Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Доктар Жывага» — зброя ЦРУ


Спэцслужбы ЗША дапамаглі апублікаваць «Доктара Жывага» і іншыя забароненыя ў СССР кнігі.

Лінтан Брукс, вядучы амэрыканскі экспэрт у галіне бясьпекі, у эксклюзіўным інтэрвію Расейскай службе «Голасу Амэрыкі» нядаўна сказаў, што ня варта называць цяперашнія амэрыканска-расейскія адносіны «другой халоднай вайной». Аднак улічваць досьвед першай «халоднай вайны», лічыць Брукс, Злучаным Штатам неабходна. Напэўна таму вялікую цікавасьць у спэцыялістаў і грамадзкасьці выклікала канфэрэнцыя, прысьвечаная эпосе, калі ЗША вялі ў дачыненьні да Савецкага Саюзу інтэлектуальную падрыўную дзейнасьць, таемна распаўсюджваючы ў СССР забароненую літаратуру. Пра гэта сьведчаць рассакрэчаныя нядаўна дакумэнты архіву ЦРУ.

Амэрыканскія выведслужбы — гэта ня толькі супэршпіёны і радыёперадатчыкі ў запальнічках. Як распавялі экспэрты, якія мелі наўпроставае дачыненьне да супрацьстаяньня двух сьветаў у гады «халоднай вайны», культурнай атацы на савецкія асновы таксама надавалася значная ўвага. Пачынаючы з канца 50-х гадоў, Цэнтральнае разведнае ўпраўленьне (ЦРУ) курыравала выданьне і дастаўку ў краіны савецкага блёку літаратурных шэдэўраў, забароненых у СССР.

Гаворыць Рос Джонсан, гісторык, пісьменьнік, арганізатар канфэрэнцыі:

«Гэтая праграма дзейнічала да 1991 году і дапамагла нам пакончыць з камунізмам у Савецкім Саюзе. Аднак сёньня па-ранейшаму існуюць краіны з рэпрэсіўнымі рэжымамі, з кантролем над СМІ, і нашы намаганьні па пастаўцы праўдзівай інфармацыі іх жыхарам — вельмі важныя».

Найбольшая ўвага, вядома ж, надавалася творам палітычнага характару. Першай кніжнай ластаўкай стаў раман Барыса Пастэрнака «Доктар Жывага» на расейскай мове. У 1958 годзе Пастэрнак быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй па літаратуры, а раман зрабіў міжнародны фурор. Усьлед за Пастэрнакам па таемных каналах ЦРУ на савецкую прастору пачалі пранікаць раманы і іншых клясыкаў сусьветнай літаратуры: Оруэла, Джойса, Гэмінгуэя, Эліёта. Такое пранікненьне свабоднай думкі ў эпоху да інтэрнэту — цяжка пераацаніць.

Удзельнікі сустрэчы распавялі пра тое, як мініятурныя — 7×10 см — выданьні таемна друкаваліся ў Злучаных Штатах і перапраўляліся ў сьціплую кніжную крамку ў сталіцы Аўстрыі — Вене. А ўжо адтуль, з захаваньнем разнастайных засьцярог, супрацоўнікі заходніх ведамстваў і кур’еры-добраахвотнікі перавозілі іх на той бок «жалезнай заслоны», у Савецкі Саюз і краіны Варшаўскай дамовы.

На думку Пітэра Найрэна, каардынатара гістарычных праектаў, ступень посьпеху такіх праектаў вельмі цяжка вызначыць: «Устаноўка ЦРУ была такая, што праграма ў любым выпадку павінна прынесьці карысьць, незалежна ад таго, ці будзе яна спрыяць значным пераменам у Савецкім Саюзе. Таму што кожны раз, калі вы выкарыстоўваеце літаратуру для таго, каб даць людзям магчымасьць пазнаёміцца з вашым сьветапоглядам і паінфармаваць іх пра тое, да чаго ў іх няма доступу, гэта, вядома ж, карысна і патрэбна».

Так ці інакш, інфармацыйная манаполія КПСС была падарваная. Але арганізатары праграмы ніяк не маглі прадугледзець, што цяпер, амаль чвэрць стагодзьдзя пасьля заканчэньня гэтага праекту ЦРУ, у ім, магчыма, зноў узьнікне патрэба. Нават у эпоху інтэрнэту таталітарныя рэжымы маюць магчымасьць перакрыць людзям доступ да інфармацыі, і веданьне праўды застаецца жыцьцёва важнай неабходнасьцю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG