Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Вольны горад» не пераканаў абласны суд, што не абражаў чыноўніцы


Рэдактар газэты «Вольны горад» Сяргей Няроўны пасьля суду

Рэдактар газэты «Вольны горад» Сяргей Няроўны пасьля суду

21 студзеня Магілёўскі абласны суд не задаволіў скаргі журналістаў незалежнай газэты «Вольны горад» на вырак Крычаўскага раённага суду, які прызнаў іх вінаватымі ў зьнявазе крычаўскай чыноўніцы Марыны Максімавай.

Рэдактар выданьня, яго заснавальнік і аўтар публікацыі, ў якой начальніца ідэалягічнага аддзелу Крычаўскага райвыканкаму ўгледзела абразу, мусяць разам сплаціць ёй сем мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Чыноўніца зьневажаліся газэтным матэрыялам «Не в своём кресле». У пазове ў Крычаўскі суд яна працытавала абразьлівыя для сябе выказваньні: «Как известное животное в апельсинах» і на душы «бабье лето».

«Фактычна мяне назвалі жывёлінай, якая села ў крэсла кіраўніка», — даводзіла ў пазове Марына Максімава.

Паводле галоўнага рэдактара, аўтар публікацыі «Не в своём кресле» крытыкуе мясцовую ўладу і раённую газэту за адсутнасьць інфармаваньня пра выпадак, калі напярэдадні сёлетняга навучальнага году абвалілася частка будынку мясцовай гімназіі.

«А паколькі Максімава курыруе пытаньні інфармаваньня насельніцтва, то аўтар і згадаў яе ў сваім артыкуле. Ён дазволіў сабе такі журналісцкі мэтафарычны прыём, каб давесьці, што ідэалягічны аддзел з сваёй начальніцай працуе непрафэсійна. Намеру абразіць дзяржслужбоўку ў яго не было,» — кажа рэдактар выданьня Сяргей Няроўны.

Магілёўскі абласны суд

Магілёўскі абласны суд

У абласным судзе, зазначае Сяргей Няроўны, довады выданьня не былі пачутыя. Рэдактар «Вольнага гораду» кажа, што ён і ягоныя калегі працягнуць шукаць справядлівасьці ў судах вышэйшай інстанцыі.

«Для нас дужа важна выйграць гэты суд у грамадзкай думцы, таму мы і пішам у „Вольным горадзе“ падрабязна пра суд. Няхай грамадзкасьць сама вызначыць на чыім баку праўда ў гэтай спрэчцы», — выказваецца Сяргей Няроўны.

«На працягу апошніх дзесяці гадоў мы казалі, што кадравая палітыка ўлады прывядзе да бяды. Але нас ня чулі. Замест гэтага на нас падавалі ў суды. І вось цяпер мы маем разбураную гімназію. Нам уяўляецца, што ініцыятарам працэсу, які мы прайгралі Максімавай, выступае не яна, а райвыканкам. Гэта помста за крытыку. За тое, што цяпер Крычаў у невядома што ператвараецца, адказвае і яна, і ўвесь райвыканкам. Толькі пасьля суду ў Крычаве пачалі зьяўляцца публікацыі ў раёнцы „Крычаўскае жыцьцё“ пра сытуацыю вакол разбуранай гімназіі».

Першапачаткова Максімава патрабавала ад газэты і абвяржэньня зьняважлівага, паводле яе, выказваньня, але ў ходзе судовага працэсу ад гэтага патрабаваньня адмовілася. Маральную шкоду ад газэтнай публікацыі чыноўніца ацаніла ў дзесяць мільёнаў рублёў. Суд зьменшыў яе да сямі.

Акрамя выплаты кампэнсацыі журналісты мусяць аплаціць працу адваката Максімавай (3.600 тысяч рублёў) і судовыя выдаткі (450 тысяч рублёў).

XS
SM
MD
LG