Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Лепей ня будзе, будзе толькі горш», – эканамісты


Няпэўнай застаецца сытуацыя на фінансавым рынку Беларусі. Па выніках біржавых таргоў курс даляра зьнізіўся на 20 рублёў, эўра на 10 рублёў умацаваўся. Але на агульную карціну, якая сфармавалася яшчэ на пачатку году, нязначныя ваганьні не ўплываюць: валюты ў вольным продажы па-ранейшаму бракуе, а на тле інструкцыяў аб недапушчэньні росту коштаў імпартэры згортваюць пастаўкі прадукцыі.

Экспэрты не выключаюць, што цяперашні крызіс можа каштаваць беларусам даражэй, чым фінансавыя ўзрушэньні 2011 году, якія ў найноўшай гісторыі Беларусі лічацца самымі балючымі для фінансавай сыстэмы. Эканамічны аглядальнік, кіраўнік бізнэс-парталу probusiness.by Віталь Валянюк акцэнтуе ўвагу на тым, што перадусім зьмяніліся зьнешнія фактары – у глыбокім піке расейская эканоміка, да якой шчыльна прывязаная Беларусь: ​

«Ключавы ў сёлетняй сытуацыі – чым яна прынцыпова адрозьніваецца, напрыклад, ад сытуацыі 2011–2012 гадоў, – вонкавы фактар. У тую дэвальвацыю беларуская эканоміка хутка аднавілася на тле таго, што ў суседзяў была нармальная эканамічная сытуацыя. За кошт таго, што цэны і выдаткі беларускіх вытворцаў рэзка зьнізіліся пасьля дэвальвацыі рубля, прадукцыя стала больш канкурэнтаздольнай, пачаў расьці экспарт, валютная выручка і эканоміка ачуняла досыць хутка – аднавіліся і даходы насельніцтва, і фінансавыя паказьнікі прадпрыемстваў. Яшчэ раз паўтару – найперш дзякуючы таму, што ў нашых суседзяў, асноўных гандлёвых партнэраў сытуацыя была нармальная. Цяпер мы бачым, што ў Расеі прасяданьне эканомікі назіраецца і ў гэтым годзе. Магчыма, яно працягнецца і ў 2016-м. Таму аднаўленьне беларускай эканомікі пасьля дэвальвацыі рубля такім жа хуткім, як у 2011–12 гадах, ня будзе. То бок гэта больш зацяжны і больш цяжкі крызіс для нацыянальнай эканомікі». ​

Рэгуляваць становішча на валютным рынку фінансавыя ўлады намагаюцца правераным спосабам «ручнога кіраваньня». Але ва ўмовах абмежаваных золатавалютных рэзэрваў уплываць на сытуацыю ня так проста, а ведамасныя інструкцыі, якія патрабуюць стрымліваць цэны, збольшага выліваюцца ў нязручнасьці як для імпартэраў, так і для спажыўцоў. Ужо цяпер канстатуецца істотнае скарачэньне імпарту, што можна ўбачыць па заўважна апусьцелых паліцах крамаў. Але, як лічыць Віталь Валянюк, з улікам значнай імпартазалежнасьці Беларусі сытуацыя неўзабаве павінна выправіцца: ​

«Тое, што адміністрацыйна абмяжоўваецца імпарт, – гэта вельмі істотна ўплывае на імпартэраў. Дзейнасьць шэрагу кампаніяў-імпартэраў практычна прыпыненая. Зразумела, што гэта ня можа цягнуцца бясконца доўга, і зь цягам часу імпарт давядзецца аднаўляць – і спажывецкі, і, само сабой, імпарт сыравіны, матэрыялаў, абсталяваньня для нашых прадпрыемстваў. Паколькі імпартазалежнасьць эканомікі надзвычай высокая, нейкае часовае зьніжэньне імпарту быць можа, але потым аб’ёмы, я перакананы, адновяцца». ​

З ініцыятывы кіраўніцтва Нацыянальнага банку на пачатку году адбылася больш жорсткая прывязка да расейскага рубля ў «валютным кошыку», што пакідае мала шанцаў на аўтаномнае плаваньне рублю беларускаму. Ці можна прагназаваць, што калі ў Расеі нацыянальную валюту будзе ліхаманіць надалей, гэта аўтаматычна перакінецца і на Беларусь? Супрацькрызісны кансультант Мечыслаў Бурак катэгарычны: ​

«У нас будзе яшчэ горш, нават не сумнявайцеся – у іх там хоць нейкія грашовыя запасы ёсьць, адрозна ад нас. Праўда, амаль упэўнены, што яны іх гэтаксама бяздарна разбазараць і нічога не даб’юцца. Па вялікім рахунку, у расейцаў няма паўнавартаснай эканомікі. Справа ў тым, што ў іх сыравінная эканоміка, а сёньня ўсе вядучыя дзяржавы ўжо ў іншым вымярэньні: Кітай знаходзіцца ў індустрыяльнай эканоміцы, Захад знаходзіцца ў постіндустрыяльнай эканоміцы, а Расея загрузла ў эканоміцы сыравіннай. І мы разам зь ёй – там жа. Калійныя ўгнаеньні і перапрацоўка чужой нафты – вось і ўсё, на што здольныя. Больш няма ніводнай іншай крыніцы. І ні рубля, ні даляра Лукашэнку ніхто не дае і ня дасьць, бо ў нас ніякай рэальнай эканомікі няма і ні за чым яна не стаіць, усё на ўзроўні кулюарных дамоваў». ​

Абвал рубля балюча ўдарыў па шараговых грамадзянах. Не пасьпее кіраўніцтва краіны абвесьціць гонку за запаветнай мэтай у 500 даляраў, як праз пару гадоў гэта лічба зноў становіцца недасягальнай. Днямі Аляксандар Лукашэнка параіў беларусам укладацца ў каштоўныя паперы, якія друкуюць дзяржаўныя ведамствы: маўляў, фінансавы рынак можна пашырыць за кошт прыцягненьня сродкаў насельніцтва: «Хай укладаюць грошы ў аблігацыі, у людзей павінен быць шырокі выбар для інвэставаньня сваіх зьберажэньняў». Дырэктара Агенцтва дзелавых сувязяў Валянціна Лопана ідэя далейшай далярызацыі пад дахам дзяржавы ня ўражвае: ​

«Я ўвогуле нэгатыўна стаўлюся да таго, што Міністэрства фінансаў выпускае аблігацыі, намінаваныя ў далярах ці эўра, і яшчэ абяцае па іх плаціць нейкія працэнты. То бок, найперш гаворка пра прыбытак па аблігацыях. Але дзе ж яно іх возьме? Мінфін – гэта ж не гаспадарчая ўстанова. Ведамства само па сабе не зарабляе, не пастаўляе нічога на экспарт, ня мае ні вытворчасьці, ні паслугаў. Значыць, недзе ў некага адніме – у таго, хто сапраўды зарабіў – каб потым заплаціць працэнты па пазыках. Калі ў беларускіх рублях – ладна, яшчэ можна зразумець: можна іх надрукаваць, хоць, зноў жа, будзе большая інфляцыя і г.д. Але ў замежнай валюце – я гэтага ніяк не разумею». ​

На сёньняшніх таргах Беларускай валютна-фондавай біржы беларускі рубель зьнізіўся ад 14 910 да 14 890 за даляр, эўра падрасло ад 17 240 да 17 250 рублёў. У абменных пунктах даляр вагаецца ў межах 15 000, эўра – 17 500 рублёў.

XS
SM
MD
LG