Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія экспэрты камэнтуюць сэнсацыйныя вынікі выбараў у Грэцыі.

Эканаміст Леанід Заіка зазначыў Свабодзе, што Беларусь і Грэцыя ў апошнія гады разьвіваліся прыкладна ў адным рэчышчы:

«Гэта высокая ступень патэрналізму, наяўнасьць рознага кшталту сацыяльных гарантыяў, выплат, жыцьцё не па сродках — таксама агульная рыса. Калі ў Грэцыі настаў час жорсткай эканоміі і Эўразьвяз робіць рашучыя дзеяньні, прымушаючы Грэцыю праводзіць эфэктыўную эканамічную палітыку, то ў Беларусі гэтага пакуль ня здарылася. То бок у Беларусі яшчэ не празьвінеў звон».

Леанід Заіка адзначае, што ў Грэцыі дзейнічае адзіная эўрапейская грашовая палітыка, і Грэцыя вымушана прытрымлівацца тых правілаў, якія існуюць у межах валютнага саюзу.

​«Беларусь жа ні ў якім валютным саюзе не знаходзіцца, і чым мы больш надрукуем грошай, тым таньнейшы становіцца беларускі рубель. І мы проста размазваем прыбыткі. Што да абвалу эўра, тут не ня столькі абвал, я б сказаў, колькі карэкцыя да тых аб’ектыўных эканамічных паказчыкаў прыбыткаў, якія ёсьць».

Паводле спадара Заікі, у Грэцыі структурныя і іншыя эканамічныя цяжкасьці вырашаюцца за кошт зьніжэньня занятасьці, там цяпер каля 20% беспрацоўных.

«У Беларусі ж маленькі кавалачак масла размазваецца па ўсіх. Беларускіх пэнсіянэраў зь сярэдняй пэнсіяй у 170 даляраў не параўнаць з грэцкімі, у тых пэнсія значна вышэйшая. А шмат якія тавары ў Грэцыі больш танныя, чым у Беларусі».

Палітоляг Андрэй Фёдараў перакананы, што сытуацыя ў Грэцыі ніяк не паўплывае на Беларусь:

«Хаця ўсё будзе залежаць ад далейшага разьвіцьця падзей. Калі Грэцыя захоча выйсьці з эўразоны і ў яе могуць узьнікнуць вельмі сур’ёзныя праблемы — гэта адна справа. Калі яна там застанецца і будзе па-ранейшаму цягнуць дапамогу з Эўразьвязу — гэта іншая справа. На вэрбальным узроўні, можа, нейкія водгукі і будуць, але ня думаю, што нешта памяняецца ў беларускай зьнешняй палітыцы».

Эканаміст Яўген Прэйгерман таксама выказаў меркаваньне, што выбары ў Грэцыі ніяк на Беларусі не адаб’юцца:

Я ня ўпэўнены, што гэтыя выбары неяк на самой Грэцыі адаб’юцца ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве.

«Іншая справа, што агулам стан Эўразьвязу, асабліва эўразоны — гэта, вядома, адзін з дадатковых выклікаў для беларускай эканомікі. У меншай ступені, чым для расейскага рынку, але ўсё адно ня вельмі прыемна. Я ня ўпэўнены, што гэтыя выбары неяк на самой Грэцыі адаб’юцца ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве. Ну, выйгралі, ну, паабяцаў новаабраны лідэр, што ўсе пакуты скончацца для грэцкага народу. Але адкуль грошы браць, адкуль нейкія цуды ў эканоміцы пачнуцца? Гэта, думаю, больш мэдыйны сюжэт — выбары, чым штосьці зьменіцца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG