Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арт Сядзіба стварае ўласную школу, у якой навучыць ладзіць Дні вышыванкі


Удзельнікаў школы будуць вучыць арганізоўваць імпрэзы, рэалізоўваць культурніцкія ідэі і працаваць з мэдыямі. Выкладаць у «Школе Арт Сядзібы» будуць прафэсійныя арт-мэнэджэры, грамадзкія актывісты, спэцыялісты па сацыяльных сетках, арганізатары канцэртаў, моўных курсаў ды іншых праектаў.

У Школу запрашаюць маладых, актыўных і творчых людзей ва ўзросьце ад 16 да 26 год, якія «хочуць рабіць яскравыя арт-праекты і мяняць сваю краіну да лепшага».

Як апавёў Свабодзе адзін з арганізатараў школы «Арт Сядзібы» Мікіта Броўка, гэта магчымасьць перадаць іншым карысны для дзейнасьці досьвед:

«Ва ўласнай Школе мы хочам перадаць маладым і актыўным беларусам свой досьвед, каб яны далучаліся і самі рабілі яскравыя і важныя падзеі, як „Дзень Вышыванкі“ ці #беларускаястужка. Пасьля таго, як школа пройдзе ў Менску, мы плянуем паехаць па рэгіёнах. Бо менавіта там не стае таленавітых арганізатараў і беларускага руху ўвогуле».

Арт Сядзіба праводзіць сваю школу ўжо трэці раз. У мінулым годзе ў межах «Школы арт-мэнэджэраў» былі рэалізаваныя праекты «Стэндап-кавярня» — стэндап-шоў па-беларуску, а таксама праект папулярызацыі беларускага лацінскага альфабэту — «Heta Svajo».

Таксама былі выдадзеныя музычная складанка на вершы беларускіх паэтаў «Паэты жывуць у песьнях» і беларуская настолка «Разам», зладжаная сэрыя культурніцка-асьветніцкіх сустрэчаў «Дакраніся да вытокаў», прысьвечаная традыцыйнай беларускай культуры і інш.​

Таксама Арт Сядзіба праводзіла школу арт-мэнэджэраў для студэнтаў ЭГУ.

Па выніках быў зьняты фільм «Ад ідэі да падзеі — 2». Ён прысьвечаны дзейнасьці арганізацыі на Інструмэнтальным завулку і падзеям, што адбываліся за апошнія паўгоду, а таксама людзям, зьвязаным з «Арт Сядзібай».

Выпускнік леташняй школы «Арт-мэнэджэраў», Аляксей Сапрыкін кажа, што досьвед, які ён атрымаў падчас школы, — вельмі каштоўны і карысным.

«Да школы арт-мэнэджараў пра Арт Сядзібу я практычна нічога ня ведаў. Але, прыйшоўшы ў школу, я адчуў цудоўную атмасфэру і імпэт ствараць і пашыраць беларушчыну, які віруе ў сьценах Арт Сядзібы. Мне пашчасьціла рэалізаваць свой праект „Heta Svajo“. З удзельніка школы я ператварыўся ў аднаго зь яе арганізатараў і буду вельмі рады перадаць свой досьвед, атрыманы ў Арт Сядзібе, новым удзельнікам».

Заняткі будуць праходзіць па нядзелях, пачынаючы зь 1 сакавіка. Пасьля заканчэньня Школы ўдзельнікам прапануецца рэалізаваць свае праекты пры падтрымцы «Арт Сядзібы».

XS
SM
MD
LG