Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1913 год. Самы пасьпяховы за ўсю гісторыю Расейскай імпэрыі. Растуць надоі, растуць акцыі на біржах, валюта – цьвярдзей няма куды, сяляне дзе-нідзе ўжо ператварыліся ў фэрмэраў, квітнее мастацтва, ёсьць падабенства палітычных партый. Дзейнічаюць нацыянальныя асьветніцкія таварыствы.

Расея «ўстае з калень». Тым ня менш, шмат хто так жыць ня хоча. Сацыялісты бамбяць царскіх чыноўнікаў, нацыяналісты выношваюць пляны сваіх асобных дзяржаваў. Нібыта і жыць стала лепей, а спакою ў дзяржаве ад Віслы да Курылаў няма. «Чаго ім няймецца?» – зьдзіўляецца піцерскі інтэлігент у пятым калене. – «Вялікая імпэрыя дае вялікі спакой. Хочаце разьвіваць беларускую, украінскую, літоўскую мову? Дык ніхто ж не замінае! Але навошта краіну драбіць? Ды і што вы самі адны здолееце?».

У 1913 годзе Янка Купала піша верш «Кажух і вата»:

Заспрачаўся кажух з ватай,

Адагнаўшы згоду,

Хто зь іх лепшы, карысьнейшы,

Хто якога роду.

Вата кажа: «Што ты значыш

Мне, кажух касматы?

Я чужыя знаю землі —

Ты ж — сяло ды хату!»

«Праўда, праўда, — тут гаворыць

Ёй кажух-маруда, —

Я жыхар зусім тутэйшы,

Ты ж адно — прыблуда!»

Купала за сто гадоў прадбачыў зьяўленьне словаў «ватнік», «вата» ў іх цяперашнім значэньні – прыблуда?!

«Што яны самі могуць зрабіць? Куды вы сунецеся, неразумныя!» – адзін зь лейтматываў сучаснай расейскай ідэалёгіі адносна Ўкраіны, ды і ўсіх былых савецкіх рэспублік.

– У нас – Космас! А ў вас – местачковасьць, – піша мне ў камэнтах расеец – абмяркоўваем будучыню Беларусі.

– Наша «местачковасьць» – нам блізкая, бо свая, – адказваю, – а ваш «космас» – нічыйны.

Этымалёгія слова «ватнік» зьвязаная з распаўсюджанай у савецкія часы вопраткай, якую насілі зэкі, вайскоўцы, сяляне і рабочыя: танная куртка і штаны, напханыя ватай. Шэрая маса. На «адной шостай сушы». Тое, што зьвязвае, незалежна ад нацыянальнасьці, месца нараджэньня і веравызнаньня. «Ватнік» – як супрацьстаўленьне чамусьці арыгінальнаму, непаўторнаму – свайму ўласнаму.

Але ў 1913 годзе не было яшчэ ватнікаў – недалёкіх, абмежаваных, бяз роду-племені, якія б запаланілі прастору ад Віслы да Курылаў.

Супадзеньне? Купала пісаў пра іншае? Пра тое самае!

Вось што расказаў мне гісторык мастацтва Сяргей Харэўскі:

– На той час вата была навіною, дарагою рэччу, з Азіі. Адпаведна, ватнікі былі «крутыя»! Была зімовая форма афіцэрская, чынавенская – на ўзбэцкай дарагой ваце. Тады бавоўна была дарагаватым імпартным таварам: з Эгіпту, Індыі ці Штатаў. А «ацечаственнага» азіяцкага было мала й дарагі ён быў з-за вялікае долі ручное працы. Таму сьцёганы форменны фрэнч ці панскі халат на туркестанскі ўзор былі прыкметаю каляніяльнае адміністрацыі.

«…Я жыхар зусім тутэйшы,

Ты ж адно — прыблуда!»

Сэнс мэнтальнага канфлікту той самы: сваё VS панаехалае. «Местачковасьць» VS «Космас».

Панаехалае – як гаспадары, панаехалае – у калёніі.

Я жыва ўяўляю сабе «фэйсбук» 1913 году: галерэя, салон, фае тэатра, кавярня, дзе сутыкаюцца людзі аднаго ўзроўню адукацыі, але розных мэнталітэтаў.

І вось шляхціцу і актывісту нацыянальнага руху пад фужэр шампанскага на прыёме з нагоды прэм’еры ў гарадзкім тэатры (які цяпер Купалаўскі) «ватнік» з брыльянтам на мезенцы даводзіць прыблізна тое, што сёньня ўбіваюць беларусам на «Аднаклясьніках»: вас няма, вас прыдумалі, вы ня бачыце велічы, вы самі нічога ня можаце.

Драма генэрацыі Купалы была ў тым, што пасьля Сусьветнай вайны яны сталі перад выбарам: ці эміграваць, ці супрацоўнічаць з новай «ватай», якая не дарагая, а танная, затое масавая. І якая дазволіла разьвіваць беларускую мову, а пасьля амаль усіх зьнішчыла.

Адрозьненьне нашага часу – мы маем сваю дзяржаву. Сёньня гэта самая галоўная каштоўнасьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG