Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнік лічыць выказваньні нэанацыста Цесака ў эфіры СТВ нармальнай зьявай


Максім Марцінкевіч, Цясак

Максім Марцінкевіч, Цясак

Аршанскі актывіст Ігар Казьмярчак атрымаў адказ на ліст у міністэрства, дзе прасіў даць ацэнку дзеяньням адказных асоб, якія дапусьцілі ў эфір СТВ інтэрвію з Максімам Марцінкевічам, вядомага прыхільніка нэанацызму і фашызму. Зь ліста намесьніка міністра вынікае, што ў праграме ўсяго толькі былі прадстаўленыя «розныя меркаваньні», — піша «Вясна».

«У праграме прыводзяцца розныя пункты гледжаньня на праблемы граху і самасуду, у якасьці адной зь іх прадстаўлена пазыцыя Максіма Марцінкевіча», — гаворыцца ў лісьце, падпісаным намесьнікам міністрам інфармацыі Сяргеем Хільманам. Гэты адказ на свой зварот актывіст разьмясьціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

У звароце да міністэрства Ігар Казьмярчак падкрэсьліваў, што ў праграме «Нам и не снилось. Рождённые верой. 2 серия» грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі Максім Марцінкевіч, які ў асяродку нэанацыстаў і сучасных прыхільнікаў фашызму вядомы пад мянушкай «Цясак», быў паказаны ў якасьці экспэрта, «лідэра грамадзкага руху». Вядома, што ён быў стваральнікам некалькіх грамадзкіх арганізацый, дзейнасьць якіх была забароненая на тэрыторыі Расеі пастановай суда як арганізацый фашыстоўскай ідэалёгіі. Сам Марцінкевіч тройчы прыгаворваўся судом да розных пакараньняў за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці, і на момант выхаду перадачы ў эфір 3 снежня 2014 года ён адбываў чарговае пакараньне ў калёніі.

Аршанскі актывіст адсачыў, што ў тэлеперадачы Максім Марцінкевіч паказаны двойчы: падчас самасуда, які ўчыніў разам са сваімі паплечнікамі, і з развагамі перад камэрай на тэму, што такое грэх. Гледачы бачаць на экране хлопца, апранутага ў майку зь лягатыпам фірмы «White rex», якая спэцыялізуецца на выпуску вопраткі для нэанацыстаў. У асартымэнце фірмы ёсьць і майкі са стылізаванай свастыкай.

Але С.А.Хільман піша, што «надпіс на майцы ня ўтрымлівае забароненай сымболікі», што ў праграме не было заклікаў да гвалту, прапаганды нацысцкай сымболікі і фашызму«. Адпаведна, намесьнік міністра ня бачыць парушэньняў Закону Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі».

На думку Ігара Казьмерчака, нельга дапускаць зьяўленьня на тэлебачаньні лідараў сучасных фашыстаў у якасьці экспэртаў ці аўтарытэтаў, бо гэта ўскосная прапаганды ідэяў адпаведнага кшталту і можа прывесьці да дэстабілізацыі міжнацыянальных і міжэтнічных зносінаў. Ня кажучы ўжо пра тое, што дэманстрацыя меркаваньняў такіх «экспэртаў» абражае старэйшае пакаленьне, якое памятае апошнюю вайну супраць фашызму.

Адказ зь міністэрства інфармацыі аршанскага актывіста не задаволіў — тым больш, што ён прыйшоў са спазьненьнем: Ігар Казьмярчак чакаў яго больш за месяц.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG