Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як хавалі караля Саудаўскай Арабіі?


Караля засыпаюць зямлёй.
Караля засыпаюць зямлёй.

Кароль Саудаўскай Арабіі Абдула пахаваны ў простым белым саване на могілках у Эр-Рыядзе, дзе спачываюць многія яго суайчыньнікі. Кароль памёр 22 студзеня пасьля цяжкай хваробы.

Пахаваньне прайшло ў адпаведнасьці з аскетычнай традыцыяй саудаўскага суніцкага ісламу, які лічыць паказныя праявы гора або смутку грахом, падобным да ідалапаклонства. Цела было пранесенае праз натоўп на дыване, пакладзеным на насілкі, затым перанесена сваякамі мужчынскага полу на могілкі і пакладзена ў зямлю. Ніякай цырымоніі падчас пакладаньня ў зямлю і закапваньня не было.

У краіне не аб’яўлена афіцыйная жалоба і ня прыспушчаныя сьцягі на дзяржаўных установах. Нягледзячы на папулярнасьць караля сярод падданых у Саудаўскай Арабіі, на вуліцах не было спантанных сходаў у сувязі са сьмерцю манарха, адзначае Reuters. Урадавыя ўстановы, закрытыя на выхадныя ў пятніцу-суботу, адкрыюцца, як звычайна, у нядзелю. Заходнія агенцтва адзначаюць, што цырымонія пахаваньня сваёй прастатой рэзка кантраставала са стылем жыцьця караля, які жыў і вандраваў па сьвеце ў раскошы. У 2006 годзе ён загадаў абсталяваць свой асабісты самалёт «Боінг-747» такімі ж сыстэмамі бясьпекі, як у яго сябра, прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша-малодшага.

У пятніцу віцэ-прэзыдэнт ЗША Джозэф Байдэн заявіў, што паедзе ў Саудаўскую Арабію «у бліжэйшыя дні», каб аддаць даніну павагі каралю Абдулу. У заяве, распаўсюджанай Белым домам, Байдэн назваў сьмерць караля Абдулы «вялікай стратай для Саудаўскай Арабіі».

Байдэн сказаў, што заўсёды цаніў караля Абдула за «шчырасьць, пачуцьцё гісторыі, за яго намаганьні па прасоўваніні сваёй краіны наперад і за яго моцную веру ў адносіны Саудаўскай Арабіі з ЗША». Віцэ-прэзыдэнт паведаміў, што ўзначаліць дэлегацыю, якая прадстаўляе Злучаныя Штаты, для выражэньня павагі і спачуваньняў сям’і і народу караля Абдулы.

Новым каралём Саудаўскай Арабіі абвешчаны 79-гадовы зводны брат прынц Салман. Кронпрынцам абвешчаны прынц Мукрына.

Багатая нафтай Саудаўская Арабія зьяўляецца ключавым саюзьнікам ЗША на Блізкім Усходзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG