Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка кажа пра 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне


Парашэнка выступае ў Давосе 21 студзеня, паказваючы кавалак украінскага аўтобуса, які быў абстраляны каля мястэчка Валнаваха. Тады загінулі 12 чалавек.
Парашэнка выступае ў Давосе 21 студзеня, паказваючы кавалак украінскага аўтобуса, які быў абстраляны каля мястэчка Валнаваха. Тады загінулі 12 чалавек.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка абвінаваціў Расею ў адпраўцы больш за 9000 вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю і запатрабаваў іх вываду. Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг таксама кажа пра прысутнасьць расейскіх войскаў ва Ўкраіне.

Выступаючы 21 студзеня на Сусьветным эканамічным форуме ў швэйцарскім Давосе, Пятро Парашэнка запатрабаваў, каб Расея неадкладна выканала ўсе свае абавязаньні паводле менскіх дамоўленасьцяў, закрыла межы Расеі з Украінай і вывела свае войскі з украінскай тэрыторыі.

Парашэнка заявіў, што ў дадатак да тысяч вайскоўцаў Расея мае ва Украіне каля 500 танкаў, адзінак цяжкай артылерыі і бронетранспарцёраў.

«Калі гэта не агрэсія, дык што тады агрэсія?» — спытаўся Парашэнка.

Раней Парашэнка заявіў, што Расея накіравала дадатковыя войскі, танкі і бронетранспарцёры на тэрыторыю Украіны ў апошнія дні.

Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг заявіў 21 студзеня ў Бруселі, што альянс адзначыў павелічэньне ў апошні час колькасьці танкаў, артылерыі і іншай цяжкай ваеннай тэхнікі, якую расейскія войскі выкарыстоўваюць ва ўсходняй Украіне.

Столтэнбэрг заявіў, што НАТО адсочвала рух расейскіх войскаў ва Ўсходняй Украіне на працягу некалькіх месяцаў, але адмовіўся назваць канкрэтныя лічбы вайскоўцаў.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў адхіліў гэтыя абвінавачваньні, назваўшы іх беспадстаўнымі.

У Вашынгтоне, дзяржсакратар ЗША Джон Керы абвінаваціў сэпаратыстаў у спробе «нахабнага захопу тэрыторыі» ва ўсходняй Украіне.

Керы, выступаючы 21 студзеня пасьля перамоваў з кіраўніцай зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Фэдэрыкай Магерыні, заявіў, што Вашынгтон «асабліва занепакоены» тым, што сэпаратысты «спрабуюць атрымаць кантроль над вельмі значным чыгуначным вузлом» ва ўсходняй Украіне ў парушэньне менскіх дамоўленасьцяў.

Усе гэтыя заявы прагучалі напярэдадні сустрэчы ў Бэрліне міністраў замежных спраў Расеі, Украіны, Францыі і Германіі, якія позна ўвечары 21 студзеня пачалі абмяркоўваць канфлікт ва ўсходняй Украіне.

Выступаючы ў Бэрліне, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што яна спадзяецца, што перамовы паспрыяюць перамір’ю ва ўсходняй Украіне, але пры гэтым дадала, што ня хоча, каб яе словы выклікалі занадта вялікія надзеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG