Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі прыходзілі да труны рупліўца беларушчыны зь бел-чырвона-белымі кветкамі і сьвечкамі.

У Чырвоным касьцёле адбылася цырымонія разьвітаньня з гісторыкам Анатолем Грыцкевічам.

Службу за спачын душы нябожчыка паводле грэка-каталіцкага абраду правёў архімандрыт айцец Сяргей Гаек. Людзі прыходзілі зь бел-чырвона-белымі кветкамі, са сьвечкамі. Сярод іншых прысутнічалі прадстаўнікі Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, Таварыства беларускай мовы.

Адбыліся дзьве памінальныя імшы — паводле грэка-каталіцкага і рыма-каталіцкага абраду. Прадстаўнікі грэка-каталіцкай царквы зачыталі ліст апостальскага нунцыя ў Беларусі Клаўдыё Гуджэроцьці на ўшанаваньне памяці Анатоля Грыцкевіча.

Айцец Сяргей Гаек і ксёндз Уладыслаў Завальнюк, які адпраўляў імшу, прамовілі таксама колькі словаў пра дасьледчыцкую, навуковую дзейнасьць Анатоля Грыцкевіча, пра ягоныя заслугі перад народам Беларусі, а таксама ягоную дзейнасьць на ніве хрысьціянства, на ніве разьвіцьця духоўнасьці і веры.

Прысутнічала багата вядомых людзей: Анатоль Сідарэвіч, Валянцін Голубеў, былы намесьнік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі і многія іншыя.

Пасьля імшы труну перавезьлі ў менскі крэматорый. Пра час пахаваньня паведамяць пазьней.

Айцец Сяргей Гаек паведаміў, што 23 студзеня ўвечары памінальная малітва адбудзецца ў капліцы Грэка-каталіцкага цэнтру на вуліцы Арджанікідзэ ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG