ў зоне эўра.

Нямеччына патрабуе ад новага ўраду Грэцыі больш жорсткай бюджэтнай палітыкі, што прадугледжана праграмай дапамогі гэтай краіне, якая складае 240 мільярдаў эўра. Цяперашні ўрад дэкляруе адваротны падыход.

На думку экспэртаў новая грэцкая ўлада гатовая на радыкальныя крокі ў эканамічнай палітыцы, пра што сьведчыць яе зьнешнепалітычны радыкалізм.

«Першапачатковыя рашэньня Цыпраса накіраваныя на адмову ад эўра — мяркуе Луіс Гарыкана, прафэсар эканомікі ў Лёнданскай школе эканомікі. — Калі б ён хацеў дамаўляцца, ён бы не выступаў зараз супраць санкцый у дачыненьні да Расеі».

Прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін разглядае новы ўрад у Атэнах як свайго саюзьніка ў Эўразьвязе, у віншавальнай тэлеграме Алексісу Цыпрасу пасьля перамогі на выбарах Пуцін пажадаў яму посьпеху «ў цяжкіх умовах».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG