Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У чаканьні адкрыцьця навігацыі


Напэўна, першы мой успамін — гэта «шут-ту». Менавіта так: «шут-ту». Бацька ставіў плытку на прайгравальнік, а мяне на табурэтку. Іголку трэба было апускаць не зусім на пласт, але і не адставіць надта далёка, каб яна не кулікнулася міма. Калі ўсё выходзіла гладка, зялёны яблык на плытцы закручваўся вакол стрыжня, а ў калёнках пачыналі шкрабаць нябачныя пазногці. Праз некалькі сэкунд унутры ўсё халадзела — туды ўрывалася «шут-ту» — першая песьня з альбому «Abbey Road».

«Бітлоў» я пачуў, калі яшчэ ня ўмеў гаварыць. Праўда, адзіны «эплаўскі» дыск бацька ставіў вельмі рэдка, аднак зьявіліся на маёй памяці і «мелодыеўскія» плыткі «Смак мёду», «Вечар цяжкага дня»: канвэрты былі па традыцыі перакладзеныя на расейскую мову, як быццам песьні запісаў якісь Юры Антонаў. Іх мы з братам запілілі страшэнна, падпяваючы ў меру лінгвістычна-мнэманічных здольнасьцяў праз дапатопны мікрафон зь мэталічнай падстаўкай. Іншых «бітлоўскіх» пластоў у хаце не было і быць не магло — надта далёка ад Пінску былі крыніцы папаўненьня і спэцыялісты-маркетолягі сярэдняга, ды нават і ніжэйшага зьвяна.

Але вось настаў той памятны для мяне студзеньскі дзень тысяча дзевяцьсот дзевяноста аднаго-зь-першых году. Упершыню пасьля дня нараджэньня мне дазволілі скарыстацца падоранымі грашыма, і тут жа мы з маці выправіліся ў краму «Вымпел» на плошчы Леніна, адкуль неўзабаве выйшлі зь не абы-якім набыткам — плыткай «Дапамажы!» з чатырма па-зімоваму апранутымі юнакамі, якія нешта там сэмафорылі нам на невядомай мове.

Вядома, зялёнага яблыка на дыску не было. Замест яго лэйблам пазначаўся манумэнтальны «Прадусарскі Цэнтар рок-н-рольных прыходаў Адзінай эвангелічна-лютэранскай царквы Расеі». Ці маліліся першыя постсавецкія музычныя піраты непасрэдна перад штампаваньнем чарговай партыі, я ня ведаю. Але крама «Вымпел» у гэтыя дні наведвалася пінскімі месьцічамі асабліва часта. Неўзабаве ў нашай хаце зьявіліся і іншыя бітлоўскія альбомы, аднак мне найбольш помная тая, адзіная купленая мною новая пласьцінка — «Help!», часта слуханая і сёньня, ужо праз найноўшыя «прылады працы».

Можна было б назваць «Help!», запісаны 50 гадоў таму, пераходным альбомам, але штука ў тым, што ўсе нумарныя дыскі «Beatles» — пераходныя. Разам з тым, на гэтай плытцы ёсьць дух адчуваньня блізкіх зьменаў: бітламанія на пачатку 1965-га буяе па сьвеце буйным кветам, скораныя Эўропа, Азія і Злучаныя Штаты, прададзеныя богведама якія мільёны копіяў, заробленыя найвышэйшыя ў гісторыі музыкі ганарары. Ніхто яшчэ ня ведае: пройдзе пару месяцаў, і канцэрты скончацца назаўсёды — толькі не бітламанія, бо гурт засядзе ў студыю і запіша эпахальныя свае рэчы.

Пакуль што, на «Help!», яны і пацьвярджаюць свой статус «хлапчукоўскага» бэнду, і спрабуюць вылузнуцца з гэтага пракруставага ложка. Найгалоўнае, што зьмяняецца самое гучаньне: гэта першы альбом, дзе музыка і голас пішуцца паасобку, у розны час, на розныя дарожкі. Раней Пол ці Джон забівалі фанатак сваім напружаным агрэсіўным вакалам, а цяпер карыстаюцца голасам як сапраўдным інструмэнтам. Ствараецца нават уражаньне, што яны, пасьля столькіх гадоў шалёнага рытму, штодзённай фактычна працы — крыху не давяраюць сваім галасам, і таму робяць лёгкі лірычны альбом, каб праэкзамэнаваць саміх сябе.

Гаворачы пра вакал, трэба адзначыць, што тут упершыню, дзякуючы новай тэхніцы, разышліся галасы Ленана і Макартні. Пры большай працы з гукам сьпевы ва ўнісон ужо не захаплялі. Я б сказаў, што «Help!» — ленанаўскі альбом, хоць, канечне, прысутнічае там перадапошняя эпахальная песьня, якую я ня вельмі люблю, бо ў дзяцінстве даводзілася яе выконваць, стоячы на той самай табурэтцы — у час, калі ад аднагодкаў патрабавалі ў найлепшым выпадку дэклямацыі вершаў Агніі Барто. Макартні сьпявае на альбоме і іншыя выдатныя рэчы: «The Night Before», «Another Girl», «I’ve Just Seen a Face», паказваючы і дыяпазон голасу, і экспэрымэнтуючы з кантры. Але найбольш запамінаецца Джон, зь яго «новай шчырасьцю» (якая, зрэшты, заўсёды ў трэндзе), крыху грубаватым недзе, а недзе і вельмі пяшчотным вакалам. Тэмы «Help!» і «You’ve Got to Hide Your Love Away» Ленан пазьней згадае і ў наступным альбоме , у песьні «In My Life». Ва ўсіх трох песьнях гучыць матыў немагчымасьці вяртаньня — тут і незалежнасьць, якая ляціць вобземлю, і чалавек на ложку тварам да сьцяны, прамінаньне перад вачыма даўніх сяброў, і абсалютная няўпэўненасьць — тое, што менш за ўсё, мабыць, чакалі пачуць у новым альбоме вальтанутыя на «She Loves You» бітламанкі.

«Help!» — плытка, напоўненая вясёлым чаканьнем таго, што мусіць адбыцца: «бітлы» яшчэ сябры сябрамі і граюць у ахвоту, не зьявіліся яшчэ ні хіпі, ні сітары, ні Магарышы з лізэргінавай кіслатой пад пахай, ні бароды да поясу. Рок-н-рол толькі пачынаецца.

Добра, што захоўваецца ўсё: і той марозны студзеньскі дзень дзевяноста нейкага года, і шоргат іголкі па вініле, і раптоўны голас Джона, якога цяпер разумееш значна лепш, хоць па гадах і перарос яго тагачаснага, але і ў цябе «independence seems to vanish in the haze». І ў той момант сугучнасьці адбываецца тое, за што і любіш музыку, паэзію, мастацтва. Што адбываецца — ды чорт яго ведае.

XS
SM
MD
LG