Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША дае Ўкраіне крэдытныя гарантыі памерам $2 млрд


Урад ЗША выдзеліў Украіне крэдытныя гарантыі памерам 2 мільярды даляраў, каб дапамагчы Кіеву зь фінансаваньнем сацыяльных выдаткаў. Адпаведнае пагадненьне ў Кіеве падпісалі міністры фінансаў Украіны і ЗША Натальля Ярэська і Джэк Лью.

Пасьля падпісаньня дэклярацыі Джэк Лью заявіў, што ЗША гатовыя ў выпадку неабходнасьці пашырыць санкцыі ў дачыненьні да Расеі. У студзені Эўразьвяз узгадніў выдзяленьне Ўкраіне крэдыту памерам 1 мільярд 800 тысяч эўра.

Напярэдадні прэзыдэнт ЗША Барак Абама і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель абмеркавалі па тэлефоне важнасьць чым хутчэйшага завяршэньня падрыхтоўкі «важнага пакета фінансавай дапамогі» Ўкраіне. Лідэры дзьвюх краінаў выказалі занепакоенасьць у сувязі з эскаляцыяй гвалту на ўсходзе Ўкраіны.

Як адзначаецца ў паведамленьні Белага дому, Абама і Мэркель пагадзіліся з тым, што Расея павінна несьці адказнасьць за падтрымку сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны і невыкананьне сваіх абавязаньняў у рамках менскіх дамоўленасьцяў.

У аўторак кіраўнікі краінаў-чальцоў Эўразьвязу далі ўказаньне кіраўнікам МЗС разгледзець магчымасьць увядзеньня новых санкцый супраць Расеі.

XS
SM
MD
LG