Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежным журналістам на сэсіі саветаў дэпутатаў без запрашэньня ўваход забаронены


Уладзімер Лапцэвіч пасьля суду

Уладзімер Лапцэвіч пасьля суду

21 студзеня карэспандэнт інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН» Уладзімер Лапцэвіч спрабаваў высьветліць праз суд, на якой падставе яго не пусьцілі на сэсію Магілёўскага аблсавету.

Лапцэвіч паскардзіўся ў Ленінскі суд Магілёва на дзеяньні адказных асобаў, якія, на ягоную думку, парушылі ягонае права як журналіста, не дапусьціўшы на пасяджэньне прадстаўнічага органа ўлады. Ён прасіў суд прызнаць гэтыя дзеяньні незаконнымі, больш не перашкаджаць яму выконваць службовыя абавязкі і спагнаць зь вінаватых 150 тысяч рублёў. Судзьдзя Валянціна Лапаціна пазоў Лапцэвіча не задаволіла.

Уладзімер Лапцэвіч вінаваціў у парушэньні сваіх правоў старшыню аблсавету Анатоля Ісачанку і галоўнага спэцыяліста аблсавету Яўгена Нальгачова. У судзе журналіст настойваў, што адказныя асобы аблсавету, не дазволіўшы яму прысутнічаць на сэсіі, парушылі ня толькі ягоныя правы як журналіста, але і шэраг законаў Рэспублікі Беларусь — сярод якіх закон «Аб кіраваньні і самакіраваньні», дзе пазначана, што сэсіі дэпутатаў павінны праходзіць адкрыта і галосна.

Лапцэвіч, карэспандэнт БелаПАН, хацеў папрысутнічаць на пазачарговай сэсіі Магілёўскага аблсавету, якая праходзіла летась увосень. Як сам кажа, яму заявілі, што ягонага імя няма ў сьпісах запрошаных асобаў, таму ён ня можа прысутнічаць на пасяджэньні:

«Якіх-кольвек прэтэнзіяў з боку дэпутацкага корпусу ці выканаўчай улады адносна маёй працы не паступала. Цалкам магчыма, што тыя крытычныя матэрыялы, якія адлюстроўвалі рэчаіснасьць, што выходзілі на сайце БелаПАН за маім подпісам, некаму не падабаліся. Напэўна, гэта і было асноўнай прычынай незаконнага допуску мяне на сэсію абласнога савету», — даводзіў суду Ўладзімер Лапцэвіч.

Прадстаўнік аблсавету Яўген Нальгачоў пазоў Уладзімера Лапцэвіча не прызнаў. Заявіў: прэтэнзіі журналіста неабгрунтаваныя і незаконныя. У сваіх довадах службовец спасылаўся на рэглямэнт прадстаўнічага органа ўлады. У адным з пунктаў дакумэнту пазначана, што на сэсію запрашаюцца ў тым ліку і прадстаўнікі СМІ. Але зь яго не было зразумела, як фармуюцца сьпісы запрошаных.

Нальгачоў настойваў: ад Лапцэвіча не было ні пісьмовага, ні вуснага звароту ў аблсавет з просьбай папрысутнічаць на сэсіі. Калі ж зварот паступіў, то сьпісы ўжо сфармавалі. Іх колькасны і пэрсанальны склад зацьвердзіў старшыня аблсавету.

«У сувязі з тым, што сьпісы былі сфармаваныя, старшыня аблсавету прыняў рашэньне іх не карэктаваць, а пакінуць такімі, як яны былі», — гэтак прадстаўнік аблсавету тлумачыў на судзе, чаму журналіста не дапусьцілі на сэсію.

Магчыма, што тыя крытычныя матэрыялы, якія адлюстроўвалі рэчаіснасьць, што выходзілі на сайце БелаПАН за маім подпісам, некаму не падабаліся

Лапцэвіч запытаўся ў Нальгачова: «Адсутнасьць запрашэньня на сэсію ці зьяўляецца забаронай прысутнічаць на ёй?».

Нальгачоў адказаў: «Запрашэньне ёсьць падставай для ўключэньня вас у сьпіс».

Лапцэвіч: «Гэта значыць, што мне забаронена прысутнічаць на сэсіі?»

Нальгачоў: «Вам ніхто не забараняе прысутнічаць. У адпаведнасьці з законам аб СМІ вы маеце права прысутнічаць, але вы абавязаныя падаць заяўку. Ад вас заяў не паступала».

Лапцэвіч: «Якая вам патрэбная заява? Якім нарматыўным актам гэтая заява прадугледжваецца?».

Нальгачоў перадаў суду сьпіс запрошаных журналістаў. Судзьдзя агучыла толькі некаторыя з выданьняў, якія яны прадстаўлялі. Усе названыя выданьні былі праўладныя.

На пытаньне Лапцэвіча: «Як разумее прадстаўнік аблсавету паняцьці „галоснасьць“ і „адкрытасьць“?» Нальгачоў адказаў: інфармацыю пра працу аблсавету падаюць друкаваныя і электронныя СМІ, журналісты якіх прысутнічаюць на сэсіях. Паводле яго, журналістаў запрашаюць на пасяджэньні аблсавету, зыходзячы з тэматыкі, якая ўключаная ў парадак дня. Калі разглядаюцца, да прыкладу, пытаньні сельскай гаспадаркі, то запрашэньні атрымліваюць тыя, хто піша пра гэтую галіну.

Будынак Магілёўскага аблвыканкаму, дзе засядаюць дэпутаты аблсавету

Будынак Магілёўскага аблвыканкаму, дзе засядаюць дэпутаты аблсавету

Працэс праходзіў эмацыйна, зь перапалкамі ўдзельнікаў. Уладзімер Лапцэвіч настойваў, каб на ягоныя пытаньні адказваў сам прадстаўнік аблсавету, а ня хтосьці за яго. Судзьдзя журналісту рабіла заўвагі. Падаваў рэплікі на адрас журналіста і пракурор. У пэўны момант ён заявіў:

«Вам адмовілі, бо вы пэрсона нон грата, і ўсё».

Прадстаўнік аблвыканкаму з такім довадам пракурора не пагадзіўся. Зьвяртаючы да суду, ён прасіў не задавальняць пазоў Лапцевіча, бо той не даказаў, што дзеяньні службоўцаў аблсавету былі незаконнымі.

Судзьдзя Валянціна Лапаціна ў сваім рашэньні назвала прэтэнзіі Лапцэвіча надуманымі і не адпаведнымі рэчаіснасьці, а адказныя асобы аблсавету, на яе погляд, дзейнічалі згодна з рэглямэнтам савету. Пазоў журналіста пакінуты без задавальненьня.

Вырак ня стаў нечаканым для журналіста БелаПАН. Па заканчэньні суду Ўладзімер Лапцэвіч заявіў, што будзе абскарджваць пастанову судзьдзі Лапацінай. Тое, што яго не пусьцілі на сэсію аблсавету, кажа журналіст, сьведчыць пра закрытасьць улады:

«Улада не зацікаўленая інфармаваць пра свае дзеяньні як мага большае кола насельніцтва. Калі яны кажуць, што мы ад народу, і пры гэтым ад народу хаваюцца, то, прабачце, пра які народ гаворыцца — пэўна, не пра тых людзей, якія выбралі іх».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG