Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама: Амэрыка і яе саюзьнікі адзіныя і моцныя, Расея ізаляваная, і яе эканоміка трашчыць па швах


Прэзыдэнт ЗША зьвярнуўся да абедзьвюх палат Кангрэсу.

«Цень крызісу, што навісла над Амэрыкай, прайшла», — заявіў прэзыдэнт ЗША Барак Абама ў сваім дакладзе аб становішчы краіны, з якім ён зьвярнуўся ў аўторак вечарам да абедзьвюх палат Кангрэсу. Гэта быў шосты за час яго прэзыдэнцтва выступ аб становішчы краіны.

Прэзыдэнт ЗША меў на ўвазе паляпшэньні ў эканоміцы, якія адбыліся за шэсьць гадоў, уключаючы павелічэньне працоўнай занятасьці і рост здабычы нафты, а таксама вывад амэрыканскіх войскаў з Іраку і Аўганістану. Але, паводле прэзыдэнта, «далёка не ўсе амэрыканцы пераадолелі паласу цяжкасьцяў, але сёньня можна сказаць, што перагорнутая важная старонка ў нашай гісторыі».

Абама кінуў выклік Кангрэсу, абедзьве палаты якога да заканчэньня яго прэзыдэнцкага тэрміну будуць знаходзіцца ў руках рэспубліканцаў, абвясьціўшы, што за кошт павелічэньня падаткаў на амэрыканцаў з самымі высокімі даходамі ён мае намер фінансаваць новыя дзяржаўныя праграмы дапамогі сярэдняму і малазабясьпечанаму слаям насельніцтва, у тым ліку, у сфэры вышэйшай адукацыі.

У разьдзеле пасланьня Кангрэсу, які тычыўся зьнешняй палітыкі, Абама прывёў сытуацыю ва Ўкраіне як ілюстрацыю пасьпяховых дыпляматычных намаганьняў Белага дома:

«Мы адстойвалі прынцып, што вялікая краіна не мае права тыранізаваць маленькую, — сказаў Абама. — Мы супрацьстаім агрэсіі Расеі, падтрымліваем дэмакратычнае будаўніцтва ва Ўкраіне, ўмацоўваем гарантыі, прадастаўленыя нашым саюзьнікам па НАТО ... Сёньня мы бачым, што Амэрыка і яе саюзьнікі адзіныя і што іх пазыцыя моцная, у той час, як Расея ізаляваная, і яе эканоміка трашчыць па швах».

Прэзыдэнт Абама спыніўся і на сваёй кубінскай ініцыятыве, адзначыўшы, што пасьля паўстагодзьдзя беспасьпяховых спробаў дамагчыся дэмакратычных зьменаў на востраве з дапамогай эканамічнага эмбарга прыйшоў час выпрабаваць іншы падыход, заснаваны на паступовай нармалізацыі адносін з Гаванай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG