Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Дайнека: Галоўнае для нас — нацыянальны аптымізм


Леанід Данека

Леанід Данека

75 гадоў споўнілася Леаніду Дайнеку — аўтару адзінаццаці гістарычных раманаў, сярод якіх «Меч князя Вячкі», «Назаві сына Канстанцінам», «Сьлед ваўкалака», які ў 1990 годзе быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй імя Кастуся Каліноўскага.

Сёньня пісьменьнік — госьцем перадачы.

— Спадар Леанід, найперш віншую вас зь юбілеем! Адзінаццаць раманаў — як для нашага часу многа. А якое ваша стаўленьне, напрыклад, да Юзафа Крашэўскага, які напісаў шэсьцьсот раманаў і аповесьцяў, ці да Бальзака, чыя «Чалавечая камэдыя» складаецца зь дзевяноста шасьці тамоў?

— Дзякуй за віншаваньне. Ад такой паважнай арганізацыі як Радыё Свабода мне вельмі прыемна яго чуць. Да пладавітых пісьменьнікаў я адношуся станоўча. Калі ты адчуваеш сябе пісьменьнікам, ты павінен пісаць шмат. І ў наш час ёсьць нямала пладавітых літаратараў — аўтараў пераважна «жаночых» ці «міліцэйскіх» раманаў. Добры пісьменьнік, паўтаруся, каб напоўніцу аддаць людзям усе свае веды, выкласьці свой тэмпэрамэнт, павінен пісаць шмат. Як каласоў у полі, так і добрых твораў у пісьменьніка павінна быць многа. Праўда, я лічу пісьменьнікамі толькі раманістаў, бо толькі раман, на мой погляд, гэта вышэйшая канцэнтрацыя літаратуры, яе вышэйшае ўвасабленьне. Я на баку тых, хто шмат напісаў, і сам стараюся пісаць як мага часьцей. Напісаў адзінаццаць раманаў, у задуме — яшчэ некалькі. Я паралельна іх задумваю і часам паралельна пішу. Стараюся пісаць штодня, тым больш я цяпер на пэнсіі. Для мяне ўлюбёная праца — пісаньне. Я даўно пераключыўся толькі на раманы, зрэдку пішу вершы і празаічныя карацелькі, якія называю герадоцінкамі — у гонар бацькі гісторыі Герадота.

— Сярод вашых герояў — Усяслаў Чарадзей, Канстанцін Астроскі, Язафат Кунцэвіч, напаўлегендарны князь Вячка. Хто зь іх найбольш блізкі вам не як пісьменьніку, а як чалавеку, як беларусу?

— Як чалавеку, як ліцьвіна-беларусу (я так сябе называю), мне найбольш блізкі гетман Вялікага Княства Літоўскага Канстанцін Астроскі, які

Нават прырода падказвае нашаму народу, у якім кірунку рухацца, а нас ізноў спрабуюць разьвярнуць на ўсход

зь мячом у руцэ спыніў навалу з усходу. Наша тагачасная дзяржава ВКЛ апынулася перад сьмяротнай небясьпекай — на нас ішла Масква, ішлі маскавіты, як яны кажуць, браць свае дзедзічныя землі. І вось Астроскі разграміў іх пад Воршай на Крапівенскім полі. Летась мы адзначалі 500-я ўгодкі гэтай славутай перамогі. Бітва пад Воршай і сёньня працягваецца, і я ня ведаю, калі яна спыніцца. Мы, беларусы, — народ эўрапейскі. Усе нашы рэкі цякуць у Атлянтычны акіян, гэта значыць — у Эўропу. Тыя ж Нёман, Дзьвіна-Рубон, Дняпро. Нават прырода падказвае нашаму народу, у якім кірунку рухацца, а нас ізноў спрабуюць разьвярнуць на ўсход. Для нашага народу цяпер самае галоўнае — захаваць нацыянальны аптымізм, зьберагчы нацыянальную энэргію. Ня трэба думаць, што нас мала, што мы бедныя і няшчасныя. Нас дастаткова, нас шмат, нас ажно 10 мільёнаў! Шатляндцаў, напрыклад, усяго 3 мільёны. Мы, беларусы, маем сваю дзяржаву. Зірніце на эўрапейскую мапу — да гэтай пары ня маюць сваёй дзяржаўнасьці шатляндцы, валійцы, каталёнцы, баскі, карсіканцы, гагаузы і г.д. А мы стварылі сваю дзяржаву, і наша задача — захаваць яе. Мы адказныя за яе перад памяцьцю продкаў, перад будучымі пакаленьнямі.

— Днямі на сайце Міністэрства абароны зьявілася інструкцыя, з каго беларускія вайскоўцы павінны браць прыклад. Сярод такіх герояў — Усяслаў Чарадзей і Астроскі. Вы верыце, што патрыятычнае выхаваньне ў нашым войску стане ўрэшце на беларускія рэйкі?

— Я веру ў гэта. Я таксама зь вялікім задавальненьнем прачытаў, што нарэшце войска зьверне ўвагу на Астроскага, Усяслава Чарадзея і Тадэвуша Касьцюшку. Шкада, там няма Кастуся Каліноўскага... Думаю, не за гарамі той час, калі беларуская мова запануе ў нашым войску, і загады будуць аддавацца па-беларуску.

— А на палітзанятках будуць вывучацца вашы раманы «Сьлед ваўкалака» і «Назаві сына Канстанцінам».

— Дай Бог. Калі я не дажыву, то да мяне на нябёсах дойдуць чуткі, што недзе ў далёкай казарме салдаты на чале з палітруком чыталі мой раман і хвалілі (сьмяецца). Гэта будзе мне вельмі прыемна. Я зь нябёсаў загрымлю громам і блісну маланкай — падам сыгнал.

— Новапрызначаны міністар адукацыі Міхаіл Жураўкоў заявіў нядаўна пра неабходнасьць вывучэньня геаграфіі і гісторыі па-беларуску. Падобныя заявы гучалі і раней, але воз — ні зь месца. Навошта ўвогуле зноў узьнятая гэтая тэма?

— Такія заявы гучыць на патрэбу палітычнага моманту. Мы ўсе ведаем, да чаго рыхтуецца наша краіна — да выбараў. Але гісторыю і геаграфію (і ня толькі гэтыя прадметы) дзеці павінны вывучаць на роднай мове. Я сам вывучаў іх на беларускай мове, і мне гэта было вельмі блізка. Памятаю, як у падручніку гісторыі апісвалася бітва з туркамі. Румянцаў, кіраўнік расейскага войска, выскачыў наперад са шпагай у руках і, зьвяртаючыся да салдат, крыкнуў: «Хлопцы, за мной!». Мяне тады зьдзівіла, што кацярынінскі генэрал мог крычаць «хлопцы». Гэта запомнілася.

Леанід Дайнека з жонкай і паплечніцай Зінаідай

Леанід Дайнека з жонкай і паплечніцай Зінаідай

— Вы напісалі раман «Той, каго ўдарылі па шчацэ» — пра Язафата Кунцэвіча, якога ўніяцкая царква вызнае за сьвятога. А Жыровіцкі манастыр, што належыць РПЦ, шматтысячным накладам выдае і распаўсюджвае антыўніяцкія ўлёткі. Ці варта праваслаўнай царкве так баяцца ўніяцкай, якая ў Беларусі нешматлікая?

— Усе мае продкі былі ўніятамі. Я гэты раман напісаў, каб аднавіць у памяці народу ўніяцкую царкву, якая захавала ў свой час і беларускую мову ў казанях, і гісторыю, і паказвала шлях беларусам у Эўропу. Чаго ня скажаш пра царкву праваслаўную. Дарэчы, Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павал прызнаўся, што ня ведае беларускай мовы. Як можа духоўны пастыр, жывучы ў Беларусі, ня ведаць мовы тытульнай нацыі? Трэба было за тры ночы вывучыць! Усё ж беларусам неабходна мець

Як можа духоўны пастыр, жывучы ў Беларусі, ня ведаць мовы тытульнай нацыі?

сваю беларускую аўтакефальную царкву. Мы ж у свой час праваслаўе прымалі не ад Масквы. Калі мы прымалі праваслаўе, яе яшчэ на сьвеце не было. На месцы Масквы тады яшчэ бегалі шэрыя курапаткі і вецер пыл ганяў. А сёньня расейцы навучаюць, кім нам быць — праваслаўнымі, каталікамі ці ўніятамі. Наш народ — хрысьціянскі, і гэта галоўнае. Барацьба РПЦ супраць уніяцкай царквы — гэта імкненьне ўнесьці раскол. Беларусам раскол у хрысьціянскім жыцьці не патрэбен. Нам трэба жыць мірна. Я супраць таго, каб антыўніяцкія настроі будзіліся ў грамадзтве. Гэта нам не на карысьць.

— Вы самі сябе называеце ліцьвіна-беларусам. Цяпер у сацыяльных сетках даволі папулярная ідэя перайменаваньня Беларусі ў Літву. Як вы да гэтага ставіцеся?

— У рамане «Назаві сына Канстанцінам» я выкарыстоўваю назву Ліцьвінія. Я ліцьвін — мая краіна Ліцьвінія, я румын — мая краіна Румынія. Беларусь — гэта штучная назва. У мяне нават верш ёсьць: «Тут вочы шэрыя, тут вочы сінія, / і шум лясоў, і бляск дажджоў, / адна такая ты, зямля Ліцьвінія, / я за цябе душу аддаць гатоў». Што да перайменаваньня... Усё ж хай пакуль застаеццца Беларусь. Ня «Белая Русь», не «Белоруссія», а Беларусь — адным словам, адным выдыхам, адным крыкам. Як пісаў Янка Купала: «Гэта крык, што жыве Беларусь». Хай будзе назва Беларусь, а час пакажа.

— Мы сёньня жывем пад штодзённым інфармацыйным абстрэлам расейскіх СМІ. Прыбалтыка і Ўкраіна цалкам ці часткова адключаюць маскоўскія тэлеканалы. Ці ня варта тое самае зрабіць і Беларусі?

— Я лічу, што варта. У сувязі з апошнімі падзеямі ва Ўкраіне, з вайной у Данбасе я проста не магу глядзець расейскі тэлеканал, якім кіруе пан Кісялёў. «Эўраньюс» і ўкраінскія каналы паказваюць адно, а ён гоніць сваё — «бандэраўцы, бандыты, фашысты». Так жа нельга. Украінцы — брацкі народ, трэба ўспомніць пра гэта і не нагнятаць варажнечы. Чаму Ўкраіна павінна саступіць сэпаратыстам частку сваёй тэрыторыі? Калі гэта Данбас быў Наваросіяй? Гляньце на геаграфічную мапу — дзе Наварасійск? На Каўкаскім узьбярэжжы. А тут стварылі нейкую «Наваросію» ў Данбасе, столькі зла наварочалі. У Данбасе казакі запароскія жылі і чумакі, якія з Крыму вазілі соль, гэта ж усе — украінамоўныя людзі. Таму і Данбас — украінская зямля. Я ўпэўнены, што большасьць людзей на Данеччыне душою горнуцца да Кіева, але сёньня яны жывуць пад дуламі аўтаматаў.

— Вернемся да вашай тэзы пра нацыянальны аптымізм. Вы доўгі час жылі ў адным доме з Васілём Быкавым, які якраз не вызначаўся нацыянальным аптымізмам. У многіх у памяці яго словы пра тое, што беларусы спазьніліся на свой гістарычны цягнік. А на вашу думку, наш цягнік сапраўды стаіць перад тупіком, ці яшчэ выедзе на сваю далёкасяжную магістраль?

— Я і сёньня жыву ў тым самым доме, дзе жыў Васіль Уладзіміравіч, на вуліцы Максіма Танка. Я жыву тут, а ён ужо на нябёсах, у славе. На маю

Я заўсёды разумеў, што СССР – гэта народы, сабраныя ў адзін мяшок

думку, мы нікуды не спазьніліся. Паглядзіце, колькі пакаленьняў курды, саракамільённы народ, дамагаюцца сваёй дзяржаўнасьці. А мы яе маем. Дык чаму мы спазьніліся? Кожны народ прыходзіць і сыходзіць у свой час. Як людзі нараджаюцца, так і народы нараджаюцца. Няма закасьцянелых народаў. Распадаюцца імпэрыі, і паўстаюць народы. На руінах Рымскай імпэрыі паўсталі румыны, італьянцы, гішпанцы. Так што і беларусы ніякім чынам не спазьніліся. У нас ёсьць свая дзяржава, свая дзяржаўная сымболіка, свая мова. Ужо дваццаць чатыры гады мы ня ведаем, што такое Савецкі Саюз. Па ім у мяне няма настальгіі, хоць я там пражыў 51 год. Я заўсёды разумеў, што СССР — гэта народы, сабраныя ў адзін мяшок. Імпэрыі паміраюць — народы жывуць, толькі так.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG