Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адборачны камітэт ЭГУ абяцае кандыдатуру новага рэктара ў лютым


Камітэт па адборы рэктара ЭГУ адрэагаваў на заклік прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі да празрыстых выбараў новага кіраўніка гэтай ВНУ.

Камітэт па адборы рэктара ЭГУ адрэагаваў на заклік прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі да празрыстых выбараў новага кіраўніка гэтай ВНУ.

Прэсавая служба ЭГУ даслала ў рэдакцыю Свабоды заяву Дэна Дэйвідсана, старшыні Адборачнага камітэту ЭГУ, які займаецца пошукам кандыдатаў на рэктарства, а таксама сябраў гэтага камітэту Эн Лонсдэйл, Гэнрыка Тофт Енсэна, Грэгары Прынса, якія прадстаўляюць акадэмічную супольнасьць Вялікабрытаніі, Даніі і ЗША.

«Міжнародны пошук рэктара недзяржаўнай ВНУ ня варта блытаць з выбарамі на публічную выбарную пасаду. Дзеля таго, каб на пасаду рэктара прэтэндавалі найлепшыя кандыдаты, Адборачны камітэт ЭГУ павінен гуляць па агульнапрынятых правілах для знаходжаньня акадэмічнага лідэра, што ЭГУ робіць упершыню ў сваёй гісторыі»,— зазначаецца ў заяве.

Сябры Адборачнага камітэту сьцьвярджаюць, што ў гэтым працэсе ўдзельнічаюць усе асноўныя групы зацікаўленых бакоў у рамках ЭГУ: Старшыня Сэнату, Старшыня Саюза студэнтаў і выпускнікоў ЭГУ, прадстаўнікі адміністрацыі і прэзыдэнт ЭГУ Анатоль Міхайлаў.

«Цяперашні працэс вывучэньня кандыдатур, рэцэнзій, асабістых інтэрвію, прафэсійных даведачных праверак і адкрытых дыскусій з кандыдатамі павінен праходзіць у атмасфэры, якая паважае права на недатыкальнасьць прыватнага жыцьця ўсіх кандыдатаў і канфідэнцыйнасьць самога разбору. Камітэт прызнае законныя інтарэсы грамадзянскай супольнасьці і іх права ведаць аб адборы і публікуе пэрыядычныя справаздачы для грамадзкасьці на сайце ЭГУ. Як і ў большасьці няўрадавых унівэрсытэтаў у сьвеце, найвышэйшыя паўнамоцтвы для выбару і прызначэньня наступнага рэктара знаходзяцца ў руках Рады дырэктараў ЭГУ і заснавальнікаў».

Адборачны камітэт зазначае, што зрабіў усё магчымае для захаваньня празрыстасьці і магчымасьці назіраньня за гэтым працэсам, у прыватнасьці публікаваліся абвесткі аб адборы, 7 фіналістаў запрашалі ў Вільню для сустрэч са студэнтамі і выкладчыкамі.

Апошнім часам Камітэт зьвярнуўся да асобных кандыдатаў як па тэлефоне, так і ў пісьмовай форме з дадатковымі пытаньнямі.

Камітэт зробіць сваю рэкамэндацыю Радзе дырэктараў ЭГУ ў лютым. Вынік адбору, як чакаецца, будзе абвешчаны не пазьней за 1 сакавіка 2015 году.

Сярод сямі фіналістаў, запрошаных ва ўнівэрсытэт для правядзеньня сумоўяў, трое — грамадзяне Беларусі.

Цягам наступных тыдняў Пошукавая камісія і чальцы Кіроўнай рады пяройдуць да дбайнага разгляду вынікаў двух дзён сумоўяў і абмеркаваньняў. Пошук рэктара пераходзіць да наступнага этапу: праверкі рэкамэндацый, аналізу публікацый і выпрацоўкі пунктаў для абмеркаваньня ў рамках заключнага этапу ацэнкі кандыдатаў.

«Мы вітаем станоўчую ўвагу і падтрымку і выказваем удзячнасьць за шматлікія парады, якія мы атрымалі», — зазначыў у асобнай заяве старшыня Кіроўнай рады ЭГУ Дэніэл Таршыс.

XS
SM
MD
LG