Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэмарыял: «Загад ня браць палонных — злачынны»


Праваабарончы цэнтр «Мэмарыял» заявіў, што загад, аддадзены кіраўніком ДНР Аляксандрам Захарчанкам узброеным атрадам сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны зьяўляецца «ваенным злачынствам».

У заяве «Мэмарыялу» адзначаецца, што міжнароднае гуманітарнае права адназначна забараняе аддаваць падобныя загады. Артыкул Трэці Жэнэўскай канвэнцыі 1949 году аб абыходжаньні з ваеннапалоннымі, у прыватнасьці, абвяшчае, што асобы, каторыя склалі зброю і перасталі прымаць удзел у ваенных дзеяньнях з прычыны хваробы, раненьняў, затрыманьняў або па любой іншай прычыне, павінны пры ўсіх абставінах карыстацца гуманным абыходжаньнем.

«Мэмарыял» нагадвае, што, згодна з Жэнэўскай канвэнцыяй, «забараняюцца і заўсёды і ўсюды будуць забараняцца» замах на жыцьцё і фізычную недатыкальнасьць, забойства, калецтва, жорсткае абыходжаньне, катаваньні ваеннапалонных.

Расейскія праваабаронцы папярэджваюць, што адказнасьць за ваенныя злачынствы на ўсходзе Ўкраіны прыйдзецца несьці і Расеі, чые вышэйшыя афіцыйныя асобы адкрыта падтрымліваюць сэпаратыстаў.

У заяве «Мэмарыялу» зьмяшчаецца патрабаваньне да кіраўніцтва Расеі «неадкладна распачаць крокі да таго, каб усьвядоміць кіраўніцтва сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны і заахвоціць іх адмяніць злачынны загад».

XS
SM
MD
LG