Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як «Навінкі» зьбіраліся супрацоўнічаць з «Charlie Hebdo»


Былы рэдактар правакацыйнай беларускай газэты параўнаў сытуацыю з «Charlie Hebdo» з атмасфэрай Беларусі канца 1990-х — пачатку 2000-х.

Былы рэдактар газэты «Навінкі» Паўлюк Канавальчык быў госьцем праграмы «Размова Жбанкова» на Белсаце.

Сп. Канавальчык не падтрымлівае закідаў журналістам «Charlie Hebdo» у стылі «самі вінаватыя». Ён нагадвае, што галоўная задача сатыры — правакацыя, рэакцыя на тыя вострыя падзеі, якія ёсьць у грамадзтве. «І рэагаваць такім чынам, каб крытыка, сатыра былі ўспрынятыя грамадзтвам. Вядома, што ня кожнаму сатыра будзе даспадобы», — гаворыць госьць «Размовы Жбанкова».

«Навінкі» былі блізкія па стылістыцы да «Charlie Hebdo». Паводле Канавальчыка, рэдакцыі нават зьбіраліся супрацоўнічаць. У прыватнасьці, беларуская рэдакцыя была зацікаўленая ў перавыданьні некаторых коміксаў, надрукаваных французамі.

Былы рэдактар «Навінак» узгадвае, што для яго і калегаў не існавала забароненых тэмаў. Вядома, што ў Беларусі востра стаяла пытаньне палітычнага ціску, а не клерыкальнага. У выніку рэдакцыя ня раз атрымлівала лісты з пагрозамі, прычым ананімных сярод іх не было: судом пужалі ня толькі чыноўнікі, але і прадстаўнікі апазыцыі.

Газэта «Навінкі» была заснаваная ў 1998 годзе і рэгулярна выходзіла да 2003-га. Асьвятляла падзеі ў Беларусі, перадусім палітычныя, з пазыцыяў вострай сатыры.

XS
SM
MD
LG