Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які мэсыдж хацеў даслаць Аляксандар Лукашэнка моладзі?


Кіраўнік Беларусі выступіў на 42-м зьезьдзе БРСМ. Якое агульнае ўражаньне ад выступу? Ці можна назваць гэты зьезд дыялёгам моладзі і ўлады? Ці абароніць БРСМ існы рэжым ад народных пратэстаў?

Удзельнікі: экспэрт Лібэральнага клюбу Мікіта Бяляеў і журналіст Глеб Лабадзенка.

Ці можна назваць гэты зьезд дыялёгам моладзі і ўлады?

Мікіта Бяляеў: «Выступ Лукашэнкі — гэта частка ягонай выбарчай кампаніі. Найперш ён гаварыў пра каштоўнасьць міру ў Беларусі на фоне вайны ва Ўкраіне. Цікавыя ягоныя заявы пра каштоўнасьць беларускай культуры і мовы».

Глеб Лабадзенка: «Я вітаю кожнага, хто выказваецца ў падтрымку беларускай культуры і мовы. У выпадку вонкавай агрэсіі я ня супраць, каб побач са мной абаранялі нашу незалежнасьць сябры БРСМ».

Валер Карбалевіч: «Лукашэнка адзначыў, што гэты зьезд — добры прыклад дыялёгу моладзі і ўлады, добрая пляцоўка для камунікацыяў, добры прыклад, як павінны будавацца адносіны дзяржавы і грамадзкіх арганізацыяў. Ці вы ўбачылі дыялёг?»

Бяляеў: «Гэта не дыялёг прэзыдэнта з усёй моладзьдзю, гэта толькі дыялёг з БРСМ. Трэба пашыраць пляцоўку, ладзіць дыялёг з усімі, чуць усіх».

Лабадзенка: «Я ўспрымаю гэты зьезд як пляцоўку для праграмных заяваў».

Ці ў стане БРСМ бараніць рэжым ад народных пратэстаў

Карбалевіч: «Найбольш цікавым мне падаўся сюжэт, дзе Лукашэнка фактычна заклікаў БРСМ бараніць дзяржаву (чытай, рэжым) ад народных пратэстаў».

Бяляеў: «Аўтарытарныя рэжымы звычайна маюць такія моладзевыя праўрадавыя арганізацыі. Але ці здольны БРСМ быць абаронцам рэжыму? Сумняваюся. Бо ён не карыстаецца папулярнасьцю».

Лабадзенка: «Я б не ўспрымаў БРСМ усур’ёз. Бо калі спыніцца дзяржаўнае фінансаваньне, то хутка ўсе разьбягуцца».

Чаму моладзь зьяжджае за мяжу?

Карбалевіч: «Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для самарэалізацыі моладзі, таму няма неабходнасьці зьяжджаць за мяжу. Ці так гэта?»

Бяляеў: «Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, больш за палову маладых людзей хочуць зьехаць за мяжу. Калі трэць прадпрыемстваў стратныя, то пра якія добрыя ўмовы можна казаць?»

Лабадзенка: «Праблема ў тым, што яны зьяжджаюць не ад Лукашэнкі, а зь Беларусі, з краіны. Гэта дрэнна для нацыі, яе будучыні».

Карбалевіч: «А хто вінаваты, што моладзь зьяжджае? Улада, сама моладзь? Ці тут вінаватых няма?»

Лабадзенка: «Ня толькі ж зь Беларусі моладзь зьяжджае. Паглядзіце, што робіцца, напрыклад, у Літве. Таму тут ня толькі ўлада вінаватая».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG