Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Шарлі Дарыяна Грэя


Першае выданьне рамана, якому сёлета спаўняецца 125 гадоў

Першае выданьне рамана, якому сёлета спаўняецца 125 гадоў

У Оскара Ўайльда ёсьць раман «Партрэт Дарыяна Грэя» – пра чалавека, які па жыцьці робіць усякія злачынствы, але застаецца пры тым маладым і прыгожым – ягоныя эгаізм, азлобленасьць і вычварэнства адбіваюцца толькі на ягоным партрэце. З кожным новым злачынствам партрэт ператвараецца ў агідную карыкатуру. У выніку на Дарыяна Грэя – па-ранейшаму маладога і прыгожага – пазірае з партрэта мярзотны старыкан.

Апублікаваны 125 гадоў таму твор па-свойму раскрывае сутнасьць таго, што адбылося ў рэдакцыі францускага сатырычнага часопіса «Шарлі Эбдо». Аўтары выданьня малявалі карыкатуры на рэлігійны фэтышызм і масавы псыхоз. Тым часам фанатыкі трактавалі гэтыя малюнкі, як карыкатуры на іхную веру. Яны ажно шалелі, бачачы на партрэце ўласную дурасьць, азлобленасьць і эгаізм.

І тады Дарыян Грэй забіў мастака – аўтара свайго партрэта.

Што адбылося? Анічога. Шаленства нікуды ня дзелася зь ягонай істоты.

І тады ён забіў сам партрэт! Уваткнуў нож у палатно.

Калі ў пакой увайшлі слугі, яны пабачылі цэленькі партрэт маладога прыгожага чалавека, пад якім ляжаў мёртвы мярзотны старыкан.

Вера ў высокае – як любоў – узвышае і акрыляе чалавека, таму намаляваць карыкатуру на яе немагчыма. Дзікунства, наадварот, прыніжае, і робіцца аб’ектам сатыры. Але сатыра яшчэ ніколі і нікога не забіла. Чаго ня скажаш пра дзікунства, якое працягвае сваё паляваньне, страляючы ў сатырыкаў, ад чаго ўсё больш агіднымі і карыкатурнымі робяцца яго партрэты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG