Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Магілёў лічылі сталіцай літоўскіх бунтаў»


Ратуша – сымбаль эўрапейскага самакіраваньня ў Магілёве
Ратуша – сымбаль эўрапейскага самакіраваньня ў Магілёве

У Магілёве мясцовая грамадзкасьць распачала імпрэзы да гадавіны наданьня гораду магдэбурскага права. 28 студзеня 1577 году кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый дараваў Магілёву прывілей на самакіраваньне. У гэты дзень на працягу дзесятка гадоў мясцовыя актывісты грамадзкіх і палітычных арганізацыяў талакой яго адзначаюць.

24 студзеня актывісты ініцыятывы «Грамадзкі магістрат» зладзілі ў тэхнапарку «Магілёў» канфэрэнцыю «Магдэбурскае права — Эўрапейскі выбар». У ёй ўзялі гісторыкі, сацыёлягі, палітыкі ды мясцовыя грамадзкія дзеячы. Беларуская Свабода пацікавілася ва ўдзельнікаў канфэрэнцыі, што засталося ад традыцыяў магдэбурскага самакіраваньня ў нашым часе. Ці варта пра яго разважаць у практычнай плоскасьці, ці толькі ў гістарычнай з націскам на адраджэньні?

Кандыдат гістарычных навук Ігар Пушкін прызнае: ў Магілёве матэрыяльных сьведчаньняў пра магдэбурскае мінулае гораду засталося няшмат. На ягоную думку, пра тыя часы нагадвае гарадзкі герб, адбудаваная ратуша, выкуплены на сабраныя талакой сродкі асобнік Статута Вялікага Княства Літоўскага ды гандлёвая плошча, якая, як адзначае гісторык, няхай і ў значнай ступені перабудаваная, але падказвае пра эўрапейскую гісторыю Магілёва. Ігар Пушкін лічыць, што можна казаць пра адраджэньне магдэбурскіх традыцыяў у горадзе:

Ігар Пушкін
Ігар Пушкін

«Ёсьць пэўныя крокі выкарыстаньня таго, што было ў мінулым. Мы ня проста адрадзілі ратушу — яе статус музэй гісторыі Магілёва. У ёй ёсьць памяшканьне для правядзеньня афіцыйных і урачыстых пасяджэньняў Магілёўскага гарадзкога савету, то бок у ратушы прадугледжана, што ў некалі будзе засядаць Магілёўскі гарсавет».

«Нават у прадстаўнікоў улады ўжо патроху зьнікае антаганізм, што Магілёў — горад магдэбурскага права, — даводзіць гісторык. — Пакуль усё ўпіраецца ў афіцыйную ідэалёгію. Нам трэба зьмяніць наша разуменьне, шашу сьвядомасьць яшчэ. Пакуль што дух гораду адчуваецца толькі ў некаторай частцы нашай моладзі, напрыклад. Вясковасьць у нас, у Магілёве дужа моцная».

На думку Ігара Пушкіна, даўно насьпеў час адраджаць тэрміналёгію Магдэбурскага права: Бурмістар, лаўнікі, радцы, рада. Вяртаць зь небыцьця знакавыя гарадзкія даты і адзначаць. Гісторык згадвае 9 чэрвеня — дзень гербу, 20 сьнежня — дзень, калі ў Магдэбурскім Магілёве абіралі штогод гарадзкую раду.

Калега Ігара Пушкіна кандыдат гістарычных навук Аляксандар Агееў зазначае, што разьвіцьцё Магдэбурскага права ў Беларусі было перарванае і яго цяпер варта адраджаць. Перарванасьць традыцыяў эўрапейскага самакіраваньня, на думку гісторыка, адбілася на сьвядомасьці беларусаў. Яны ня могуць зразумець як гэта самім кіраваць.

Алесь Агееў лічыць, што некаторыя элемэнты ад магдэбурыі ўсё ж засталіся, але назваць цалкам спадкаемцамі тых традыцыяў гісторык не бярэцца:

Аляксандар Агееў
Аляксандар Агееў

«Напрыклад, рада была часткай органаў кіраваньня. На чале рады стаяў бурмістар, ці бурмістры. У нас ёсьць саветы дэпутатаў, але яны дэ-юрэ рада, але дэ-факта орган, які штампуе рашэньні — хоць і абмяркоўваюць іх. У нас кіраваньне грамадзтвам дамінуе над самакіраваньнем грамадзтва». Адказваючы а пытаньне: «Як успрынялі магілёўцы ў 1577 годзе наданьне гораду магдэбурскага права, ці гатовыя яны былі да яго?» Алесь Агееў зазначыў, што практыка наданьня гарадам магдэбурскага права паказвае, што яно выкупалася гараджанамі:

«Значыць, калі гораду надалі Магдэбурскае права, то жыхары гатовыя былі плаціць і жадалі самі сабой кіраваць. У Магілёве ў той час жылі заможныя месьцічы і сасьпелы да самакіраваньня. Акрамя таго Магілёў лічылі сталіцай літоўскіх бунтаў. У ім пастаянна былі забурэньні. Але гэта былі не паўстаньні — а спробы вырашаць унутраныя канфлікты праз ціск на ўладу. Людзі гатовыя былі тады адстойваць свае правы. Магдэбурскае права давала магчымасьць вырашаць праблемы без крыві, ці з малой крывёю», заўважае гісторык.

Магілёўскі палітык, сябра аргкамітэту па стварэньні партыі Свабоды і Прагрэсу Аляксандар Сілкоў на пытаньне пра спадчыну Магдэбурскага права ў Магілёве адказвае, што ад яго засталася толькі памяць:

Аляксандар Сілкоў
Аляксандар Сілкоў

«Ёсьць людзі ў Магілёве, якія хочуць, каб з тых часоў нешта вярнулася зь небыцьця. Можа быць гэтых людзей лічаць летуценьнікамі. Тое, што цяпер лічыцца мясцовым самакіраваньнем ніяк нельга называць самакіраваньнем. Мы хочам данесьці ідэю, у тым ліку ўладзе: «Вось ёсьць памяць пра магдэбурскае права. Вазьмі зь яго ўсё добрае, прыдатнае цяпер, адаптуйце яго і выкарыстоўвайце ў мясцовым самакіраваньні».

На думку Аляксандра Сілкова, гарсавет — гэта прыдатак выканаўчай улады. Ён лічыць, што дэпутаты гарсавету ня маюць тых паўнамоцтваў і волі, каб кіраваць так як кіравала горадам гарадзкая рада Магдэбурскага часу. Палітык перакананы, што і пяць працэнтаў выбарцаў не згадаюць імёны дэпутатаў за якіх галасавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG