Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская пракуратура назаве «непажаданых» замежнікаў


Аляксандар Тарнаўскі
Аляксандар Тарнаўскі

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International рэзка скрытыкавала расейскі законапраект аб «непажаданых замежных арганізацыях», які 20 студзеня быў ухвалены ў першым чытаньні ў Дзярждуме.

Праваабаронцы адзначаюць, што дакумэнт зьяўляецца яшчэ адным трывожным сыгналам, які паказвае, што ўлады прымаюць захады для таго, каб абмежаваць ўсялякую публічную прастору для крытыкі.

Аўтары заявы цытуюць дырэктара маскоўскага офісу Amnesty International Сяргея Нікіціна, які зазначыў, што «ідэі, якія пагражаюць асноўным свабодам, літаральна пракатваюцца праз Думу і ператвараюцца ў драконаўскія законы, якія сьціскаюць прастору для выказваньня меркаваньняў нязгодных і для незалежнай грамадзянскай актыўнасьці».

У заяве адзначаецца, што закон уводзіць расплывістае паняцьце «міжнародная арганізацыя, якая прадстаўляе пагрозу абароне i нацыянальнай бясьпецы дзяржавы, альбо грамадзкаму парадку, альбо здароўю насельніцтва».

Паводле законапраекту, «непажаданымі» павінны быць прызнаныя замежныя арганізацыі, якія, на думку ўладаў, штурхаюць Расею да грамадзкай напружанасьці і «каляровых» рэвалюцыяў, ствараючы гэтым пагрозу самой дзяржаўнасьці. Складаньне такога сьпісу будзе праходзіць без суду, як гэта ўжо адбываецца ў выпадку з НДА — «замежнымі агентамі».

Вызначаць «непажаданых» будзе Генпракуратура па ўзгадненьні зь Міністэрствам замежных справаў і праваахоўнымі органамі. Дэпутат Дзярждумы ад фракцыі «Справядлівая Расея» Аляксандар Тарнаўскі, які ўнёс законапраект на разгляд парлямэнту, лічыць прадугледжаныя ўжо існуючымі законамі меры недастатковымі для адказу на палітычныя, эканамічныя і тэрарыстычныя пагрозы, зь якімі сутыкаецца Расея.

Прадстаўляючы законапраект, Аляксандр Тарнаўскі заявіў: «Законапраект абмяркоўваўся і з замежнымі кампаніямі, і зь мэдыйнымі кампаніямі, пачынаючы зь Бі-Бі-Сі, прадстаўнікамі Радыё Свабода, і ў эфіры Камэрсанта FM і „Рэха Масквы“, і іншых, ня вельмі, напэўна, дружалюбных да нас арганізацый. Штосьці прымаецца, над чымсьці трэба думаць, але самае галоўнае, хачу адзначыць, няма ніводнай заўвагі, якая б перакульвала канцэпцыю законапраекту».

Кіраўніцтва Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа не пацьвярджае кантактаў з гэтай нагоды.

У 2012 годзе ў Расеі быў прыняты закон, які абавязвае недзяржаўныя арганізацыі, якія фінансуюцца з-за мяжы і ўдзельнічаюць у палітычнай дзейнасьці, рэгістравацца ў якасьці замежных агентаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG