Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палкоўніку міліцыі, які калекцыянаваў віскі, далі сем год за хабарніцтва


Былога намесьніка начальніка крымінальнай міліцыі Ўпраўленьня ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму Вячаслава Іваненку асудзілі на сем год узмоцненага рэжыму.

Ён пазбаўлены званьня палкоўніка міліцыі і права займаць пасады ў органах унутраных спраў на пяць год. У Іваненкі канфіскаваная маёмасьць. Такі вырак вынес былому міліцыянту 23 студзеня Магілёўскі абласны суд.

Вячаслаў Іваненка прызнаны вінаватым у падбухторваньні да даваньня хабару, авалодваньні маёмасьцю шляхам падману (махлярства), а таксама ў атрыманьні хабару ў буйным памеры.

На адрас міністра ўнутраных спраў суд вынес прыватнае вызначэньне за нездавальняючую працу ў падборы кадраў на пасады начальствуючага складу міністэрства.

Былы намесьнік начальніка крымінальнай міліцыі Гомельскай вобласьці, як выявіла сьледзтва, атрымаў шэсьць тысяч даляраў хабару, наручны гадзіньнік (коштам больш за дзевяць мільёнаў рублёў) ды падарункавы набор віскі (коштам больш за мільён рублёў) за тое, што «дапамог» грамадзяніну Расеі Касьміну ўратавацца ад дэпартацыі зь Беларусі, а таксама паспрыяў, каб са сьпісу асобаў, якія ў міждзяржаўным вышуку, выдалілі жыхара Масквы Батурына.

Іваненка прызнаў факт атрыманьня грашовага хабару, але не пагадзіўся, што гадзіньнік і віскі — хабар. Спрабаваў давесьці, што гэта падарунак. Паводле яго, ён зьбіраў дарагое віскі. А тое, што яму падарылі, казаў на судзе палкоўнік, не было калекцыйным. Пры нагодзе ён бы яго выпіў.

Па адной справе з Іваненкам праходзіў грамадзянін Расеі Андрэй Касьмін. Суд прызнаў яго вінаватым у даваньні хабару ў буйным памеры і асудзіў на чатыры гады ўзмоцненага рэжыму. Касьміна ўзялі пад варту ў залі суду. Пакуль быў суд, ён знаходзіўся пад падпіскай пра нявыезд. Унесены братам Касьміна заклад за яго вярнулі назад.

Іваненку на судовых пасяджэньнях трымалі за кратамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG