Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сумнеўныя тылы Нацбанку: рэзэрвы — $5 мільярдаў, плацяжы па доўгу — $4 мільярды


Пасьля трох запар таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы, падчас якіх беларускі рубель нязначна ўмацоўваўся, сёньня даляр і эўра падаражэлі. Даляр на 80 пунктаў — да 14 910 рублёў, эўра — да 17 240 (рост на 70 рублёў). Расейскі рубель патаньнеў у межах арытмэтычнай хібнасьці — на 50 умоўных капеек, і цяперашні курс — 228 беларускіх рублёў за 1 расейскі. Зрэшты, на фінансавы рынак гэта ніяк не паўплывала: валюты па-ранейшаму бракуе, чэргі пад абменнымі пунктамі не зьнікаюць.

У новым годзе максымальны афіцыйны курс амэрыканскай валюты быў зафіксаваны па выніках біржавых таргоў 14 студзеня і склаў тады 15 010 рублёў. Пасьля гэтага ён тры разы запар зьніжаўся, але сёньня зноў пайшоў у рост.

Фінансавыя ўлады ўхіляюцца ад камэнтаваньня сытуацыі на валютным рынку, абмяжоўваючыся агульнымі словамі. На актуальныя пытаньні журналістаў Нацыянальны банк падрыхтаваў прэс-рэліз, у якім адсылае да «бягучых працэсаў глябалізацыі ўсясьветнай эканамічнай сыстэмы, якія сфармавалі высокую ступень залежнасьці нацыянальных эканомік адна ад адной». Але пры гэтым абяцае «апэратыўна і гнутка рэагаваць на зьнешнія выклікі, выкарыстоўваючы наяўны інструмэнтарый».

Насамрэч, як кажа супрацькрызісны кансультант Мечыслаў Бурак, улады зрабілі няшмат высноваў з сытуацыі 2011 году, калі адбывалася абвальная дэвальвацыя рубля. На думку суразмоўцы, новае кіраўніцтва Нацбанку, нягледзячы на авансавыя чаканьні карэнных пераўтварэньняў у выніку прыходу «лібэралаў», нічога прынцыпова ня зьменіць:

Я таксама лібэрал, але калі ты трапляеш у гэтую каманду, то мусіш альбо скакаць пад іх дуду, альбо сыходзіць. Я працаваў у міністэрствах, але вымушаны быў сысьці, бо яны хочуць, каб ты абслугоўваў іх інтарэсы.

«Той выпадак, калі можна інтэрпрэтаваць клясыка: як вы, сябры, ні сядайце, музыкі з вас ніякія. Я таксама лібэрал, але калі ты трапляеш у гэтую каманду, то мусіш альбо скакаць пад іх дуду, альбо сыходзіць. Я працаваў у міністэрствах, але вымушаны быў сысьці, бо яны хочуць, каб ты абслугоўваў іх інтарэсы. У нас палітычныя інстытуты аўтарытарныя, а эканоміка ў такіх умовах разьвівацца ня можа. Аўтарытарны рэжым ня можа стварыць дэмакратычную, лібэральную эканоміку. Таму ніякі лібэрал ні на што ня здольны. Ды я іх усіх выдатна ведаю, клясныя ўсе хлопцы — і Калаўр, і некалі Тур, усе яны лібэралы. Але яны нічога ня зробяць, калі хочуць атрымліваць заробак. Калі хочаш быць вольны, як я, — ідзі і думай сам, гавары ад сябе, хто захоча, табе і дасьць грошы. Тое, што ён лібэрал, і тое, што ён кажа, ня сьведчыць пра тое, што ён будзе рабіць. Ён будзе рабіць, што яму загадаюць, а ня будзе — значыць, да пабачэньня. Трэба мець на ўвазе, што фінансы — гэта інструмэнт абслугоўваньня эканомікі, а не стваральнік эканомікі, ня трэба падманвацца. Хоць сёньня фінансы і набылі такую вагу».

Як сьцьвярджаюць у Нацбанку, «настройка палітыкі» сёлета будзе ажыцьцяўляцца такім чынам, каб забясьпечыць цэнавую і фінансавую стабільнасьць і пры гэтым даць эканоміцы магчымасьць максымальна хутка адаптавацца і разьвівацца ў новых абставінах. Базавая ўмова для гэтага — запавольваньне інфляцыйных працэсаў. Да таго ж цэнавая стабільнасьць — вельмі адчувальная рэч для насельніцтва, яна наўпрост уплывае на фармаваньне даверу да нацыянальнай валюты.

Стабільнасьць цэнаў, удакладняюць фінансавыя ўлады, будзе забясьпечвацца праз кантроль за грашовай прапановай, аптымізацыю крэдытнай актыўнасьці, правядзеньне ўзважанай працэнтнай палітыкі. Але ці хопіць рэсурсаў, каб рэалізаваць такія пляны? Меркаваньне выказвае эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц:

Справа ў тым, што магчымасьці Нацбанку нейкім чынам уплываць на курс беларускага рубля сёньня вельмі абмежаваныя.

«На самой справе Нацыянальны банк на гэты час паводзіць сябе, зыходзячы з мастацтва магчымага. Справа ў тым, што магчымасьці Нацбанку нейкім чынам уплываць на курс беларускага рубля сёньня вельмі абмежаваныя. Золатавалютныя рэзэрвы складаюць 5 мільярдаў даляраў, што эквівалентна ўсяго толькі аднаму месяцу імпарту. Пры гэтым валютныя плацяжы па дзяржаўным доўгу ў бягучым годзе складуць каля 4 мільярдаў даляраў. То бок фактычна рэзэрваў у дзяржавы няма. Таму нейкія магчымасьці трымаць курс адміністрацыйнымі мэтадамі ў рэгулятара абмежаваныя. На гэтым тле грашовыя ўлады намагаюцца кіраваць попытам на замежную валюту, каб не дапускаць тых падзеяў, якія мелі месца ў сьнежні 2014 году. А гэта азначае і зьніжэньне попыту на імпарт, і недапушчэньне росту заробкаў, і шмат што іншае. З гэтага гледзішча дзеяньні Нацбанку адэкватныя той сытуацыі, у якую ён пастаўлены».

Ці азначае гэта, што валютным рынкам і надалей будуць кіраваць у ручным рэжыме, з прыцягненьнем адміністрацыйнага інструмэнтарыю? Зьміцер Заяц лічыць, што ў цяперашняй сытуацыі іншай альтэрнатывы нават не прадугледжана:

Зь іншага боку, перад Нацбанкам пастаўлена задача забясьпечыць стабільнасьць на валютным рынку.

«Ён будзе на працягу ўсяго году кіравацца ў ручным рэжыме. Таму што, як я ўжо казаў, з аднаго боку, фінансавыя магчымасьці дзяржавы на сёньняшні дзень абмежаваныя — пра гэта кажа стан золатавалютных рэзэрваў і гэта пацьвярджаецца тым нэгатыўным фонам, які ёсьць у нашага асноўнага гандлёвага партнэра ў асобе Расеі. Зь іншага боку, перад Нацбанкам пастаўлена задача забясьпечыць стабільнасьць на валютным рынку. Таму ў тых умовах, у якіх знаходзіцца наш цэнтрабанк, безумоўна, давядзецца прымаць ня толькі эканамічныя, але і адміністрацыйныя рашэньні, дзеля таго каб забясьпечваць гэтую стабільнасьць».

Тым часам людзі па-ранейшаму не давяраюць запэўніваньням пра стабілізацыю і намагаюцца канвэртаваць абясцэненыя беларускія грошы ў валюту. Пра гэта сьведчаць чэргі ля абменных пунктаў, якія не зьнікаюць ад канца мінулага году — акурат месяц таму рубель распачаў чарговае зацяжное падзеньне. Пакуль што 30-працэнтнае.

XS
SM
MD
LG