Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамога Сірызы абяцае Эўропе праблемы, але не землятрус — агляд прэсы


Generic – A photo of International and Russian newspapers, Prague, 19Jun2014

Generic – A photo of International and Russian newspapers, Prague, 19Jun2014

Эўрапейскія мэдыі абмяркоўваюць перамогу на парлямэнцкіх выбарах у Грэцыі леварадыкальнай кааліцыі Сірыза.

Перамога Кааліцыі радыкальных левых Сірыза на парлямэнцкіх выбарах у Грэцыі была прадказальнай, але па сваіх маштабах і ўплыве на эўрапейскую сытуацыю аказалася ашаламляльнай. Гэтак лічаць карэспандэнты брытанскага выданьня The Guardian Іэн Трэйнэр і Гелена Сьміт. Яны пішуць:

«Абвінаваўчы народны вэрдыкт ў адносінах да мэтаду, якім Эўропа адрэагавала на фінансавы крызіс, абяцае праблемы палітычнай эліце ЭЗ. Упершыню ўлада была перададзена аўтсайдэрам-папулістам, настроеным няхай і не супроць агульнай Эўропы, як іх крайне правыя калегі па ўсім ЭЗ, але вельмі крытычна ў адносінах да Брусэлю і Бэрліну. Упершыню ў Эўразьвязе прыйшло да ўлады спараджэньне эўрапейскага крызісу — партыя, якая адкрыта выступае супраць захадаў жорсткай эканамічнай ашчаднасьці».

Паводле карэспандэнтаў The Guardian, вынікі выбараў «ставяць пад пытаньне сяброўства Грэцыі ў эўразоне і Эўразьвязе як такім, ствараюць прэцэдэнт для апанэнтаў захадаў жорсткай ашчаднасьці ў Эўропе — асабліва ў Гішпаніі, якая сёлета таксама будзе праводзіць выбары — і падкрэсьлівае грамадзкае непрыняцьце палітыкі, прадпісанай апошнімі гадамі галоўным чынам, калі не выключна, Бэрлінам».

Камэнтатарка Süddeutsche Zeitung Кэрсьцін Гамэлін сьцьвярджае, што Эўразьвяз цяпер добра падрыхтаваны для такіх канфліктаў, як той, які, як шмат хто прадказвае, пачнецца паміж Атэнамі і Брусэлем пасьля выбарчай перамогі Сірызы. Нягледзячы на ўсе супярэчнасьці, лічыць Гамэлін, абодва бакі аб’ядноўвае агульны інтарэс: Грэцыя павінна застанецца ў эўразоне. Таму Грэцыя і Эўразьвяз, паводле яе, будуць ісьці на кампрамісы.

Паводле аналітыка Філіпа Олдрыка, якога цытуе The Times, перамога Сірызы стала вызначальным момантам ня толькі для Грэцыі, але і для ўсёй эўразоны. Шэсьць гадоў рэцэсіі, 25% беспрацоўя па ўсёй краіне, 50% беспрацоўя сярод моладзі, зьніжэньне заработнай платы і бясконцае зьніжэньне ўзроўню жыцьця былі, як лічыць Олдрык, занадта вялікім выпрабаваньнем цярпеньня грэкаў. Па сутнасьці, кажа Олдрык, грэкі на выбарах сказалі: «Досыць, альтэрнатыва ня можа быць горшай, чым тое, што цяпер». Паводле The Times, грэкі наўпрост паставілі пытаньне пра жыцьцяздольнасьць праекту адзінай эўрапейскай валюты.

Перамога Сірызы — гэта перш за ўсё моцнае «не» рэзкаму скарачэньню выдаткаў і павышэньню падаткаў у Грэцыі. Гэтак лічыць камэнтатар польскай Gazety Wyborczej Томаш Бялецкі. Паводле яго, у Эўразьвязе пераважае вера, што адносінаў з Грэцыяй не чакае ніякі землятрус. Пераважная большасьць грэкаў, піша Бялецкі, хоча застацца ў эўразоне, а найгоршыя часы крызысу — 2011-2012 гады — эўразона шчасьліва перажыла.

XS
SM
MD
LG