Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя ахвяры і ўзаемныя абвінавачаньні на ўсходзе Ўкраіны


Данецкі шпіталь пасьля абстрэлу 19 студзеня

Данецкі шпіталь пасьля абстрэлу 19 студзеня

Масква і Кіеў 19 студзеня абмяняліся абвінавачваньнямі ў эскаляцыі ваенных дзеяньняў на ўсходзе Украіны. Тым часам праваабаронцы кажуць пра ахвяры сярод мірнага насельніцтва.

Абодва бакі абвінавачваюць адно аднаго ў ігнараваньні заклікаў паважаць перамір’е.

Намесьнік міністра замежных спраў Расеі Грыгорый Карасін абвінаваціў Кіеў у спробе вырашыць канфлікт з дапамогай ваеннай сілы і папярэдзіў пра «незваротныя наступствы для ўкраінскай дзяржаўнасьці».

Тым часам прадстаўнікі арміі Ўкраіны заявілі, што 19 студзеня каля 700 расейскіх вайскоўцаў увайшлі на ўкраінскую тэрыторыю, каб падтрымаць прарасейскіх сэпаратыстаў.

Абодва бакі супрацьстаяньня таксама заяўляюць, што кантралююць тэрыторыю данецкага аэрапорту. Нягледзячы на праваслаўнае сьвята Вадохрышча, сёньня там не сьціхалі выбухі снарадаў. Украінская ваенныя сьцьвярджаюць, што ўкраінскія войскі вярнулі сабе амаль цалкам тую тэрыторыю разбуранага аэрапорту, якую былі захапілі сэпаратысты. У сваю чаргу адзін зь лідэраў гэтак званай «Данецкай народнай рэспублікі» Аляксандр Захарчанка заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што «ўсе спробы ўкраінскага войска ўзяць аэрапорт праваліліся».

Прадстаўнік прэзыдэнта Расеі заявіў, што прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка адхіліў мірныя прапановы Уладзіміра Пуціна, накіраваныя Кіеву 15 студзеня. 19 студзеня Парашэнка зноў заявіў, што гатовы да мірных перамоваў, але што Расеі спачатку трэба выканаць пагадненьня па спыненьні канфлікту, падпісаныя ў Менску ў верасьні мінулага года.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заявіла 19 студзеня, што эскаляцыя ваенных дзеяньняў ва ўсходняй Украіне ад 18 студзеня прывяла да шматлікіх ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва, уключаючы дзяцей, і паставіла мірных жыхароў у вялікую небясьпеку. Паводле «Міжнароднай амністыі», прарасейскія сэпаратысты выкарыстоўвалі густанаселеныя раёны для ваенных апэрацый, і ў выніку ўкраінскія войскі абстрэльвалі гэтыя раёны.

У Брусэлі кіраўніца зьнешнепалітычнага ведамства Эўразьвязу Фэдэрыка Магерыні сказала, што сытуацыя на месцах ва Ўкраіне «нашмат горшая, чым на мінулым тыдні», і выключыла магчымасьць паслабленьня эўрапейскіх санкцый супраць Расеі да таго як Масква выканае менскія дамовы.

Злучаныя Штаты і Эўрапейскі зьвяз увялі эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да Расеі пасьля анэксіі Крыму ў сакавіку мінулага году. Захад таксама абвінавачвае Расею ў адпраўцы войскаў і ўзбраеньняў ва ўсходнюю Ўкраіну, каб падтрымаць сэпаратыстаў. Масква адмаўляе свой ўдзел у канфлікце.

XS
SM
MD
LG