Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы наконт Данбасу могуць прайсьці ўжо заўтра ў Бэрліне


Франк-Вальтэр Штайнмаер (зьлева) і Сяргей Лаўроў падчас сустрэчы ў Маскве 18 лістапада 2014 году

Франк-Вальтэр Штайнмаер (зьлева) і Сяргей Лаўроў падчас сустрэчы ў Маскве 18 лістапада 2014 году

Міністар замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў, што мае намер сустрэцца 21 студзеня ў Бэрліне са сваімі калегамі з Украіны, Францыі і Расеі.

У сваёй заяве кіраўнік МЗС Нямеччыны паведаміў, што «галоўнай мэтай цяпер ёсьць прадухіленьне далейшага пагаршэньня ваеннага канфлікту і новай палітычнай эскаляцыі паміж Кіевам і Масквой».

Сустрэча пройдзе ў гэтак званым «нармандзкім фармаце». Апроч Франка-Вальтэра Штайнмаера, у перамовах прымуць удзел Паўло Клімкін, Сяргей Лаўроў і Ляран Фабіюс — кіраўнікі МЗС Украіны, Расеі і Францыі. Апошні раз яны сустракаліся ў такім фармаце 12 студзеня ў Бэрліне.

Цягам апошніх дзён на ўсходзе Ўкраіны адбылася эскаляцыя канфлікту паміж прарасейскімі сэпаратыстамі і ўрадавымі войскамі. Сёньня Расея адхіліла новыя абвінавачаньні Кіева ў тым, што Масква накіравала войскі ва ўсходнюю Ўкраіну. Прадстаўнік міністэрства абароны назваў «абсалютным глупствам» заяву Кіева пра тое, што каля 700 расейскіх вайскоўцаў зьявіліся ў Данбасе.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сёньня заявіў, што краіна мусіць умацоўваць свае ўзброеныя сілы дзеля абароны сувэрэнітэту, а таксама супраць «выклікаў» з боку іншых краінаў, якія могуць быць пагрозаю для Расеі.

XS
SM
MD
LG