Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея часткова дазваляе пастаўкі беларускіх харчоў, гарадзенцы кажуць пра фальсыфікацыю


З 24 студзеня расейскі бок дазволіць закрытым для экспарту ў Расею беларускім мясакамбінатам часткова аднавіць пастаўкі. Пакуль гэта тычыцца тэрмічна апрацаванай прадукцыі.

Тым часам генэральны дырэктар Гарадзенскага мясакамбінату Анатоль Грышук абвінаваціў расейцаў у фальсыфікацыях.

Пастаўкі зь беларускіх прадпрыемстваў былі спыненыя на той падставе, што ў прадукцыі выявілі геном віруса афрыканскай чумы сьвіней.

Сёньня ў Маскве адбылася рабочая сустрэча міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леаніда Зайца з кіраўніком Рассельгаснагляду Сяргеем Данквертам.

Па выніках перамоў вырашана аднавіць пастаўкі тэрмічна апрацаванай прадукцыі зь ялавічыны дзевяці прадпрыемствам Беларусі, якія заставаліся пад забаронай, — сказаў начальнік галоўнага ўпраўленьня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Мінсельгасхарчу Беларусі Аляксей Багданаў.

Таксама падпісаны пратакол, каб хутчэй аднавіць пастаўкі ялавічыны ў паўтушах.

Гендырэктар Гарадзенскага мясакамбінату Анатоль Грышук абвінаваціў расейцаў у фальсыфікацыях.

Маўляў, прадукцыя і дакумэнты Гарадзенскага мясакамбінату былі сфальсыфікаваныя ў Расеі — на рынку ў Вялікіх Луках. Матэрыялы пра падробку дакумэнтаў былі перададзеныя ў адпаведныя праваахоўныя органы Расеі.

Праз гадзіну пасьля таго, як на сайце Рассельгаснагляду зьявілася інфармацыя пра выяўленьне ў гарадзенскай прадукцыі генома афрыканскай чумы сьвіней, у Расею накіравалася беларуская дэлегацыя, якая і выявіла парушэньні.

Дырэктар Анатоль Грышук заявіў БелТА, што з 10 сьнежня прадпрыемства не паставіла ў Расею ніводнай партыі прадукцыі.

22 студзеня Рассельгаснагляд зноў папрасіў Беларусь узмацніць барацьбу з кантрафактам. Расейскі бок лічыць, што ў Расею зь Беларусі працягваюцца пастаўкі садавінагародніннай прадукцыі ў суправаджэньні фальшывых фітасанітарных сэртыфікатаў трэціх краін, у якіх тая прадукцыя нібыта вырабленая.

Паводле расейскага боку, падробка фітасанітарных сэртыфікатаў краін паходжаньня расьліннай прадукцыі — адзін з асноўных шляхоў, каб незаконна абысьці эмбарга, уведзенае Расеяй у жніўні 2014 году.

Напрыканцы мінулага году РФ забараніла пастаўку харчоў больш як з 20 прадпрыемстваў Беларусі з-за генома віруса АЧС, мікробнага забруджваньня і антыбіётыкаў. Бакі пачалі сумесныя праверкі шэрагу прадпрыемстваў. Пазьней з часткі прадпрыемстваў забарону зьнялі.

19 студзеня Расельгазнагляд заявіў, што вымушаны па-ранейшаму кантраляваць сельгаспрадукцыю на мяжы Беларусі і Расеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG