Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі не разабраліся з формулай Мінгандлю. Просяць тлумачэньняў


Імпартныя тавары паступова зьнікаюць з паліцаў беларускіх крамаў. Гэа выклікана сьнежаньскай забаронай ураду на рост цэн.

Каб неяк урэгуляваць сытуацыю, Міністэрства гандлю і Міністэрства эканомікі ўхвалілі рэкамэндацыі па фармаваньні цэнаў на імпарт, згодна зь якімі на замежныя тавары, набытыя пасьля 18 сьнежня, дапускаецца павелічэньне адпускной цаны.

Але формула павелічэньня вельмі складаная: паводле дакумэнта цэны на імпартныя тавары не павінны быць больш як на 1 працэнт вышэйшыя за зьмены курсу беларускага рубля да курсу замежнай валюты на дату пастаноўкі на ўлік тавараў. Пры гэтым атрыманую цану трэба яшчэ зьменшыць на 5%, а рэнтабэльнасьць продажаў павінна складаць ня болей за 3%.

Старшыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальнікаў Віктар Маргелаў у інтэрвію Свабодзе зазначыў, што ў яго і ягоных калег шмат пытаньняў да рэкамэндацыяй,я кія сумесна далі Міністэрства гандлю і Міністэрства эканомікі.

«Яно выклікае неадназначнае трактаваньне. І дзелавая супольнасьць ужо зьвярнулася ў Міністэрства гандлю з просьбай правесьці тэрміновую нараду, каб расставіць кропкі над „і“: як гэта павінна выконвацца. Гэта першае пытаньне. А другое — калі мы пяройдзем на нармальны рэжым працы і што для гэтага будуць рабіць.

Тым ня менш цяпер відавочна, што ў сувязі з адсутнасьцю пэўнай мэтодыкі — якім чынам падлічыць рэнтабэльнасьць продажаў, — я мяркую, што суб’екты гаспадараньня ўжо будуць уздымаць цэны. Так што варта гэтага чакаць».

У харчовых крамах ужо заўважны дэфіцыт імпартных тавараў, у прыватнасьці садавіны й гародніны. У Менску ў гандлёвай сетцы «Гіпа» зьніклі памідоры, перац, а гішпанскія мандарыны, якія яшчэ тыдзень таму прадаваліся па 13 тысяч, каштуюць цяпер 19 900. У «Кароне» ізраільскі перац зьявіўся, але па цане 54 тысячы за кіляграм (яшчэ пару тыдняў таму ён каштаваў 32 тысячы).

Цэны будуць расьці прапарцыйна росту курсу валют, мяркуе Віктар Маргелаў:

«Зь невялікім адставаньнем на першым этапе. А потым гэта будзе ўжо кампэнсавана, калі здымецца абмежаваньне. Умоўна кажучы, калі не на 30%, то на 25% цэны на імпартныя тавары павінны ўзрасьці»

XS
SM
MD
LG