Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратыя па-сьветлагорску: райвыканкам ня ведаў, куды выпраўляў інваліда на пікет


Юры Ляшэнка, Сьветлагорск

Юры Ляшэнка, Сьветлагорск

Судзьдзя Сьветлагорскага раённага суду Ўладзімер Сьцяпанаў адхіліў пазоў да райвыканкаму грамадзкага актывіста, інваліда I групы Юрыя Ляшэнкі на забарону пікету на цэнтральнай плошчы.

Пры гэтым патлумачыў: у замове Ляшэнка не пазначыў, што пікет будзе праводзіць не бліжэй чым за 50 мэтраў ад выканкаму — як таго патрабуе заканадаўства.

Для адказчыкаў — намесьніка старшыні райвыканкаму Сяргея Мяркулава і юрысткі Натальлі Нічыпарэнкі — было ў навіну чуць на судзе ад інваліда, што «сцэнічнай пляцоўкі ў парку культуры і адпачынку» на ўскрайку гораду, куды выканкам выпраўляе мітынгаваць усіх заяўнікаў пікетаў і мітынгаў, наагул не існуе. Тым ня менш якраз гэтую неіснуючую «сцэнічную пляцоўку ў парку культуры і адпачынку» райвыканкам сваім рашэньнем вызначыў як адзінае месца, дзе сьветлагорцы могуць праводзіць масавыя мерапрыемствы, каб публічна выказваць сваё стаўленьне да тых ці іншых праблемаў.

Інваліда Ляшэнку, які хацеў прыцягнуць увагу грамадзкасьці да праблемаў людзей з абмежаванымі магчымасьцямі пры рамонце дома на вуліцы Леніна, 10 і напісаў адпаведную заяву на дазвол, райвыканкам таксама адпраўляў ладзіць пікет на згаданую «сцэнічную пляцоўку». Аднак 25 лістапада Юры выехаў на сваім інвалідным вазку на плошчу перад райвыканкамам. Не пасьпеў ён разгарнуць плякат «Стоп беззаконьне», як прымчала хуткая мэдычная дапамога і адвезла інваліда ў шпіталь. Там яму зрабілі некалькі ўколаў, пасьля чаго міліцыянты склалі адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 23.34 КаАП — парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавага мерапрыемства. Інваліда праз суд аштрафавалі на 2 базавыя велічыні.

У тым жа раённым судзе Юры Ляшэнка й спрабаваў абскардзіць рашэньне райвыканкаму на забарону пікету на плошчы. І хоць падчас разбору высьветлілася, што выканкам, нібы на зьдзек, выпраўляў людзей ладзіць пікеты на неіснуючую «сцэнічную пляцоўку ў парку культуры і адпачынку», суд адхіліў прэтэнзіі інваліда.

«Наступным разам я з камунальнікамі рулеткай адмераю 51 мэтар ад выканкаму — і буду зноў замаўляць пікет на плошчы. Думаю, што так будуць паступаць актывісты і ў іншых гарадах, калі зьбяруцца прасіць дазвол на правядзеньне масавага мерапрыемства. Усё-ткі суд вызначыўся: пікет на плошчы можна праводзіць, але не бліжэй як за 50 мэтраў ад адміністрацыйных будынкаў і розных установаў», — кажа сьветлагорскі інвалід Ляшэнка.

XS
SM
MD
LG