Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Гарановіч, дырэктар школы, які стварыў выспу Беларусі


Віталь Гарановіч

Віталь Гарановіч

7.1.1952, в. Ермакі, Маладэчанскі раён — 17.4.2012, Глыбокае. Пахаваны ў в. Рабунь, Вілейскі раён​.

Уявіце сабе, што вы зайшлі ў школу, а там усё па-беларуску: шыльдачкі на кабінэтах, абвесткі, клясныя насьценгазэты, расклад урокаў... Па-беларуску гавораць і сустрэтыя ў калідоры дзяўчаткі, і выкладчыкі ў настаўніцкай, і дырэктарская сакратарка і, вядома, сам дырэктар, які радасна паціскае вам руку і запрашае перад выступам на гарбату з свойскімі прысмакамі, ад якіх разьбягаюцца вочы. Такая вось выспачка той Беларусі, якой яна магла б стаць.

Магла б... А сярэдняя школа № 3 у Глыбокім такою і стала. І заставалася, пакуль дырэктарам там быў ён, Віталь Гарановіч. Выкладчык беларускай мовы і літаратуры, паэт, патрыёт гораду і краіны, які ганарыўся, што ягоныя выхаванцы былі ў 2006-м на Плошчы, сядзелі «суткі» ў менскай турме на вуліцы Акрэсьціна, выходзілі адтуль яшчэ больш перакананымі ў сваёй праўдзе.

Я тройчы выступаў у яго школе і заўсёды вяртаўся дадому з адчуваньнем ня проста недарэмна пражытага дня, а з тым пачуцьцём, якое грэе душу, напрыклад, пасьля новага напісанага апавяданьня.

Бывае — каб разварушыць санлівую вучнёўскую аўдыторыю — даводзіцца абвяшчаць конкурс на самае цікавае пытаньне, а калі і гэта не дапамагае, выдумляць такія пытаньні самому. У Глыбокім усё было наадварот: каб паспрабаваў там правесьці яшчэ і свой выратавальны конкурс, ніколі не пасьпеў бы на апошні менскі аўтобус.

Дарэчы, пра гэты аўтобус. Праводзячы мяне назад у сталіцу (хоць мы зь ім былі абсалютна згодныя ў тым, што сталіцы і правінцыі — у нашай душы), спадар Віталь, быццам старэйшы брат, абавязкова ў астатні момант даваў мне ў рукі важкаватую торбу, у якой я знаходзіў потым колькі бляшанак славутай глыбоцкай згушчонкі, пару вялізных вяленых ляшчоў, духмяныя каралі з сушаных баравікоў...

Апошняя, відаць, ува ўсёй Віцебскай вобласьці сапраўды беларуская гарадзкая школа (ды яшчэ з паглыбленым вывучэньнем ангельскай, францускай і, натуральна, беларускай моваў, а таксама матэматыкі) зрабілася бяльмом на воку «обрусителям» рознага рангу.

Супраць дырэктара Гарановіча пачалася ціхая і подлая вайна. Пайшлі праверкі. Аднекуль зьявіліся бацькі, якія патрабавалі стварыць у СШ № 3 расейскамоўныя клясы, нібыта ўсе астатнія глыбоцкія школы не былі расейскімі. Пра многае дырэктар не хацеў казаць нават сябрам.

Калі ён напісаў заяву пра сыход паводле ўласнага жаданьня, у гэтае жаданьне ніхто не паверыў.

Ці трэба казаць, што школу хуценька перарабілі на расейскую?

Пасьля разьвітаньня з улюбёнай справай ён працаваў у раённым прафсаюзе работнікаў адукацыі. Былога дырэктара змушалі напісаць яшчэ адну заяву — пра выхад зь «нехарошага і нячэснага» Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і пераход у саюз надзейны і правільны, што падкрэсьлівае кіраваньне ў ім былога міліцэйскага генэрала.

Гарановіч наадрэз адмовіўся.

За некалькі дзён да яго сьмерці каля школы сьпілавалі вячыстыя таполі, пад якімі хадзілі, хаваліся ад вясновых залеваў, прызначалі спатканьні многія пакаленьні выпускнікоў. Кажуць, гэта было выпадковае супадзеньне, але шмат каму тут бачыцца змрочны сымбаль.

Ці гучаць цяпер на школьных вечарынах напісаныя на вершы Віталя Гарановіча «Глыбоцкі вальс» і «Глыбоцкае танга»? Ці адбудзецца ў школе прэзэнтацыя прысьвечанай яго памяці кнігі «Пагавары са мной»?

Уладзімер Арлоў падрыхтаваў да друку трэцяе выданьне сваёй вядомай кнігі «Імёны Свабоды», якая ўпершыню пабачыла сьвет у 2007-м у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХI стагодзьдзе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG