Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Калачоў: Канфлікт на Данбасе будзе вырашацца сілавым чынам


Канстанцін Калачоў.

Канстанцін Калачоў.

Дыпляматычны шлях вырашэньня канфлікту на Данбасе зайшоў у тупік, але для поўнамаштабнай вайны ў бакоў недастаткова рэсурсаў,— экспэрт з Масквы.

Далей Расея і Ўкраіна будуць браць адна адну на змор — пакуль у кагосьці канчаткова не абрынецца эканоміка.

Гэтую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў расейскі палітоляг, кіраўнік «Палітычнай экспэртнай групы» Канстанцін Калачоў.

— Ці ёсьць аптымізм адносна таго, што збройны канфлікт можна спыніць дыпляматыяй?

— Сустрэча кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў Расеі, Украіны, Нямеччыны і Францыі прайшла на фоне эскаляцыі канфлікту на Данбасе, дзе, паводле вэрсіі расейскага боку, Украіна з новай сілай узнавіла спэцапэрацыю, а паводле ўкраінскага — апалчэнцы перайшлі ў актыўны наступ. Сустрэча «нармандзкай чацьвёркі» сур’ёзным прагрэсам не завяршылася, і ніхто нават ня можа гарантаваць, што ранейшыя дамоўленасьці пра спыненьне агню будуць выконвацца.

— Чаму сытуацыя зайшла ў тупік?

— Цягам апошняга месяца ў сацыяльных сетках ідэолягі «Рускай вясны» і «Наваросіі» заклікалі да наступу, кажучы, што гэта вырашыць праблему аддзяленьня Данбасу ад Украіны. Знаходзіцца ў складзе Ўкраіны Данбас ужо не зьбіраецца, у той час як Расея ў асобах Пуціна і Лаўрова публічна выступае за цэласнасьць Украіны. Таму сытуацыя тупіковая і патавая.

— Але ж нейкім чынам яна вырашыцца. Што будзе ўплываць на вынік — дыпляматычная гнуткасьць ці вайсковая моц?

— Вынік гэтай сытуацыі будзе залежаць ад ваеннай перавагі таго ці іншага боку. З улікам таго, што сустрэча ў Астане пакуль не адбылася, камэнтары Пяскова пра ўдзел Пуціна вельмі ўніклівыя, міратворчая дзейнасьць Назарбаева пакуль да вынікаў не прывяла, — зразумела, што канфлікт зацягнецца яшчэ надоўга і вырашыць дыпляматычна яго немагчыма. Вынік будзе залежаць ад ваенных посьпехаў таго ці іншага боку. Разам з тым я б сказаў, што сёньня ніводзін з бакоў не гатовы да поўнамаштабнай вайны і тым больш да перамогі.

— Тады што адбываецца цяпер?

— Бакі бяруць адзін аднаго на змор — высьвятляючы, у каго хутчэй абрынецца эканоміка. Тым больш што крызіс у расейскай эканоміцы выклікаў ва ўкраінскага кіраўніцтва асьцярожны аптымізм.

— Якіх складнікаў не хапае для вырашэньня канфлікту?

— Для выйсьця было б неабходна, каб Расея націснула на кіраўніцтва «ДНР» і «ЛНР» з тым, каб яны сталі больш дамоваздольнымі. Гэтага не адбываецца. Таксама трэба, каб Украіна прызнала «ДНР» і «ЛНР» паўнапраўнымі перамоўнікамі. Гэтага таксама не адбываецца, больш за тое, Пятро Парашэнка прыклаў шмат намаганьняў, каб у Эўропе гэтыя арганізацыі прызналі тэрарыстычнымі. Прагрэсу не чакаецца. Расея і Ўкраіна будуць працягваць несьці страты, а раздражненьне ў Эўропе будзе нарастаць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG