Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Армэніі сёньня пахаваюць немаўля, забітае расейскім салдатам


У ерэванскім мэдыцынскім цэнтры памёр шасьцімесячны Сярожа Авецісян, апошні з сям’і, забітай у армянскім горадзе Гюмры. Сёньня яго пахаваюць. Улады чакаюць новых пратэстаў.

Сваю сям’ю хлопчык перажыў толькі на тыдзень. У чаканьні аднаўленьня дэманстрацый у горадзе, Міністэрства ўнутраных спраў Армэніі ўвяло ў Гюмры дадатковыя войскі. У забойстве сям’і прызнаўся расейскі салдат Валерый Пермякоў, які дэзэртаваў з разьмешчанай у Армэніі расейскай вайсковай базы і быў затрыманы пры спробе перасекчы мяжу з Турцыяй.

Стан 6-месячнага Сярожы пагоршыўся яшчэ ў нядзелю ўвечары. На сёмы дзень барацьбы у яго ўзмацнілася нырачная і сардэчная недастатковасьць і хлопчык памёр.

Міністэрства аховы здароўя Армэніі заявіла, што «нягледзячы на працяглыя і бесперапынныя намаганьні вядучых мясцовых і замежных спэцыялістаў па правядзеньні рэанімацыйных захадаў, палепшыць жыцьцёвыя паказчыкі дзіцяці не ўдалося, разьвілася сардэчна-сасудзістая, лёгачная і нырачная недастатковасьць: адбыліся незваротныя зьмены, што прывяло да сьмерці».

Прэзыдэнт Армэніі Серж Саргсян выказаў спачуваньні пасьля сьмерці хлопчыка:

«Згасла сьвятло, якое было адзіным суцяшэньнем для нас пасьля разьні ў Гюмры, якое пакідала надзею зрабіць штосьці, каб хоць неяк вярнуць навекі страчанае. На жаль, не атрымалася, нягледзячы на ўсе магчымыя і немагчымыя намаганьні, не атрымалася», — напісаў ён у тэлеграме.

Раней Саргсян меў тэлефонную размову з расійскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, які выказаў спачуваньні сваякам загінулых, а таксама ўсяму армянскага народа. Паводле яго слоў, ён упэўнены, што ўсе неабходныя сьледчыя дзеяньні будуць праведзены як мага хутчэй, а вінаватыя будуць пакараныя па законе.

У чаканьні аднаўленьня дэманстрацый пратэсту з патрабаваньнем выдачы забойцы армянскаму правасудзьдзю Міністэрства ўнутраных спраў Армэніі ўвяло дадатковыя войскі ў горад Гюмры. На відэа, зьнятым армянскай службай Радыё Свабода, у прыватнасьці, відаць дзевяць міліцэйскіх аўтобусаў, якія прыбываюць у горад.

Расейскага салдата радавога Валерыя Пермякова, падазраюць у тым, што ён забіў шасьцярых членаў сям’і Авецісян — бабулю, дзядулю, іх сына, дачку, нявестку і двухгадовую ўнучку. Злачынец застрэліў іх з аўтамата, а калі той адмовіў, штыком нанёс цяжкія траўмы шасьцімесячнаму Сярожы, які памёр праз тыдзень.

Пермякоў, які служыў на расейскай базе ў Гюмры, прызнаўся ў гэтым злачынстве пасьля таго, як яго затрымалі расейскія памежнікі пры спробе перасячы мяжу з Турэччынай.

Рашэньнем расейскага суд ён быў арыштаваны. Яму прад’яўлена абвінавачаньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Расеі — дэзэрцірства са зброяй і забойства. Аднак Армэнія, тым часам, праводзіць уласнае расьсьледаваньне.

Генпракурор Армэніі Геворк Костанян падчас прэсавай канфэрэнцыі падкрэсьліў, што пытаньне перадачы Пермякова не абмяркоўваецца, паколькі ён ужо знаходзіцца на тэрыторыі Армэніі, хоць і пад юрысдыкцыяй расейскага боку.

Аднак, генпракурор так і не прадставіў выразнага адказу пра тое, якая краіна будзе судзіць абвінавачанага.

Падчас акцый у сталіцы Армэніі, Ерэване, 15 студзеня пратэстоўцы, якія патрабавалі выдачы Пермякова армянскай ўладзе, ўступілі ў бойку з паліцыяй, якая перашкодзіла ім спаліць расійскі сьцяг перад пасольствам Расеі. Двое ўдзельнікаў былі затрыманыя — адзін зь іх кінарэжысэр Тыгран Хзмалян.

Губэрнатар Шыракскай вобласьці Армэніі Фелікс Цакалян заявіў, што згодны з патрабаваньнем дэманстрантаў выдаць Пермякова армянскай ўладзе, але настойвае на мірным дыялёгу:

«Я далучаюся да патрабаваньня, таму што мы патрабуем справядлівага судовага разбору, патрабуем, каб мы правялі гэтае судовае разьбіральніцтва, але ўсё павінна быць зроблена з розумам і са сфармуляванымі пісьмова патрабаваньнямі», — сказаў ён.

Але пратэстоўцы сёньня патрабуюць ня толькі выдачы расейскага салдата мясцоваму правасудзьдзю, але і ставяць пытаньне аб тым, чаму Армэнія да гэтага часу мірыцца з прысутнасьцю расійскіх ваенных баз на сваёй тэрыторыі, у той час, як суседзі пазбавіліся іх пасьля атрыманьня незалежнасьці ад Савецкага Саюза.

Экспэрт па ваенных пытаньнях, загадчык аддзела Каўказа расійскага Інстытута краін СНД Уладзімір Яўсееў сказаў, што для Расіі гэтая база мае выключна важнае геастратэгічнае становішча.

«Я лічу, што першае, што павінна зрабіць Расея — гэта адмовіцца ад выкарыстаньня прызыўнікоў на гэтай базе. Другое, я лічу, што кантрактнікі — салдаты і сяржанты — павінны набірацца з армян», — сказаў ён.

XS
SM
MD
LG