Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рада Эўразьвязу, камісія Ўкраіна—НАТО, Рада Бясьпекі ААН зьбіраюцца сёньня абмеркаваць ракетны напад прарасейсіх баевікоў на Марыюпаль, у выніку якога загінулі 30 чалавек і паранена каля сотні.

26 і 27 студзеня ў Марыюпалі працягваецца жалоба па загіблых. Учора ў жалобе была ўся Ўкраіна.

У выніку абстрэлу Марыюпаля ў суботу загінулі 30 чалавек, параненыя каля сотні, паведамляе ўкраінская ўлада. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў гэтую атаку «злачынствам супраць чалавечнасьці». Украінскі ўрад усклаў адказнасьць на расейскага прэзыдэнта.

Паводле ацэнкі назіральнікаў АБСЭ, Марыюпаль абстралялі менавіта з пазыцый сэпаратыстаў. Генсакратар НАТО лічыць, што ім дапамагаюць расейскія войскі.

Паводле зьвестак місіі АБСЭ, абстрэл пачаўся каля 09:00 раніцы суботы з тэрыторыі, падкантрольнай групоўцы «ДНР». Пра гэта гаворыцца ў справаздачы спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ.

Паводле інфармацыі мясцовых жыхароў, абстрэльвалі, у прыватнасьці, усходні раён горада Марыюпаля. Адзін са снарадаў трапіў у Кіеўскі рынак.

«Я ў гэты час ішла з рынку, звалілася на зямлю, вакол ляцелі сотні абломкаў», — паведаміла сьведка Марыюпальскаму сайту навін.

Мясцовы журналіст Іван Сеніпалаў у эфіры «Грамадзкага тэлебачаньня Данеччыны» распавёў, што раніцай быў адзін залп па блёкпосьце, два залпы — па жылым квартале.

«Магчыма, гэта было запалохваньне, таму што шмат марыюпальцаў удзельнічалі ў акцыях на падтрымку Ўкраіны», — сказаў ён.

Журналістка Юлія Дзідзенка дадала, што ў раёне абстрэлу спачатку была паніка. «Людзі выбягалі з дамоў, тоўпіліся ў маршрутках. Спыняліся машыны, якія праяжджаюць міма, і падвозілі іх», — апісала яна.

Сярод 30 забітых і амаль сотні параненых ёсьць дзеці, па папярэдніх дадзеных двое зь іх памерлі, восем атрымалі раненьні.

Батальён спэцыяльнага прызначэньня «Азоў», які разьмешчаны ў раёне Марыюпаля, на сваёй старонцы ў Facebook напісаў, што ў выніку абстрэлу 3-гадовая дзяўчынка страціла нагу. «Дзіця атрымала асколачнае раненьне галёнкі. Раненьні дзяўчынка атрымала, калі ехала ў машыне разам з мамай. Жанчына загінула на месцы», — паведамляе батальён.

Вікторыя Прыдушчанка, старшыня грамадзкага фармаваньня «Марыюпальскія жанчыны», распавяла Радыё Свабода па тэлефоне, што ўсе рэанімацыі горада запоўненыя.

«Вельмі шмат жылых дамоў разбурана, шмат машын. Выбітыя практычна ўсе вокны ў шматпавярховых дамах, практычна ва ўсіх у гэтым раёне абстрэлу. Зараз людзі эвакуіруюцца з гэтага раёна. Хто можа зьехаць, зьяжджаюць. Зараз там прыбіраюць, тушаць пажар. Жыхары прыбіраюць шкло, якое ўпала, дзе праезду няма да дамоў», — распавяла яна.

У горадзе дастаткова як лекараў, так і месцаў у бальніцах і мэдыкамэнтаў.

«Мы былі гатовыя, што гэта можа адбыцца», — сказаў Аляксандр Ярашэнка, дэпутат гарадзкой рады Марыюпаля. Паводле яго слоў, жыхароў, якія падтрымліваюць «ДНР» або «ЛНР», у горадзе няма.

«Трагедыя паставіла кропку ў пытаньні ... Сёньня ўсім стала зразумела, што мы адзіная краіна, адзіная нацыя», — сказаў ён.

У 13-й гадзіне ўчора ў Марыюпалі адбыўся мітынгу ў памяць аб загінуўшых у горадзе.

Людзі трымалі плякаты з надпісам «Я Марыупаль», мелі на сабе сьцягі і хусткі ў сіне-жоўтых колерах. Некаторыя з прысутных выціралі сьлёзы.

"Калі гэта ўсё скончыцца? Колькі людзі будуць гінуць? Калі гэты Пуцін спыніць пасылаць сюды войскі?«— пыталася жанчына на дэманстрацыі.

Старшыня групоўкі «ДНР», якая ва Ўкраіне прызнаная тэрарыстычнай, Аляксандр Захарчанка раніцай у суботу заяўляў аб нападзе Марыюпаль:

«Сёньня пачаўся наступ на Марыюпаль. Гэта будзе лепшым помнікам усім нашым загінулым», — сказаў ён падчас ўскладаньня вянкоў да месца абстрэлу тралейбуса ў Данецку.

Аднак ужо праз некалькі гадзін тая ж агенцтва «РІА Навості» паведаміла, што Захарчанка не штурмаваў Марыюпаль і нават не зьбіраўся гэта рабіць.

Пятро Парашэнка назваў абстрэл Марыюпаля «ня проста тэрарыстычным актам, злачынствам супраць чалавечнасьці, падсудным Гаагскаму трыбуналу». Ён заклікаў міжнародную супольнасьць прызнаць групоўкі «ДНР» і «ЛНР» тэрарыстычнымі арганізацыямі.

"Наступае час называць па імені і іх заступнікаў. Любая дапамога баевікам, пастаўкі зброі, тэхнікі і добра трэніраванага жывой сілы — хіба гэта не зьяўляецца падтрымкай тэрарызму, бачнай для ўсяго сьвету?"— заявіў Парашэнка.

"Менавіта на Пуціне ляжыць прамая адказнасьць за сьмерць, кроў і пакуты ўкраінцаў. Вораг атрымае годны адказ за свае крывавыя злачынствы«,— заявіў сакратар РНБА Ўкраіны Аляксандар Турчынаў.

Пракамэнтавала атаку на Марыюпаль і вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па зьнешняй палітыцы Федэрыка Магерыні. У сваёй заяве яна сказала, што горад атакавалі з тэрыторыі, якая цяпер зьяўляецца падкантрольнай сэпаратыстам.

«Гэта адбылося пасьля сэрыі нападаў у Данбасе за апошнія некалькі дзён, у суправаджэньні аб’яў аб далейшым наступу ад сэпаратыстаў, якіх падтрымлівае Расея, і адкрытым адмаўленьні выконваць спыненьне агню», — напісала Магерыні.

Яна заклікала Расію паўплываць на лідэраў сэпаратыстаў і спыніць аказваць ім любую ваенную, палітычную ці фінансавую дапамогу.

XS
SM
MD
LG