Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сяржук Вітушка, які ў вечнай ночы стварыў свой тэатар


Сяржук Вітушка

Сяржук Вітушка

10.4.1965, мяст. Чысьць, Маладэчанскі раён — 2.7.2012, Вільня.Пахаваны ў в. Рагава, Менскі раён

10.4.1965, мяст. Чысьць, Маладэчанскі раён — 2.7.2012, Вільня.Пахаваны ў в. Рагава, Менскі раён

Быў канец 1980-х. Купальле ў лесе пад Менскам — шматлюднае, з магутным вогнішчам, карагодамі, скокамі цераз агонь, са сьпевамі і вянкамі. З атмасфэраю сапраўднага сьвята, напоенай чаканьнем дзівосаў — і ад гэтае ночы, і ад блізкае будучыні, у якую ўступала Беларусь.

Рэй вёў ён, Сяржук: завіхаўся каля купальскіх колаў, распараджаўся наконт дроваў, выбіраў Купалінку і, здавалася, зусім не зважаў на дзясяткі захопленых дзявочых позіркаў. Малады, прыгожы, з румянцам на шчоках. Як той казаў, кроў з малаком. Хто мог падумаць, што гэты румянец — сьведчаньне ягонае цукроўкі...

Студэнт гістфаку БДУ Сяржук Вітушка тады старшыняваў у моладзевым гістарычна-культурным клюбе «Талака».

Празь дзесяць гадоў ён напіша артыкул пра яе для «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі».

Можна абсалютна ўпэўнена сьцьвярджаць, што том, які пабачыў сьвет у 2001-м, ужо старанна цэнзураваўся, аднак зусім замаўчаць існаваньне легендарнага клюбу рука ў кагосьці ўсё ж не паднялася. Энцыкляпэдыя скорагаворкай паведамляе пра ўдзел «талакоўцаў» у раскопках і рэстаўрацыі помнікаў у сталічным Траецкім прадмесьці і Музэі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах, а таксама помніка паўстанцам-каліноўцам у Плябані пад Маладэчнам «і інш.». Пра тое, што сябры клюбу праводзілі краязнаўчыя экскурсіі, фальклёрныя сьвяты, дыскусіі й асьветніцкія лекцыі пра нацыянальную гісторыю і сымболіку «і інш.» ды апрача таго выступалі за шырокае выкарыстаньне беларускай мовы ў штодзённым жыцьці, стварэньне ў гарадах беларускіх школаў «і інш.». За гэтым скаротам хаваюцца сотні імпрэзаў і ініцыятываў — дзейнасьць, якой у іншай дзяржаве можна было б чакаць ад некалькіх акадэмічных інстытуцыяў.

Калі «Талака» спыніла існаваньне, бо бальшыня яе сяброў уступіла ў Беларускі Народны Фронт (які разам з старэйшымі аднадумцамі і стварала), Сяржук пераехаў у любую ягонаму сэрцу Вільню, у якой меркавалася адрадзіць беларускае жыцьцё.

Гэтая рамантычная мара шмат у чым такою і засталася. Але яна была стваральнай: беларускія выспачкі ў нашай колішняй сталіцы ўзьніклі і трымаюцца да сёньня, у чым і ягоная, Сержукова, неаспрэчная заслуга.

На ягоных уроках вучні віленскай беларускай школы імя Францішка Скарыны спасьцігалі таямніцы гісторыі. Вітушка займаўся аднаўленьнем Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча і выдаваў газэту Vilnia i kraj, пісаў для «Нашай Нівы» і газэты віленскіх беларусаў «Рунь»... А бязьлітасныя абдымкі хваробы рабіліся ўсё мацнейшымі. Кожная справа давалася Сержуку шматкроць цяжэй, чым сябрам.

Надышоў дзень, калі для яго назусім пагасла сьвятло.

Памятаю, я сказаў яму пра свайго ўлюбёнага Борхеса, які пятнаццаць гадоў жыў і ствараў у цемры. Але Сяржук і сам быў неверагодна моцны духам, хоць тады яшчэ ня ведаў, што наперадзе ампутацыя нагі й інвалідны вазок.

На пытаньне аднаго з журналістаў, што дае яму сілы, Вітушка адказаў: «Ёсьць жыцьцё і нежыцьцё. Маё, якое б ні было, — усё ж жыцьцё!»

І гэта не было простым існаваньнем.

Страціўшы зрок, ён не разгубіўся, ня страціў сваёй сыстэмы каардынатаў.

Ён вынайшаў «сьляпыя экскурсіі» па Вільні для прыежджых беларусаў. Ён навучыўся наўсьлеп кулінарыць. Пачаў пісаць казкі, п’есы і беларускія тэксты на папулярныя мэлёдыі.

Ягоны сябар, мастак і літаратар Алег Аблажэй згадвае, што ўсе апошнія гады Сяржук пакутліва шукаў асабісты шлях да Бога і ня мог зразумець, чаму абедзьве галоўныя хрысьціянскія канфэсіі Беларусі не падымаюць голасу супроць перасьледу нязгодных з уладай, супроць зьдзеку з мовы пад выглядам афіцыйнага дзяржаўнага «двуязычия», якое вядзе нацыю ў нябыт.

Душу закутага ў вечную ноч пакутніка пасьпеў асьвятліць прамень радасьці ад выхаду ягонай першай кніжкі «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі», неўзабаве паўторанай у аўдыёвэрсіі.

Другая кніга — «Тэатар Сержука Вітушкі» — пабачыла гэты сьвет, калі ён ужо бачыў іншы.

Выданьне нездарма назвалі цудам. Калі ў вас у сям’і ёсьць дзеткі, гэтая кніжка — з пальчыкавым тэатрыкам для маленькіх, з тэатрам ценяў, з пантамімамі, гульнямі, забаўлянкамі і казкамі-пірамідкамі — можа стаць проста незаменнай.

З сыходам Сержука Вільня доўга здавалася мне апусьцелай.

Уладзімер Арлоў падрыхтаваў да друку трэцяе выданьне сваёй вядомай кнігі «Імёны Свабоды», якая ўпершыню пабачыла сьвет у 2007-м у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХI стагодзьдзе».

XS
SM
MD
LG