Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — перадапошняя ў Эўропе паводле эканамічнай свабоды


Сёлета Беларусь заняла 153-е месца са 178 краінаў у індэксе эканамічнай свабоды (Index of Economic Freedom), які з 1995 году 20 гадоў запар вызначаюць амэрыканскі дасьледчы цэнтар Heritage Foundation і газэта The Wall Street Journal. У параўнаньні з папярэднім годам Беларусь апусьцілася ў гэтым рэйтынгу на 3 пазыцыі. Як ужо шмат гадоў, Беларусь заняла 42-е месца з 43 краінаў Эўропы.

Індэкс эканамічнай свабоды краіны ацэньваюцца паводле 10 паказьнікаў, якія адлюстроўваюць розныя аспэкты эканамічнага жыцьця: свабоду прадпрымальніцтва, гандаль, падатковую сыстэму, урадавыя выдаткі, цэнавую палітыку, свабоду інвэстыцый, банкаўскую сыстэму, забесьпячэньне прыватнай уласнасьці ад замахаў дзяржавы, узровень карупцыі ў эканоміцы, рынак працы. Кожны з гэтых паказьнікаў, як і агульны індэкс эканамічнай свабоды, вымяраецца паводле стобальнай шкалы — 100 балаў адпавядаюць максымуму свабоды, 0 — мінімуму. У разьдзеле дакладу, прысьвечаным Беларусі, адзначаюцца пэўныя паляпшэньні ў беларускай эканоміцы ў сфэры фінансавага кіраваньня і ўспрыняцьця карупцыі. Аднак сытуацыя пагоршылася ў палове паказьнікаў, у тым ліку ў галіне свабоды інвэстыцый, падатковай сыстэмы і дзяржаўных выдаткаў. У выніку краіна патрапіла ў катэгорыю «рэпрэсіўных».

Даклад падкрэсьлівае, што беларуская эканоміка застаецца адной з самых кантраляваных у сьвеце. Заканадаўства аб працы ўключае у сябе так званы «указ аб прыгоне», які абмяжоўвае свабодны рух сельскагаспадарчых работнікаў. Прамысловасьць і сельская гаспадарка Беларусі кантралююцца дзяржавай і не зьяўляюцца канкурэнтаздольнымі.

Дзяржава кантралюе 70% эканомікі, працягваюць існаваць такія зьявы савецкіх часоў, як дзяржаўная ўласнасьць на зямлю і кантраляваныя дзяржавай калгасы. Дзяржаўныя выдаткі дасягнулі 38,9% ВУП, а дзяржаўны доўг роўны 37% ВУП.

Спрошчаныя рэгістрацыйныя працэдуры палегчылі ўмовы бізнэсу, але атрыманьне неабходных дазволаў застаецца працаёмістым і цяжкім. Ня склаўся гнуткі рынак працы, дзяржаўны сэктар зьяўляецца асноўнай крыніцай занятасьці. Фондавы рынак малы і ў значнай ступені бязьдзейны — адзначаецца ў дакладзе «Індэкс эканамічнай свабоды-2015».

Вось як выглядае Беларусь у параўнаньні зь некаторымі іншымі краінамі:

Свабодныя эканомікі
1. Ганконг
2. Сынгапур
3. Аўстралія
4. Новая Зэляндыя
5. Швэйцарыя

Пераважна свабодныя эканомікі
8. Эстонія
12. ЗША
13. Вялікабрытанія
15. Літва
16. Нямеччына

Збольшага свабодныя эканомікі
37. Латвія
42. Польшча
69. Казахстан
80. Італія
85. Азэрбайджан

Збольшага несвабодныя эканомікі
130. Грэцыя
143. Расея

Рэпрэсіўныя эканомікі
153. Беларусь
160. Узьбекістан
162. Украіна
178. Туркменістан​


Дадзеныя па ўсіх краінах можна паглядзець тут: http://www.heritage.org/index/ranking

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG