Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі ўзгадалі пра статус гістарычных помнікаў пасьля таго, як ім прыгразілі пракуратурай


Адзін з помнікаў архітэктуры – пасьля "рэканструкцыі"

Адзін з помнікаў архітэктуры – пасьля "рэканструкцыі"

Фонд «Віцебскаблмаёмасьць» мусіў зьмяніць умовы аўкцыёну, на які выстаўленыя два будынкі па вуліцы Дзімітрава ў Віцебску. Ад увагі грамадзкасьці не ўдалося схаваць тое, што гэта помнікі архітэктуры канца пазамінулага стагодзьдзя, а не шараговыя дамкі, збудаваная ў 1950-х.

У абвестцы пра аўкцыён на сайце фонду «Віцебскаблмаёмасьць» цяпер напісана, што дамы № 10 і № 12 па вуліцы Дзімітрава — гэта «гістарычная забудова канца ХІХ стагодзьдзя». Першапачаткова было абвешчана, што гэта будынкі пасьляваеннага часу (1953 і 1947 гадоў пабудовы). Аднак у сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы, пазначана, што будынкі № 10 і № 12 — архітэктурныя помнікі канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя.

Даведаўшыся пра сытуацыю ў Віцебску, Старшыня Рэспубліканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч вырашыў зьвярнуцца ў абласную пракуратуру, каб не дапусьціць парушэньня заканадаўства. Адгукнулася і грамадзкасьць Віцебска — нэгатыўнымі камэнтарамі на інтэрнэт-сайтах, дзе апавядалася пра прыхаваньне сапраўднага «ўзросту» і каштоўнасьці будынкаў. Вынікам шырокага грамадзкага незадавальненьня сталіся зьмены ва ўмовах аўкцыёну.

Паводле заканадаўства, уласьнік помніка архітэктуры мусіць несьці адказнасьць за тое, каб ён захоўваўся ў належным стане. Аднак ёсьць прыклады, калі на Віцебшчыне заканадаўства аб ахове гісторыка-культурных помнікаў парушаецца. Прыкладам, у Воршы так і знаходзіцца ў занядбаным стане жылы будынак кляштара базыльянаў, помнік архітэктуры 18 стагодзьдзя. Гадоў 10 таму ён быў перададзены ва ўласнасьць Віцебскай Эпархіі праваслаўнай царквы, і з тае пары так і стаіць бяз даху, разбураючыся ад прыродных ападкаў.

Дом №12 па вул.Дзімітрава ў Віцебску

Дом №12 па вул.Дзімітрава ў Віцебску

Што да забудовы па вуліцы Дзімітрава ў Віцебску, то дом №10а, таксама помнік архітэктуры канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя, перажыў «рэнавацыю». У выніку ад ягонага першапачатковага аблічча не засталося нічога — толькі фрагмэнты сьценак з чырвонай цэглы, якія праглядаюцца з-пад атынкоўкі «абсучасьненага» помніка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG