Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэйтынгу «самых смачных эўрапейскіх краінаў» Беларусь не ўвайшла ў дваццатку


Фота Shutterstock
Фота Shutterstock

Амэрыканскае выданьне склала кулінарны рэйтынг эўрапейскіх краінаў. Беларусь, паводле ягоных аўтараў, знаходзіцца ў трэцім дзясятку, паміж Латвіяй і Сэрбіяй.

Амэрыканскае онлайн-выданьне Thrillist, якое публікуе свае агляды пра ежу і напоі, а таксама падарожжы ў розных кутках сьвету, прапанавала сваёй шматтысячнай аўдыторыі кулінарны рэйтынг 48 краінаў Эўропы. Аўтары артыкулу, Кевін Александэр і Ліз Чайлдэрс, адзначылі, што асабіста пакаштавалі нацыянальную кухню ў 39-ці са сьпісу 48 краінаў. Паводле аўтараў, найважнейшым правілам была аўтэнтычнасьць кухні, а таксама разнастайнасьць страваў у кожнай краіне, пра якую яны напісалі.

ТОП-3 — без сюрпрызаў

Самай «смачнай» эўрапейскай краінай у кулінарным пляне аўтары рэйтынгу назвалі Італію. Свой выбар яны патлумачылі тым, што кулінарныя традыцыі Італіі, у адрозьненьне ад іншых краінаў, здолелі захаваць сваю адметнасьць. «Італьянскую кухню цягам стагодзьдзяў ахоўвалі бабулі, якія адмаўляліся выкарыстоўваць іншыя рэцэпты, апроч як свае. Таму што толькі нядзельны соўс бабулі можа быць па-сапраўднаму смачны», — упэўненыя аўтары.

Піцца — адна з італьянскіх страваў, што сталі папулярнымі ва ўсім сьвеце
Піцца — адна з італьянскіх страваў, што сталі папулярнымі ва ўсім сьвеце

Краінай № 2 у рэйтынгу назвалі Францыю, якая вызначала традыцыі і кірункі рэстараннай моды цягам многіх гадоў. Аўтары рэйтынгу прыгадваюць, што ЮНЭСКА нават унесла францускую кухню ў сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. «Нам нават ня трэба ўдавацца ў падрабязнасьці, паколькі ўсе ведаюць Францыя вядзе рэй, калі казаць пра віно і сыр. Француская кухня прыцягвае перш за ўсё сваёй разнастайнасьцю», — адзначаюць аўтары артыкулу.

Францускія сыры і вінаград
Францускія сыры і вінаград

Ня сьвяце маладога францускага віна Бажале
Ня сьвяце маладога францускага віна Бажале

Апошняе месца ў тройцы лідэраў заняла Гішпанія з таннай, простай, але неверагодна разнастайнай і смачнай кухняй. Адзначылі аўтары гішпанскую вяндліну — хамон, а таксама аліўкі, паэлью і тарцілью.
Чацьвёртае і пятае месца адпаведна занялі Грузія і Нямеччына.

Гішпанскі хамон патрапіў у сьпіс прадуктаў, забароненых для імпарту ў Расею
Гішпанскі хамон патрапіў у сьпіс прадуктаў, забароненых для імпарту ў Расею

Бульба і мяса — мэню амэрыканскіх лесарубаў

Беларусь, паводле амэрыканскага выданьня, разьмясьцілася паміж Латвіяй і Сэрбіяй. Са сваімі шматлікімі традыцыйнымі стравамі з бульбы Беларусь заняла 29-ае месца з 48 краінаў.

«Беларусь можа пахваліцца мэню амэрыканскіх лесарубаў у Эўропе: усё зь мяса і бульбы. Гэта выдатна, але тут столькі бульбяных страваў (іх сапраўды шмат!), і каўбас, і сьвінога рагу, якія вам пасьпеюць спадабацца перад тым, як вы адчуеце, што вы аб’еліся», — гэтак аўтары рэйтынгу пішуць пра Беларусь.

Дранікі (фота Shutterstock)
Дранікі (фота Shutterstock)

Дранік-фэст у Магілёве ў кастрычніку 2014 году
Дранік-фэст у Магілёве ў кастрычніку 2014 году

Ці насамрэч Беларусь заслугоўвае такога месца ў кулінарным рэйтынгу? Знаўца традыцыйнай беларускай кухні Тадэвуш Навагродзкі адзначае, што апошнім часам займацца беларускай кухняй пачынаюць тыя, хто не мае адмысловай адукацыі, непрафэсіяналы.

«Я быў на прэзэнтацыі адной кнігі і калі пачуў, што беларускі пернік паходзіць з паганскіх часоў і зьвязаны з богам Перуном, то мне стала дрэнна ад такой прэзэнтацыі.

Беларуская кухня — гэта сума нашых рэгіянальных кухань. І калі праехаць усе нашы гісторыка-этнаграфічныя рэгіёны, то там і ёсьць сапраўдная беларуская кухня. У назвах, у лякальных тэхналёгіях, у трапэзах, у застольным этыкеце. Рэч у тым, што большасьць не ведае яе. І лічаць, што гэта скварка, дранікі і яшчэ мачанку называюць. А ўсё астатняе, і потраўку, і саламаху, і прысыпанку і гэтак далей, не ведаюць. Таму адна з прычын палягае ў слабай папулярызацыі і ў тым, што гэтым займаюцца непрафэсіяналы».

Старшыня праўленьня арганізацыі «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова паведаміла, што зьбіраецца зрабіць кулінарную мапу Беларусі. Яна кажа, што ежа гэта вельмі важны кампанэнт турызму.

«Наша кухня ўвабрала многа рэчаў, бо мы на мяжы розных краін. Апроч таго ў нас была народная, шляхецкая, мяшчанская кухня. Але за часы савецкай улады ўсё гэта было зьнівэлявана і зьнішчана. Цяпер у нас вобраз Беларусі, як прадставіў Цэсьлер, „Драніклэнд“. Але насамрэч кухня значна багацейшая. Я хачу, каб гэта для сябе адкрылі і беларусы, і замежнікі. Традыцыі, якія зьнівэляваныя ў гарадах, захаваліся менавіта ў вёсках. Там можна паспрабаваць фантастычныя рэчы. Гэта можна паспрабаваць на вясковых сядзібах. На поўначы гэта клёцкі з начынкай, з душамі, як яны кажуць, з грыбамі, зь мясам, з тварагом, з рыбай. А на Палесьсі будзе рыба, поліўкі, супы, грыбы, іншы фармат. Я лічу, што наша кухня цяжкая, але яна смачная. Бо калі казаць пра традыцыйную кухню, то гэта тушэньне ў печы. А печ дадае непаўторны, фантастычны смак. Плюс чарка і скварка. Хатняе сала ці сьцягно нічуць не горшае за гішпанскі хамон. Беларусы вельмі блізкія да прыроды. Гэта грыбы, ягады, дзічына — тое, што ў Эўропе ўжо памерла. Кухня ў нас цікавая, На 29-е месца мы трапілі, бо, відаць, ацэньвалі мужчыны з гледзішча калярыйнасьці і смаку. Але ўся смачная ежа знаходзіцца па-за межамі гораду. Калі б мы іх завезьлі ў вёску і пасадзілі за нармальны стол са стравамі, якія людзі робяць са свайго і ў печы, то наша кухня ўзьнялася б у рэйтынгу значна вышэй».

Суседзі, якія абышлі Беларусь

Проста перад Беларусьсю разьмясьцілася суседняя Латвія. Аўтары адзначылі «неверагодныя мядовыя пірагі», гарбузовыя бліны і рыскі бальзам.

Абагналі Беларусь яшчэ дзьве суседнія краіны — Польшча і Расея, якім аўтары рэйтынгу далі 24 і 25 месца адпаведна. Польшча, паводле амэрыканскага выданьня, зьяўляецца краінай пончыкаў, «у якія польскія кулінары дадаюць больш джэму, а ў цеста — яек і цукру, чым іх амэрыканскія калегі, так што ў Польшчы пончыкі больш смачныя і тлустыя, чым у Амэрыцы». У Расеі, раяць складальнікі рэйтынгу, варта спачатку паспрабаваць «восем асноўных страваў», сярод якіх боршч, пельмені, бліны і салат «Аліўе», а ўжо потым — гарэлку і ікру.

Ласасёвая ікра на кірмашы ў сібірскім горадзе Краснаярску
Ласасёвая ікра на кірмашы ў сібірскім горадзе Краснаярску

Хто ніжэй за Беларусь у рэйтынгу?

А вось суседнія зь Беларусьсю Літва і Ўкраіна апынуліся ніжэй у рэйтынгу. Паводле аўтараў артыкула, літоўская кухня, якой яны аддалі 35-ае месца, «увабрала ўсе найлепшыя традыцыйныя стравы Ўсходняй Эўропы: ржаны хлеб, бульбяныя клёцкі, халаднік, літоўскі крывяны суп, а таксама дзіўнае захапленьне кісламалочнымі стравамі і напоямі». Дадатковыя пункты ў рэйтынгу Літва атрымала яшчэ і дзякуючы баскетбалістам — зоркам НБА, выгадаванымі на традыцыйнай кухні.

Літоўскія малочныя прадукты
Літоўскія малочныя прадукты

«Мы вельмі хацелі зьмясьціць Украіну вышэй, таму што мы спачуваем праз усе гэтыя праблемы з Расеяй, але гэты халадзец, квас і кісламалочныя напоі... Мы проста не змаглі. Нам шкада», — гэта пра Ўкраіну, якая заняла 42-ую пазыцыю ў рэйтынгу, піша амэрыканскае выданьне.

Апошняе, 48-ае месца ў рэйтынгу заняла самая маленькая дзяржава Эўропы і сьвету — Ватыкан. Паводле амэрыканскага выданьня, рэч у тым, што ў краіне... усяго адзін рэстаран. «Дайце папу Францішку магчымасьць выбіраць!», — заклікаюць аўтары артыкулу.

Цалкам рэйтынг можна паглядзець тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG