Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сцэнаграфія офіснага абсурду


У найноўшай маладой рускамоўнай прозе Беларусі (а мо’ варта гаварыць ужо проста «беларускай прозе», адразаючы окамаўскім лязом непатрэбныя тэрміны?) ужо можна выявіць пэўныя заканамернасьці. Гаворка, праўда, пра той пласт прозы, які нельга назваць першарадным і які, паводле меркаваньня тэарэтыкаў, якраз і нясе галоўныя адметы часу.

Найперш гэта эсэістычнасьць празаічнага мысьленьня, зацыкленасьць на ўнутраным маналёгу апавядальніка, празь які сюжэт паварочвае ў той або іншы бок. Пры тым з мастацкім часам практычна нічога не адбываецца: ён тоесны дзёньнікава-блогерскай хадзе падзей. Хаатычнасьць ці, прынамсі, незьвязанасьць падобнага запісваньня й апісваньня думак і навакольнага антуражу ў падобных кніжыцах найчасьцей не заўважаецца, калі аўтар выкладае іх у сваім акаўнце, але сабраная ў кнігу такая проза неадменна блякне, не маючы ў сабе «генэральнай лініі».

Новая (другая) кніга Кірыла Дубоўскага, а менавіта загалоўны яе твор — аповесьць «Planktonus Vulgaris», усьцешыла якраз цьвёрдай аўтарскай пазыцыяй і моцным адсевам матэрыялу. Тут цяжка знайсьці «адхіленьні ад тэмы», якія так любіў у вусных школьных паведамленьнях герой рамана «Лавец у жыце». Кожная дэталь аповесткі, складзенай з суплёту празаічных мініятураў, працуе на асноўную тэму твора — жыцьця офіснага плянктону ў найноўшай Беларусі.

Здавалася б, пра гэта можа напісаць кожны. Але як гэта зрабіць, каб не спаскудзіць, не абрынуцца ў банальнасьць? Відаць, трэба дзейнічаць надзвычай асьцярожна і, як кіраўнік дыплёмных працаў, пастаянна звужаць тэму дасьледаваньня.

Эпізоды аповесьці апрацоўваюць усяго, можа, год жыцьця-быцьця «лірычнага героя». Аднак рухае сюжэтам ня час, а нейкі запамінальны штрых, што арганізуе кожны паасобны фрагмэнт твору. Можна згадаць пра вядомых беларускіх празаікаў-малафармістаў — Янку Брыля, Леаніда Галубовіча, Адама Глобуса, Уладзімера Сьцяпана, якім падобныя штрыхі для сваіх мініятураў штораз удавалася знаходзіць. Жанр спарадзіў і наступнікаў, аднак далёка ня ўсе яны зразумелі яго сутнасьць і трапілі ў адпаведную манаграфію Ганны Кісьліцынай. Ня будзем называць імёнаў.

Я ня ведаю, наколькі сьвядома ішоў Дубоўскі за гэтым мэтадам, скажам, Адама Глобуса — ствараць зь мініятураў творы большага фармату. Зрэшты, яго мала цікавіць, напэўна, уласная асоба, што, можа, трохі дысанансам гучыць да папярэдніх разваг пра эсэізм. У адрозьненьне ад Глобуса, героя Дубоўскага вабіць хутчэй адсутнасьць сябе ў рэчаіснасьці, чымся ўласна ён пасярод гэтага сьвету. Суб’ектыўныя развагі героя практычна адсутнічаюць, і нават ягоную рэакцыю на закалоты з начальствам ці іншымі офіснымі супрацоўнікамі прасачыць даволі цяжка: яна сьвядома выразаецца пры мантажы нябачным рэжысёрам дзеі.

Менавіта вось гэтае няўлоўнае загніваньне атмасфэры мне найбольш і спадабалася ў аповесьці, ды таксама ў апавяданьні «Чорная стужка» (бо ў кнігу далучана і некалькі аповедаў, таксама «офісных» паводле сваёй тэматыкі). Паветра ў фірме ад мініятуры да мініятуры становіцца ўсё больш задушлівым, і каб зразумець, як гэта адбываецца і што для гэтага робіць Дубоўскі, трэба будзе перачытаць кніжку. Падобныя адчуваньні ў мяне былі пасьля прачытаньня першай кнігі Ўладзіміра Сарокіна, колісь выдадзенай у Парыжы — рамана «Чарга». Сарокінскі твор напісаны фактычна «праз вуха» галоўнага героя, існуе толькі ўнутраная рэальнасьць галасоў, якія бясконца абмяркоўваюць, што выкінулі ў краме і калі дойдзе іхняя чарга. Так, праз простую мову, дзея доўжыцца цягам двух дзён, з перапынкам на сон, які графічна перададзены на старонках чорнымі плямамі. І вось у пэўны момант (я таксама, як і ў выпадку з Дубоўскім дакладна не магу вызначыць гэты злом) накрывае пачуцьцё безвыходнасьці: пачынаеш разумець, што галасы ніколі не набудуць свае ці то баўгарскія ці то нямецкія курткі, а таму варта найхутчэй валіць з чаргі, якая расплылася зьмяёй на некалькі кварталаў. Як гэта зроблена Сарокіным і Дубоўскім — асобная тэма. Ясна, што па-рознаму (калі параўноўваць з п’есай, то твор Сарокіна бліжэйшы да якога Бэкета, голы дыялёг, а ў Дубоўскага, наадварот — адны пашыраныя рэмаркі, празь іх і апісваецца асяродзьдзе). Найбольш важныя тут найдрабнейшыя нюансы, якія аўтары пакрысе, амаль незаўважна ўводзяць у тэкст.

А ў тэксьце, паміж іншым, не разгуляесься. І раней у Кірыла, у ягонай першай кнізе «Добры раман» усе апавяданьні завязваліся і адбываліся літаральна на адной-дзьвюх старонках. Форма «мініятурнай аповесьці» падышла яму ідэальна. Стыль тут вельмі жорсткі: аніводнага параўнаньня і мэтафары, аніводнага празаічнага разьдзяўбайства, эмацыянальнага выбуху і зухаватага ўчынку; як у каго іншага: маўляў, усё роўна аповесьць пішу — дык трэба дадаць і вады, і размахнуцца сказам на паўстаронкі, і партрэт першага сустрэчнага расьпісаць ажно да дзядоў і прадзедаў, дзе працаваў і з кім сябраваў.

У выніку атрымалася досыць падрабязная карціна, якую бачыць кожны выпускнік унівэрсытэту, калі спрабуе ўладкавацца на працу і ўрэшце ўладкоўваецца — ды не туды. Чытача накрывае ў кожнай кропцы такі тэатар абсурду і айчыннага рэлятывізму, што можна ўжо не дасьледаваць характар беларускага заканадаўства, мэтодыкі вядзеньня бізнэсу і карпаратыўную культуру. Адно што ўсё роўна: ніхто з маладзёнаў ад падобнага «офісу» не застрахаваны. Галоўнае для героя дасягненьне: ён здолеў сысьці, яго не засмактала і ня зжэрла гэтая абсурдная п’еса.

Засмучае толькі адно: Дубоўскі піша вельмі мала. Дзьве танюткія ягоныя кніжкі — даробак мо дзесяці гадоў працы — наўрад ці будуць лічыцца і чытачом і беларускай экспэртнай супольнасьцю за нешта прарыўное і экстраардынарнае. Вядома, гэта праблема ўсёй нашай контркультурнай прозы: пішацца яна ў вольны ад асноўнага занятку час (а павінна, ведаеце, быць наадварот). Таму і пабачым яго як файнага аўтара, напэўна, гадоў праз трыццаць, калі ён выдасьць кнігу выбранага старонак на дзьвесьце пяцьдзясят. Таксама абсурд, але што зробіш? Пачакаем.​

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG