Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзея Саўчанка афіцыйна атрымала статус дэлегата ПАРЭ. У сьвеце мітынгуюць у яе падтрымку


У Страсбуры адкрылася сэсія Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, на якой украінская вайскоўка Надзея Саўчанка, якая стала ў кастрычніку дэпутатам Рады ад партыі «Бацькаўшчына», атрымала афіцыйны статус дэлегата. Гэта можа стаць падставай для спыненьня справы супраць яе ў Расеі. Саўчанку абвінавачваюць у датычнасьці да гібелі расейскіх журналістаў улетку 2014 на ўсходзе Ўкраіны.

Сярод галоўных тэмаў сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы гуманітарная сытуацыя ва Ўкраіне, нядаўнія тэракты ў Парыжы і абарона свабоды слова ў Эўропе, гаворыцца на афіцыйным сайце ПАРЭ. Таксама Парлямэнцкая асамблея разгледзіць пытаньне аб паўнамоцтвах расейскай дэлегацыі, якая летась у красавіку была пазбаўленая права голасу і выключаная з усіх кіруючых органаў Асамблеі ў сувязі з далучэньнем Крыму да Расеі. Таксама гэтая сэсія ПАРЭ прыцягвае да сябе ўвагу ў сувязі з сытуацыяй з украінкай Надзеяй Саўчанкай. 26 студзеня яна атрымала афіцыйны статус дэлегаткі ПАРЭ. Гэта можа стаць падставай для вызваленьня яе ад крымінальнай адказнасьці ў Расеі.

Аднак, старшыня Камітэту Дзярждумы па міжнародных справах Аляксей Пушкоў заявіў, што расейская дэлегацыя трактуе паняцьце імунітэту члена ПАРЭ па-іншаму. Ён кажа, што член ПАРЭ валодае імунітэтам падчас выкананьня сваіх абавязкаў. Напрыклад, падчас сэсіі ПАРЭ ён ня можа быць затрыманы, арыштаваны і г.д. Але гэта ніяк не адносіцца да тых, як ён выказаўся, злачынстваў або магчымых злачынстваў, якія чалавек, які стаў членам ПАРЭ, зьдзейсьніў да набыцьця гэтага статусу. Такім чынам, расейская дэлегацыя не пагаджаецца з трактоўкай ПАРЭ, што цяпер Надзея Саўчанка валодае імунітэтам і павінна быць выпушчаная з-за кратаў.

Надзея Саўчанка была выбрана ў якасьці народнага дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны ад партыі «Бацькаўшчына» летась у кастрычніку. 25 сьнежня Саўчанка была ўключана ў пастаянную дэлегацыю Вярхоўнай Рады ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

Пачынаючы ад суботы, амаль у 30 краінах сьвету людзі выйшлі на акцыі з патрабаваньнямі вызваліць Саўчанку.

26 сьнежня ў сядзібе Партыі БНФ прайшоў вечар салідарнасьці з украінскай лётчыцай, якая галадае ў маскоўскай турме на знак пратэсту супраць незаконнага арышту.

XS
SM
MD
LG