Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрысьціцель «рускага міру»


Уладзімер Краснае Сонейка
Уладзімер Краснае Сонейка

Ангела Мэркель заявіла, што анэксія Крыму «ня проста анэксія», а парушэньне «эўрапейскага сьветапарадку». Тым часам Пуціну здаецца, што гэта навядзеньне зь яго боку нейкай «летапіснай справядлівасьці». Ён увесь у мітах і легендах, таму ня можа пагадзіцца з Мэркель.​

Як вядома, «хрысьціцель Русі» князь Уладзімер Краснае Сонейка захапіў «маці гарадоў рускіх» Кіеў, прыбыўшы з дружынай з Ноўгараду. Вось і сучасны Ўладзімер, ня доўга думаючы, пра Кіеў паведаміў аднойчы «гораду і сьвету»: без праблем магу яго ўзяць. Ну сапраўды: чым ён горшы за старажытнага князя?​

Але Кіева будзе замала, каб застацца ў гісторыі. Патрэбныя дадатковыя ляўры. Трэба хрысьціць Русь, як зрабіў князь Уладзімер. А калі гэта даўно пройдзены этап, узьнікае думка аб «хрышчэньні» ў «рускі мір» тых, хто знаходзіцца па-за межамі РФ. І трэба «заваяваць Ерусалім», але свой, рускі. Не гісторык паводле адукацыі, Уладзімер Пуцін мог даведацца пра хрышчэньне самога князя Ўладзімера ў крымскай Корсуні (славянская назва Херсанэсу) з раману «Востраў Крым», некалі «антысавецкага». ​

Пуцін заяўляе, што Крым для рускіх — гэта ўсё роўна як Храмавая гара ў Ерусаліме для мусульман і юдэяў, мае «сакральнае» значэньне, таму «тэрыторыя стратэгічна важная». Дзеля важкасьці ён спаслаўся на летапісцаў і паўлегендарную гісторыю з хростам князя Ўладзімера. Высокамоўныя фармулёўкі на царкоўныя тэмы гучаць з вуснаў кіраўніка сьвецкай дзяржавы, былога афіцэра дзяржбясьпекі прынамсі не да месца. Такая тэматыка болей пасавала б патрыярху. Аднак ён, адрозна ад Пуціна, бадай, разумее катастрафічнасьць агрэсіі супраць Украіны і дыпляматычна маўчыць. ​

Ну каму больш патрэбная царква ў Херсанэсе? Крамлёўскаму начальніку ці патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі? Адказ зразумелы. Аднак яго, патрыярха Кірыла, таксама дарэчы на сьвецкі лад Уладзімера (Уладзімер Гундзяеў), магло задавальняць, што ў Крыме і ва Ўкраіне агулам грунтоўна прысутнічае Руская праваслаўная царква і што там мірнае неба. Так, былі праблемы, але хіба іх можна параўнаць з тымі, што ўзьніклі пасьля анэксіі Крыму і вайны ў Данбасе? Ня кажучы, што на крымскім алтары цяпер кроў прынамсі пяці тысяч чалавек. Калі Пуцін не разумее, што такой не павінна быць «дарога да храму», то што ён тады ўвогуле можа разумець?​

Адкуль жа ўзялася гэтая ідэя з крымскім хростам? Прыдворны гісторык Карамзін рабіў (1804) ідэалягічнае забесьпячэньне для свайго мэцэната цара Аляксандра І. У славутай «Гісторыі дзяржавы Расейскай» яму хацелася абгрунтаваць думку аб надзвычайнай карысьці для Расеі моцнай самадзяржаўнай улады. Карамзін знайшоў летапіс, дзе распавядалася гісторыя аб хрышчэньні князя Ўладзімера ў Корсуні. Калі б летапісу не было, яго варта было прыдумаць. Толькі нядаўна памерла Кацярына другая (1796), далучыўшы да Расейскай імпэрыі Крым (1783). А тут пісьменьнік Карамзін літаратурным стылем падмацуе гэты вайсковы трафэй царкоўна-гістарычна: маўляў, Расея мела правы на Крым яшчэ ў старадаўнія часы.​

Князь Уладзімер, аднак, ня быў такім «чыстым», калі зірнуць на яго зь цяперашняй прававернай пазыцыі Крамля. Летапісы захавалі зьвесткі аб тым, што напачатку яму было ўсё роўна – хрысьціць Русь ці ісламізаваць. Да яго прыходзілі ў Кіеў «лаціньнікі» з прапановай рымскага хросту, сам ён паслаў чатырох набліжаных людзей у Харэзм, каб высьветліць магчымасьць прыняцьця ісламу. Была таксама думка «пахрысьціць» рускіх людзей у юдаізм. (Хто памятае: гэтую гісторыю выкарыстаў у «Хазарскім слоўніку» Павіч). І толькі потым, пасьля гутаркі з грэцкім філёзафам, Уладзімер нарэшце вызначыўся. Хоць навукоўцы і гісторыю з выбарам рэлігіі схільныя лічыць легендарнай. З такой адлегласьці часу праўду ад выдумкі адрозьніць бывае цяжка.​

Існуюць таксама зьвесткі, што Ўладзімер пахрысьціўся ў самім Кіеве, паколькі ў горадзе ўжо існавалі храмы, альбо побач — у Васількове. Аднак гэтыя вэрсіі Карамзін перакрэсьліў, жадаючы ідэалягічна падмацаваць менавіта крымскія заваёвы нябожчыцы імпэратрыцы. ​

Вось такі жарт згуляла гісторыя з Пуціным, ён трапіў у палон «мітаў і паданьняў». Калі б яго звалі інакш, скажам, Мікалаем ці Пятром, то можа ён бы так не захапіўся гісторыяй з Уладзімерам Красным Сонейкам. ​

Ня лішнім будзе нагадаць і пра «беларускі сьлед» любімага сёньня Крамлём князя Ўладзімера. Ён сваім часам захапіў Полацак, згвалціў тамтэйшую князёўну Рагнеду на вачах бацькоў, забіў яе бацьку Рагвалода і двух братоў. Пасьля чаго прымусам забраў Рагнеду сабе ў жонкі. Адпомсьціў, што не пажадала раней сама «разуць рабыніча» перад сужэнскім ложкам, нагадаўшы тым самым, што ён сын наложніцы. Так што герой быў яшчэ той. ​

Дарэчы, пра Ерусалім. Захапіўшы яго, кіраўнік крыжовага паходу праявіў «сьціпласьць», не прыняўшы каралеўскі тытул, назваўся «абаронцам Дамавіны гасподняй». Ня выключана, мы неўзабаве пачуем пра новы тытул «абаронцы рускага міру», які пачаў з «рускага Ерусаліму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG