Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуціннаш?


Не, зразумела, ня наш. І мы — не ягоныя. Але... Часопіс Форбс нядаўна апублікаваў цікавы артыкул, у якім прыводзяцца дадзеныя па краінах Цэнтральнай Азіі наконт тамтэйшай аўдыторыі расейскага тэлебачаньня і папулярнасьці ў гэтых краінах расейскага лідэра.

Якога «росту» Пуцін у Кіргізстане?

Часопіс спасылаецца на дасьледаваньні канадыйскай кансалтынгавай фірмы M-Vector, якая працуе ў рэгіёне. Паводле M-Vector, расейскія СМІ складаюць прыкладна 90% ад сродкаў масавай інфармацыі, спажываных у Цэнтральнай Азіі кожны дзень. Нядаўнія апытаньні, праведзеныя пад эгідай кансалтынгавай кампаніі ў некалькіх краінах Цэнтральнай Азіі, выявілі, што прэзыдэнт ЗША Барак Абама мае рэйтынг ухвалы каля 26%, лідэр Кітаю Сі Цзіньпін — 31-35%, але зусім завоблачны рэйтынг мае расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін. У Кіргізстане ягоны рэйтынг складаў 90% (!), больш, чым рэйтынг расейскага прэзыдэнта ў самой Расеі (у ліпені 2014 году паводле Лявада-цэнтру — 85%). Пры гэтым рэйтынг кіргіскага прэзыдэнта Алмазбека Атамбаева летась быў крыху менш за 60%. У Таджыкістане летась рэйтынг Пуціна супадаў з расейскім — 85%.

Уладзімер Пуцін і Алмазбек Атамбаеў
Уладзімер Пуцін і Алмазбек Атамбаеў

Існуе меркаваньне, што апытаньні ў аўтарытарных краінах не даюць рэальнай карціны з прычыны фактару страху. Але Кіргізстан — не аўтарытарная краіна, а самая свабодная ў цэнтральнай Азіі і адна з самых свабодных сярод краінаў СНД: палітычны плюралізм, свабодныя СМІ і ўсё, што паложана. А папулярнасьць Пуціна — вышэй за рэпрэсіўны Таджыкістан і аўтарытарную Расею. Пры гэтым, калі казаць пра страх адхіліцца ад «генэральнай лініі», то ў аўтарытарных краінах залішнія сымпатыі да якога б то ні было замежнага лідэра, мякка кажучы, не культывуюцца. І калі яны праяўляюцца ў такім масавым маштабе, то справе не ў скажонай карціне, якую даюць апытаньні.

Якога «росту» Пуцін у Беларусі?

А як з гэтым у Беларусі? Сьвежых дадзеных з адказамі на пытаньне, аналягічнае таму, якое задавалася ў апытаньнях у Кіргізстане і Таджыкістане, я ня ведаю. Але ёсьць дадзеныя НІСЭПД http://iiseps.org/analitica/589 наконт галасаваньня за кандыдатаў на гіпатэтычную пасаду прэзыдэнта Беларусі і Расеі.

Дынаміка адказаў на пытаньне: «Калі б была заснаваная пасада прэзыдэнта Беларусі і Расеі, за каго б Вы прагаласавалі на выбарах на гэтую пасаду,%

Варыянт адказу

11'99

08'01

09'02

09'03

11'04

12'05

03'06

06'08

06'10

06'14

Лукашэнка

31.6

19.5

15.0

21.1

29.8

38.8

44.4

27.7

28.6

33.6

Пуцін

13.2

41.4

53.9

45.2

24.3

19.8

22.0

21.6

16.2

25.3

Мядзьведзеў

-----------------------------------

10.9

9.8

-----

Іншы палітык

17.9

8.8

5.1

6.9

2.0

3.5

5.1

4.5

4.2

2.0

Няма адказу

37.3

30.3

26.0

26.8

43.9

37.9

28.5

35.3

41.2

39.1

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін

Мэта пытаньня — ня высьветліць, як людзі прагаласавалі б у адпаведнай сытуацыі, а вызначыць параўнальную папулярнасьць палітыкаў. У гэтым сэнсе рэйтынг Пуціна, хаця і вырас летась у параўнаньні з папярэднімі дасьледаваньнямі, але саступаў рэйтынгу кіраўніка Беларусі і быў значна ніжэйшы, чым ягоны рэйтынг у Расеі, Кіргізстане ці Таджыкістане. Хаця, яшчэ раз паўтаруся — пытаньні ў Беларусі і ў названых трох краінах былі неаднолькавыя.

За што любяць Пуціна?

У чым жа прычына такой высокай папулярнасьці расейскага лідэра ў Цэнтральнай Азіі і адносна высокай — у Беларусі? Нягледзячы на тое, што, як адзначае той жа Форбс, у Цэнтральнай Азіі эканамічна Кітай усё больш бярэ верх над Расеяй, вялікая колькасьць гастарбайтараў з гэтых краінаў працуюць менавіта ў Расеі. Вядома, што нямала і беларусаў працуюць у РФ (прынамсі, працавалі да апошняга часу), але маштабы непараўнальныя. Паводле ацэнак расейскіх экспэртаў, менавіта ў Кіргізстане і Таджыкістане грашовыя пераводы мігрантаў, якія працуюць у Расеі, перавышаюць 30% ВУП. У той час як у Беларусі гэтая доля складае прыкладна 6% ад ВУП. І гэта пры тым, што ўмовы знаходжаньня і працы для беларусаў у Расеі значна больш спрыяльныя, чым для любых іншых замежнікаў. У краінах Цэнтральнай Азіі для значна большай часткі насельніцтва, чым у Беларусі, Расея — сродак фізычнага выжываньня. Да таго ж самі працоўныя мігранты і іх родныя да пэўнай ступені заангажаваныя ў расейскія грамадзкія, у тым ліку і палітычныя, працэсы. Ну, а настроі расейскага грамадзтва адносна, у прыватнасьці, Пуціна добра ілюструюцца лічбамі таго ж Лявада-цэнтру.

Другі важны момант — прысутнасьць Расеі ў інфармацыйнай прасторы постсавецкіх краінаў. У краінах Цэнтральнай Азіі пэўным бар’ерам яе пранікненьне зьяўляецца мова, у Беларусі расейскай мовай валодаюць усе пагалоўна. Аднак у Беларусі даволі разьвіты інтэрнэт, які ў краінах Цэнтральнай Азіі знаходзіцца ў зародкавым стане. Праўда, беларускае насельніцтва ў значнай сваёй частцы і ў інтэрнэце аддае перавагу расейскім крыніцам, але Байнэт усё ж дае пэўную альтэрнатыву, якая значна слабейшая ў Цэнтральнай Азіі. Таму сумарна ўплыў расейскіх мэдыяў аказваецца там большым, чым у Беларусі.

Расея ці Эўропа альбо Расея ці Кітай?

Да таго ж існуюць цывілізацыйныя адрозьненьні. У Беларусі грамадзкая думка расколатая ў пытаньні геапалітычнага выбару паміж Расеяй і Эўразьвязам. У краінах Цэнтральнай Азіі другая опцыя геапалітычнага выбару адсутнічае як такая. Гандаль (і вельмі інтэнсіўны) з Эўропай існуе і цяпер, пэрспэктывы інстытуцыйнага збліжэньня няма ў прынцыпе. Прычыны — геаграфічнае становішча і рэлігія. Значна больш разьвітая эканамічна і свабодная палітычна Турэччына стаіць у прылазьніку ЭЗ ужо 50 гадоў і падумвае, а ці варта стаяць наагул. Дык а куды ж Кіргізстану, Таджыкістану, і нават Казахстану і Азэрбайджану?

У Беларусі нават пэрспэктыва зьяўленьня кітайскага індустрыяльнага парку спарадзіла пэўныя страхі і перасьцярогі. У Цэнтральнай Азіі гарачае дыханьне кітайскага капіталізму значна больш адчувальнае. Ну, а ў сытуацыі дылемы: Расея ці Кітай — многія жыхары гэтых краінаў аддаюць перавагу Расеі. Хаця гістарычна стасункі Расеі зь цяперашнімі краінамі СНД былі зусім не бясхмарнымі, але культурна Расея бліжэй жыхарам краінаў Цэнтральнай Азіі, чым Кітай. У пэўным сэнсе для многіх зь іх менавіта Расея — рэтрансьлятар заходніх ведаў, узораў і каштоўнасьцяў, Расея — гэта як бы іх Эўропа.

Самая ўплывовая альтэрнатыва Лукашэнку — Пуцін

Дарэчы, падобны фэномэн, гледзячы па ўсім, назіраўся і ў Беларусі напачатку кіраваньня Пуціна. Як можа бачыць з прыведзенай вышэй табліцы, напачатку нулявых рэйтынг Пуціна ў Беларусі быў максымальным: адным беларусам ён быў сымпатычны, як суровы рускі цар, схільны «мачыць у сарціры» ворагаў, іншым — як рэфарматар і прыхільнік збліжэньня Расеі з Захадам. Гэтая другая іпастась вобразу расейскага лідэра для беларусаў даўно зьнікла, для жыхароў краінаў Цэнтральнай Азіі, у тым ліку і дэмакратычнага Кіргізстану, напэўна, засталася.

Што вынікае з гэтай высокай папулярнасьці расейскага лідэра? Наўпрост можа і нічога, гэта не азначае, што заўтра ён на белым кані прыедзе далучаць да Масквы былыя рэспублікі СССР пад воплескі сваіх шматлікіх мясцовых заўзятараў. Але безумоўна, папулярнасьць гаспадара Крамля — фактар унутранай палітыкі як краінаў Цэнтральнай Азіі, гэтак і Беларусі. Самым уплывовым калі не апанэнтам, то альтэрнатывай прэзыдэнтам гэтых краінаў зьяўляецца не айчынная апазыцыя, а менавіта Пуцін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG