Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бэрліне міністры «нармандзкай чацьвёркі» заклікалі выканаць Менскі пратакол


Міністар замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў у ноч на чацьвер, што, на ягоную думку, на сустрэчы кіраўнікоў МЗС Украіны, Расеі, ФРГ і Францыі быў дасягнуты прагрэс.

Як сказаў ён на імправізаванай прэсавай канфэрэнцыі пасьля позьняга заканчэньня сустрэчы ў Бэрліне, бакі дасягнулі дамоўленасьці аб лініі кантакту на ўсходзе Ўкраіны, адводзе цяжкіх ўзбраеньняў і аб больш хуткай сустрэчы трохбаковай кантактнай групы.

Калі ўсё ўзгодненае на гэтай сустрэчы выканаюць, гэты на крок наблізіць чаканы саміт кіраўнікоў чатырох дзяржаў у так званым «нармандзкім фармаце» ў сталіцы Казахстана Астане, дадаў ён.

Увечары ў сераду кіраўнікі МЗС Украіны Паўло Клімкін, Расеі — Сяргей Лаўроў, ФРГ — Франк-Вальтэр Штайнмаер і Францыі — Ларан Фабіюс сабраліся ў Бэрліне, каб абмеркаваць становішча ў Данбасе.

Гэтае становішча рэзка абвастрылася ў апошнія дні пасьля масіраванага наступу сіл сэпаратыстаў, якіх падтрымлівае Расея, на пазыцыі ўкраінскіх войскаў у Данецкім аэрапорце і ў іншых месцах на лініі кантакту, што стала грубым парушэньнем Менскіх дамоўленасьцей.

Украіна ў адказ ажыцьцяўляе абмежаваную вайсковую апэрацыю, мэта якой — аднавіць пазыцыі бакоў, як яны былі вызначаны Менскім мэмарандумам 19 верасьня мінулага года.

У сумеснай заяве міністры «з сур’ёзным непакоем адзначылі, што заклік цалкам паважаць „рэжым цішыні“ ня быў выкананы, а наадварот, баі ў рэгіёне Данбаса рэзка абвастрыліся, што пацягнула за сабой страту многіх чалавечых жыцьцяў, сярод якіх цывільныя».

«Гэта павінна спыніцца неадкладна, і „рэжым цішыні“ павінен быць адноўлены. Міністры заклікалі ўсіх датычных на месцы падзей цалкам прытрымлівацца гэтага рэжыму. Міністры заклікаюць усе зацікаўленыя бакі спыніць баявыя дзеяньні і вывесьці цяжкія ўзбраеньні ў адпаведнасьці зь лініяй кантакту, як яна вызначана ў Дадатку да Менскага мэмарандуму ад 19 верасьня 2014 года, з тым, што за гэтым вывадам павінна назіраць Спэцыяльная маніторынгавая місія АБСЭ».

Міністры зазначылі, што адчувальны прагрэс у поўным выкананьні Менскіх дамоўленасьцей павінен быць дасягнуты яшчэ напярэдадні заплянаванага саміту ў Астане, асабліва шляхам стварэньня належных умоў для эфэктыўнага спыненьня агню, заключэньне пагадненьня аб спосабах дастаўкі гуманітарнай дапамогі і працяг працэсу вызваленьня затрыманых.

XS
SM
MD
LG