Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладыкоўская: «Грыцкевіч ствараў такую Беларусь, якой яна павінна быць»


Любоў Уладыкоўская

Любоў Уладыкоўская

«Анатоль Пятровіч ствараў такую Беларусь, якой яна была і быць павінна: шляхецкую, але дэмакратычную; годную, але талерантную; моцную, але справядлівую», — піша кандыдат філялягічных навук, культуроляг Любоў Уладыкоўская.

Сонечная Флярыда звыкла песьціць лагодаю, нібы не забрала ў нас Вечнасьць Яго Вялікасьць Чалавека. Пакінуўшы сам-насам з чарговаю, вельмі балючаю стратаю.

Мы — дзеці Божыя, і ўнасьледавалі здольнасьць да творчасьці.

Анатоль Пятровіч ствараў такую Беларусь, якой яна была і быць павінна: шляхецкую, але дэмакратычную; годную, але талерантную; моцную, але справядлівую. І тварыў прафэсар ня толькі ў кнігах, але і самім сваім жыцьцём, паўнатой усёй сваёй асобы. І гэта так важна — ня толькі пісаць гістарычную праўду, але і быць праўдзівым. Чым больш зямля наша будзе мець такіх асобаў, тым лепшая ва ўсіх у нас пэрспэктыва.

Анатоль Пятровіч заўсёды жыў у згодзе са сваім сумленьнем і дзейнічаў паводле сваіх перакананьняў. Мякка, стрымана, але ўмеў даць катэгарычны адпор нахабству і дурноце.

Пра сур’ёзныя справы ўмеў сказаць так трапна, так ляканічна і так дасьціпна, што не пакідаў апанэнту ніякіх шанцаў на неразумную спрэчку.

А якім тонкім, іскрамётным пачуцьцём гумару валодаў! Для мяне кожная сустрэча з прафэсарам ператваралася ў суцэльныя няспынныя сэансы сьмеху — і гэта сапраўды лячыла ад усіх нягодаў!

Падчас нашага апошняга спатканьня ў кастрычніку, калі мы з айцом Уладзіславам Завальнюком наведалі Анатоля Пятровіча, гаворка ізноў ішла пра мілую Айчыну і пра тое, што яшчэ трэба зрабіць. І як заўсёды, у будучыню прафэсар глядзеў з аптымізмам. Ды і як іначай, калі ўсё сваё жыцьцё чалавек сумленна і самааддана працаваў для людзей, Радзімы і гісторыі.

Прафэсар Грыцкевіч зрабіў надзвычай многа для адраджэньня хрысьціянскай веры ў нашай краіне і для беларусізацыі Касьцёла. Ён адкрываў невядомыя старонкі з гісторыі хрысьціянства ў Беларусі, выступаў з навуковымі дакладамі перад каталіцкімі біскупамі і сьвятарамі, сустракаўся са Сьвятым Янам Паўлам Другім і гаворку, вядома, вёў пра беларускія справы. У сярэдзіне 90-ых аўтарскі калектыў у складзе Анатоля Пятровіча, кс.Завальнюка, Алеся Бяляцкага і вашай пакорнай слугі падрыхтаваў унікальны спэцкурс па гісторыі Каталіцкага Касьцёла ў Беларусі для студэнтаў унівэрсытэтаў.

Сьвятой памяці Яго Эмінэнцыя Кардынал Казімір Сьвёнтэк падтрымаў просьбу Ініцыятыўнага Камітэту па стварэньні Беларускага каталіцкага ўнівэрсытэту аб прызначэньні Старшынём Прэзыдыюму прафэсара Анатоля Грыцкевіча (перада мной — арыгінал дакумэнта, датаваны 14 мая 1998 г.; мне пашчасьціла быць намесьнікам Анатоля Пятровіча).

Прафэсар Грыцкевіч надзвычай плённа працаваў у Скарынаўскім Цэнтры, з заўсёднай гатоўнасьцю падстаўляючы плячо ва ўсіх нашых навукова-асьветніцкіх праектах. Не было ніводнага выпадку, каб дарагі Анатоль Пятровіч схібіў, спужаўся, змаладушнічаў. Адразу і першым паставіў подпіс у падтрымку Каталіцкага Касьцёла пад зваротам супраць «бездані невуцтва, цемрашальства і нянавісьці...» І колькі тых подпісаў сьмела ставіў першым — калі толькі гаворка ішла пра абарону гонару і годнасьці, дабра і справядлівасьці, беларускай мовы і культуры! Падтрымаў і стварэньне новага аддзелу ў Цэнтры — «Праблем хрысьціянства і нацыянальнага разьвіцьця», і праект па нацыянальна-культурным і духоўным разьвіцьці Беларусі, завершаны пры спрыяньні ЮНЕСКА ў 2003 г., і шматлікія іншыя ініцыятывы, накіраваныя на міжнародны дыялёг, балазе цудоўна валодаў некалькімі замежнымі мовамі, уключна з мовай дыпляматыі.

Анатоль Пятровіч быў вельмі добрым чалавекам — ня проста выключным прафэсіяналам, высакародным і мужным, а менавіта добрым чалавекам. І гэта не пакідае сумненьня, што душа яго пойдзе добраю дарогаю...

Калі сёньня запаліла задушную сьвечку ў Касьцёле Сьвятога Аўгусьціна, яна гарэла надзіва ярка і доўга. Так ярка і высока, што служыцелі Касьцёла, баючыся пажару, пасьпяшаліся затушыць яе. Але ў той жа момант зацішныя касьцельныя сутарэньні азарыліся нечаканым сонечным праменьчыкам, які прабіўся празь цёмныя вітражныя вокны.

Дарагі Анатоль Пятровіч, хай асьветліць гэты праменьчык Ваш шлях да Пана Бога.

Я люблю Вас.

Любоў Уладыкоўская, Унівэрсытэт Флярыды, ЗША

XS
SM
MD
LG