Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жывага топча партрэт Пастэрнака


Барыс Пастэрнак у Перадзелкіне

Барыс Пастэрнак у Перадзелкіне

У Нямеччыне тэатральны канфлікт: расейскаму кампазытару і дырыжору Лубчанку не спадабалася, як немцы паставілі яго опэру «Доктар Жывага». ​

Яму ўдалося змусіць пастаноўшчыкаў скасаваць сцэну, дзе Жывага топча партрэт Пастэрнака, таксама прыбралі «гарэлку зь любоўнай сцэны» і «сцэну з заафіліяй». Але дзеяньне пакінулі ў «псыхушцы». Нямецкі ж бок лічыць, што расейскі кампазытар не да канца разумее, што такое творчая свабода.​

Між іншым, пяцьдзясят гадоў таму амэрыканцы пачалі экранізацыю «Доктара Жывага», рамана, за які аўтар заплаціў сваім жыцьцём. Здымалі ў франкісцкай Гішпаніі з плястмасавым сьнегам і тонамі солі замест сумётаў. Галівудзкія акторы гераічна пацелі ў футрах у сьпёку. Толькі сібірскую зіму фільмавалі ў Фінляндыі – з сапраўдным сьнегам. На заходнюю публіку фільм зрабіў уражаньне. Нам ён здаецца хутчэй мэлядраматычнай галівудчынай у выдуманых а-ля горад на Няве дэкарацыях.​

Аднак цікавасьць да рамана ці, хутчэй, да ягонай гісторыі, да падзей, зь імі зьвязаных, сапраўды не зьнікае і сёньня. Сьведчаньнем таму, апроч вышэйзгаданай опэрнай прэм’еры, і дзьве новыя кнігі. Гэта «Справа Жывага. Крэмль, ЦРУ і бітва за забароненую кнігу», якая выйшла ў Лёндане. Другая называецца: «Унутры буры вакол «Жывага». Выдавецкія прыгоды шэдэўра Пастэрнака», месца яе выданьня — Мілан. У першай распавядаецца, у прыватнасьці, аб тым, як ЦРУ друкавала раман Пастэрнака, каб пазнаёміць зь ім рускамоўнага чытача. У другой — пра спробы Масквы перахапіць перададзены аўтарам італьянскаму выдаўцу машынапіс рамана. ​

Паэт і перакладчык Леў Возераў рабіў у 1950-х гадах сьціслыя, малачытэльныя зацемкі, «для сябе». Надрукаваныя ў апошнім нумары часопісу «Арион», яны захавалі атмасфэру згушчэньня хмараў вакол Барыса Пастэрнака. Першы запіс датычыць 1955-га, калі «Доктар Жывага» быў толькі закончаны. «Літаратурны генэрал» Сіманаў адмаўляе з гэтай нагоды Пастэрнаку ў таленце, а вось другі, Суркоў, «пачуўшы, што Пастэрнаку «пагражае» Нобэлеўская прэмія (нотабэнэ: такія чуткі ўзьніклі адразу пасьля заканчэньня рукапісу), прыбыў да яго з чорнага ходу» ды яшчэ жонку ўзяў з сабой. А паэт Асееў канстатуе, што вакол Пастэрнака ўзьнікла «змова маўчаньня».​

Возераў таксама жыў у Перадзелкіне пад Масквой, дзе была дача Пастэрнака. Аднойчы яны з калегам вырашылі зазірнуць да паэта. Жонка паведаміла, што «Барыс Леанідавіч у ваннай». У ягоным пакоі на пафарбаваных у чорны колер паліцах было некалькі кніг: «Біблія», ангельскія выданьні, «Фаўст». Возераў вельмі шкадаваў: размова была вельмі цікавай, але занатаваць яе ён сабраўся толькі дома. Па памяці запісаў некалькі выказваньняў Пастэрнака. Той сказаў, што перад сьмерцю хочацца зрабіць штосьці сапраўднае. Гэта будзе пераклад «Фаўста» і раман, які ён цяпер перапісвае, «гэта вялікая праца, 600 старонак».​

Наступны запіс за 1958 год. Пастэрнак схуднелы, толькі са шпіталю, кажа, што яму па-ранейшаму баліць і што напэўна прырода стварыла вакол яго «дымавую заслону з боляў», каб яго «ня зжэрлі». Наступным разам ён выглядаў значна лепей, загарэў, пахваліўся, што адчувае сябе шчасьлівым: яму здаецца, што ён «выцягнуў лятарэйны білет». Праўда, сказаў пра пагрозы з нагоды рамана. Аднак заўважыў: «Што азначае магчымае прызнаньне маіх работ — з адмераным маштабам: адсюль дасюль, у параўнаньні з гэтым ня ведаючым памераў прызнаньнем Там?..»​

У канцы лістапада Возераў піша пра свае перажываньні ў сувязі «з громам і грохатам вакол нікім не чытанага рамана». Ён вяртаецца ў запісах да канца кастрычніка, калі Пастэрнаку далі Нобэлеўскую прэмію (яго кандыдатуру прапанаваў Камю). Тады адразу ж пісьменьнікі Федзін, Чукоўскі і Палікарпаў пачалі пераконваць Пастэрнака, каб ад прэміі адмовіўся, але «ён адмовіўся адмаўляцца».​

Тут усё і пачалося: лаянка «Литгазеты» наконт «трыццаці срэбранікаў», фэльетон Заслаўскага ў «Правде» пра «літаратурнае пустазельле», выключэньне з саюзу, карыкатуры на Пастэрнака, сход пісьменьнікаў Масквы, «выгукі студэнтаў Літінстытуту». Усе абураныя Пастэрнакам, што яму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры і што ён ад яе не адмовіўся як яму сказалі зрабіць. Пісьменьнікі хорам прасілі пазбавіць яго грамадзянства. На маскоўскім сходзе прамоўца Сьмірноў заклікаў да «гражданской казни» ляўрэата, заявіўшы, што ў Стакгольме заўсёды выбіраюць палітычна ненадзейных: «Прэмія Нобэля была дадзеная фашыствуючаму (!) францускаму пісьменьніку Камю, які ў Францыі вельмі мала (!) вядомы, а маральна ўяўляе асобу, побач зь якой ніколі не сядзе ні адзін пачцівы (!) пісьменьнік. Гэта Камю даслаў сяброўскую тэлеграму Пастэрнаку».​

Леў Возераў позна ўвечары бачыць у Перадзелкіне гарбаватую постаць ляўрэата, які ідзе ўзбочынай дарогі, пагружаны ў думкі. Паэт робіць запіс у дзёньніку: «Ляўрэат блукае ў цемры як самы няшчасны чалавек».​

У доме творчасьці ў Перадзелкіне абмяркоўваюць Пастэрнака, што ён «як крэмень», што ў ягонай творчасьці няма «вялікіх ідэяў» і што ён нікога не чытае. Заходзіць сам Пастэрнак, ён нясьмела пытаецца ў прыбіральшчыцы дазволу патэлефанаваць. І просіць каб яна папытала дазволу ў дырэктара, паколькі ён, Пастэрнак, выключаны з саюзу. Побач апынуўся Алеша, які сказаў: нічога што выключылі, тэлефануйце. Неўзабаве Алеша скажа: «Нядобра зь ім учынілі. Яго загубіла драбната».​

Размова з паэтам Асеевым пра Пастэрнака. Той катэгарычны: так, менавіта «быць знакамітым непрыгожа», баяўся палітыкі, а напісаў палітычную рэч, «іншыя людзі яму нецікавыя. А раман пішацца тады, калі яны цікавыя яму».​

Вясна 1959-га, выпадковыя сустрэчы з Пастэрнакам. Ён разважае пра самагубцаў і пра тое, што жыць гэта — «сур’ёзна, балесна». Зноў успамінае пра вялікую «божую ласку» адносна сябе, просіць не шкадаваць яго, нават калі зь яго «зробяць біфстроганаў». Гаворыць, што за мяжой яго ведаюць больш, чым тут і што паэту трэба выйграць ці прайграць па-буйному. І зноў ён паўтарыў, што «Жывага» — самае цікавае з напісанага ім. ​

Зноў Пастэрнак прыходзіў тэлефанаваць, доўгая размова зь ім, Возераў спрабаваў суцяшаць яго. Той адказаў: навошта гэта, каму кланяцца? Што потым застанецца ад паклону? Паэту важна аднойчы выйсьці за кола дазволенага. «Корань мастацтва — у асобе, бунтарстве, сваволі», а тут усё «выдрэсіравана, выпрасавана», пісьменьнікі як павукі ў слоіку, а «важна вырвацца са слоіка». ​

Было бачна, што засяроджаны апошнім часам на гэтым, паэт сфармуляваў для сябе прынцыпы жыцьця і творчасьці, адчуваючы пастаянны ўціск. Трэба назваць удачай, тое, што маеш і сяброў, і непрыхільнікаў, і ганьбавальнікаў, і тых, хто перасьледуе цябе, сказаў ён: «Гэтага нельга баяцца. Гэта існаваньне. Іншае — фікцыя». Ніколі ня ведаеш, дзе выйгрыш, дзе пройгрыш, але без трагізму, без неўладкаванасьці няма мастацтва… Яму заставалася жыць толькі год. Ён урэшце падпарадкаваўся: адмовіўся ад прэміі, што не ўратавала яго. Але аб гэтым Леў Возераў у сваім дзёньніку ня піша нічога.

Назвы новых кніг:

1. «The Zhivago affair. The Kremlin, the CIA, and the battle over a forbidden book».

2. «Inside the Zhivago storm. The editorial adventures of Pasternak’s masterpiece».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG