Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія паштоўкі: ТОП-10 улюбёных тэмаў посткросэраў


У 2015 годзе спаўняецца 10 гадоў папулярнаму міжнароднаму праекту — посткросінгу, які за гэты час ахапіў амаль увесь сьвет, за выключэньнем хіба некаторых афрыканскіх краінаў. Цяпер масавы абмен паштоўкамі паміж невядомымі людзьмі круглы год прыносіць радасьць і эстэтычнае задавальненьне ня толькі адрасатам і адрасантам, але і паштарам, бо паштоўкі, як правіла, дасылаюцца без капэртаў.

Неверагодна, але сярод усіх краінаў сьвету Беларусь займае шостае месца паводле колькасьці адпраўленых паштовак, і дзявятае — паводле колькасьці посткросэраў. Аматары паштовак рэгіструюцца на сайце postcrossing.com, атрымліваюць адрасы, падпісваюць паштоўкі, клеяць маркі, адсылаюць іх і чакаюць картачак з розных краінаў, зьбіраюць іх у стосы, скрынкі ды альбомы, упрыгожваюць імі сьцены, а на сустрэчах паказваюць адно аднаму свае калекцыі і абменьваюцца маркамі ды паштоўкамі.

У кожнага ўдзельніка праекта ёсьць уласны рэйтынг паводле колькасьці атрыманых і дасланых паштовак, а таксама паводле агульнай дыстанцыі, пройдзенай гэтымі паштоўкамі па сьвеце. А вось рэйтынгу саміх паштовак сайт не прадугледжвае, бо кожная з іх адметная, а паўторы часта засмучаюць адрасатаў. І калі немагчыма стварыць рэйтынгу самых папулярных паштовак, дасланых з Беларусі, то вызначыць асноўныя тэндэнцыі сярод беларускіх посткросэраў можна. Цікава ж, якой паўстае наша краіна ва ўяўленьні шчасьліўчыкаў, якія атрымліваюць паштоўкі зь Беларусі.

1. Сьвяты

Паштоўкі зь віншаваньнямі, бадай, займаюць першае месца, бо іх працягваюць па традыцыі рассылаць ня толькі посткросэры, але і звычайныя людзі сваім блізкім на сьвяты, таму іх выдаецца даволі шмат. Каляды, Новы год, Вялікдзень, а таксама Гуканьне вясны, Купальле, Багач, Дажынкі — вось асноўныя тэмы ў гэтым жанры.

Сьвятаў сямейнай абраднасьці тут не сустрэнеш, бо паштоўка дасылаецца невядомаму чалавеку, пра якога можна даведацца толькі тое, што ён распавёў пра сябе ў профілі і якія паштоўкі дадаў у свой віш-ліст. Затое адрасанты часта дасылаюць прывітаньні зь Беларусі і зычаць адно аднаму шчасьлівага посткросінгу.

2. Архітэктура

Ня менш папулярныя сярод беларусаў паштоўкі з помнікамі архітэктуры: замкамі, цэрквамі, касьцёламі.

Трэба толькі памятаць, што шматлікія посткросэры ня любяць атрымліваць паштоўкі зь некалькімі выявамі на адной картачцы (мульцівію): яны выглядаюць дробнымі і невыразнымі.

І часам зусім незразумела, чаму беларус адпраўляе ў Сынгапур Храм Васіля Блажэннага, у Парыж — піраміду Хеопса, а ў Тайвань — Эрмітаж...

3. Краявіды

Паштоўкі зь відамі і даляглядамі трывала замацаваліся ў рэйтынгу, бо яны даюць уяўленьне пра мясьціны, зь якіх дасланая паштоўка. Да таго ж такія паштоўкі актыўна выдаюцца і Белпоштай, і турыстычнымі кампаніямі, і рознымі арганізацыямі, якія дбаюць пра захаваньне прыроды і гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Гэта можа быць і гарадзкі пэйзаж, часта зьняты з вышыні птушынага палёту.

4. Жывёлы

Беларусы вельмі часта дасылаюць паштоўкі з сэрыі «Фаўна Беларусі»: тут і зубры, і буслы, і ласі, і ваўкі, і дзікі. Дарэчы, кожны посткросэр звычайна абірае сабе тэму для калекцыі. Хто калекцыянуе сланоў, хто — рыб, хто — ьбаговак, хто — вожыкаў...

І яшчэ невядома, каго часьцей дасылаюць: коцікаў ці соваў. Совы апошнім часам ледзь не самы модны трэнд у посткросінгу.

5. Мастацтва

Надзвычай папулярныя сярод посткросэраў рэпрадукцыі карцін беларускіх мастакоў, а таксама ілюстрацыі да мастацкіх твораў.

Своеасаблівым жанрам мастацтва можна назваць і сюжэтныя наборы паштовак са сваімі героямі, якія мажліва скласьці ў цэлую гісторыю. Гэта, да прыкладу, наборы казачных паштовак Наташы Чатковай альбо сэрыя паштовак Вольгі Кузьміч пад назвай «З новым котам!»

6. Сымбалі

Найбольш яскравым сымбалем Беларусі зьяўляецца графічнае выяўленьне яе межаў: ці ў выглядзе мапы, ці ў выглядзе воблака тэгаў, ці нават у выглядзе зубра.

Вельмі часта сярод дасланых з Беларусі паштовак сустракаюцца картачкі з сэрыі «Цікавосткі» Алесі Дэр: тут у якасьці сымбаляў нашай краіны выступаюць ня толькі зубры і буслы, але і ручнік, бульба, балота, кірмаш, калыска, папараць-кветка, дуда з жалейкай і слуцкія паясы.

А вось гэты беларускі дзядок-дамавічок не раўнуючы, як нарвескі троль або ірляндзкі лепрэкон, так часта сустракаецца на паштоўках, што ўжо стаў візуальным вобразам гасьціннасьці і дабрадушнасьці беларусаў.

Мода на арнамэнт і традыцыйныя рамёствы ахапіла і беларускіх дызайнэраў паштовак, а посткросэры не засталіся ўбаку і рэгулярна адпраўляюць замежнікам то слуцкі пояс, то саломку, то выцінанку, то вышыванку.

7. Мова

Вялікая доля дасланых зь Беларусі паштовак прысьвечана мове: гэта і тэматычныя слоўнічкі з сэрыі «Не маўчы па-беларуску», і моўныя гульні з сэрыі «Як чуецца, так і малюецца», і пераклады асноўных фразаў, і асацыяцыі пра Беларусь, і наша адметная літара Ў.

Такія паштоўкі разьлічаныя, вядома, ня столькі на атрымальнікаў, колькі менавіта на саміх беларускіх посткросэраў, якія праз сваё захапленьне, не пасьпееш ачомацца, на мову пяройдуць.

8. Гісторыя

На старонках сайту часта можна сустрэць паштоўкі з рыцарам, гербамі і выбітнымі людзьмі Беларусі, што адсылаюць да сярэднявечнай гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Паштоўкі на гістарычную тэму падкрэсьліваюць, што Беларусь пачалася не з 1945, і ўжо ніяк не з 1917 году, а мае за плячыма рыцарскі гонар і памятае пра подзьвігі продкаў.

Рэтра-паштоўкі таксама сьведчаць пра тое, што посткросэры шануюць нашу гісторыю, у тым ліку гісторыю паштовых картачак.

9. Кухня

Надзвычай часта атрымліваюць замежнікі паштоўкі з выявамі беларускіх нацыянальных страваў і іх рэцэптамі. Часьцей за ўсё тут можна сустрэць славутыя дранікі, бабку, хлеб, халаднік, мачанку, журавінавы морс ды іншую смакату.

10. Спорт

Замыкаюць наш рэйтынг паштоўкі на спартовую тэматыку. Летась было выдадзена шмат рэклямнай прадукцыі, прысьвечанай Чэмпіянату сьвету па хакеі, у тым ліку і паштоўкі. Але сустракаюцца ня толькі рэклямныя, але і гумарыстычныя картачкі на гэтую тэму.

Паліна Масьлянкова

для Радыё Свабода

Дзе беларусам добра. Мы не пытаемся, мы адказваем. Мы паказваем установы і арганізацыі, завітаўшы ў якія беларусы пачуваюцца, як дома. Дзе ўсё сваё – мова і кнігі, фільмы і стравы, напоі і ўборы, справы і забавы, героі і сьвятыя. Штотыдзень на нашым сайце чытайце і глядзіце пра беларускія гісторыі, мясьціны, сюжэты. Чакаем і вашых расповедаў.

Дасылайце вашыя гісторыі ў рубрыку «Дзе беларусу добра» на электронны адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG